ТЭМА 15. ЗМЕНЫ Ў ДЗЯРЖАЎНА-ПАЛІТЫЧНЫМ ЛАДЗЕ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ЎВАХОДЖАННЯ ЯЕ Ў СКЛАД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (КАНЕЦ XVIII ст. – 50-я гг. XIX ст.)
1 ПАЛІТЫКА ЦАРЫЗМУ НА БЕЛАРУСІ Ў КАНЦЫ XVIII - ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX стст. КАНФЕСІЙНАЯ ПАЛІТЫКА РАСІЙСКАГА ЎРАДА Ў БЕЛАРЎСІ. Пасля ўключэння ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі царскі ўрад праводзіў тут цэнтралісцкую аб'яднальную палітыку, яе канчатковай мэтай было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі. З канца XVIII і да пачатку XX ст. у залежнасці ад абставін мяняліся толькі тактыка, тэмпы і метады ажыццяўлення гэтай палітыкі. Адбывалася пераарыентацыя палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Беларусі на Усход. На тэрыторыю Беларусі была распаўсюджана ўлада агульнарасійскіх адміністрацыйных органаў і ўстаноў. У краі пачалі дзейнічаць намесніцкія, а пасля губернскія ўпраўленні, царскія суды і інш. У пачатку XIX ст. беларускія землі з больш чым трохмільённым насельніцтвам увайшлі ў склад Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 г. паміж Францыяй і Расіяй да апошняй адышла Беласточчына, уключаная ў 1843 г. у Гродзенскую губерню. З палітычных меркаванняў Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Царскі ўрад, які быў вымушаны лічыцца з істотнымі адметнасцямі дзяржаўна-прававога становішча далучаных зямель, у якасці іх асноўнага заканадаўчага кодэкса спачатку пакідаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Мясцовыя жыхары мелі магчымасць займаць другарадныя пасады ў губернска-павятовай адміністрацыі. У сваёй саслоўнай палітыцы ўрад імкнуўся перш за ўсё задобрыць шляхту. Для гэтага ёй даваліся правы расійскага дваранства. За шляхтай захоўваліся, пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расіі, маёнткі з сялянамі. Разам з тым, у апошняй трэці XVIII ст. на тэрыторыях, якія адышлі да Расійскай імперыі паводле трох падзелаў Рэчы Паспалітай, царскі ўрад актыўна праводзіў палітыку насаджэння землеўладання рускага дваранства і стварэння тым самым апоры ў захопленым краі. Прыватнай маёмасцю расійскіх землеўласнікаў станавіліся сяляне і землі былых каралеўскіх эканомій і старостваў, канфіскаваных маёнткаў свецкіх і царкоўных феадалаў, якія засталіся за мяжой ці выступілі супраць новай улады. Усяго на тэрыторыі Беларусі Кацярына II і Павел I падаравалі ў прыватнае спадчыннае ўладанне больш за 200 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ. Па колькасці падараваных сялян можна вызначаць уплыў пры двары і блізкасць да прастола тых ці іншых асоб. Да 15 тысяч сялян (душ мужчынскага полу) атрымаў фаварыт імператрыцы Р. Пацёмкін, амаль 17 тысяч - генерал-фельдмаршал П. Румянцаў-Задунайскі, да 7 тысяч - генерал-фельдмаршал А. Сувораў (Кобрынская воласць). Пашырэнне і ўмацаванне памеснага прыгоннага права здавалася расійскаму ўраду лепшым гарантам супраць паўтарэння "пугачоўшчыны" і распаўсюджвання "якабінства". Прыгонніцтва на Беларусі ўзмацнялася і пашыралася з прычыны запісу за землеўласнікамі часткі былых прывілеяваных і адносна свабодных катэгорый сельскага насельніцтва (зямянаў, выбранцаў, панцырных баяр, "вольных" людзей і інш.). Беларускія сяляне, як і іншыя падатковыя саслоўі, цікавілі ўлады Расійскай імперыі перш за ўсё як аб'екты феадальнай эксплуатацыі і папаўнення даходаў казны. З-за слабай плацежаздольнасці і неабходнасці паступовага прызвычайвання да расійскай падатковай сістэмы ім некаторы час аказвалі льготы ва ўплаце падушных грошай, пасля чаго насельніцтва беларускіх губерняў было падведзена пад агульны тып падатковага абкладання ва ўсёй імперыі. Уводзілася невядомая дасюль рэкруцкая павіннасць. На Беларусі скасоўвалася магдэбургскае права, а на гарады, якія яго мелі, і мястэчкі, прызнаныя цэнтрамі паветаў, пашыраліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання паводле даравальнай граматы гарадам 1785 г. Жыхары шэрагу мястэчак, якія такіх правоў не атрымалі, прыраўноўваліся да сялян і нават раздаваліся прыватным уладальнікам. Гэта выклікала іх упартую, праўда, без жаданых вынікаў, барацьбу за вяртанне мяшчанскага статусу. Для яўрэйскага насельніцтва, якое пражывала ў гарадах, указам 1794 г. вызначалася мяжа яўрэйскай аседласці, якая ўключала беларускія, літоўскія і частку ўкраінскіх губерняў. Каб супакоіць мясцовую знаць, у цэлым захоўвалася канфесійная сітуацыя, якая склалася раней. Нават забаронены Папам Рымскім ордэн езуітаў знайшоў да 1820 г. прытулак на далучаных да Расіі землях усходняй Беларусі. Афіцыйна каталіцкаму і уніяцкаму духавенству не дазвалялася схіляць у сваю веру праваслаўных. Наступным крокам царскага ўрада стаў распрацаваны пасля паўстання 1830-1831 гг. канкрэтны план поўнага зліцця забраных ад Рэчы Паспалітай зямель з усёй тэрыторыяй Расіі пад сцягам праваслаўя і адзінай рускай народнасці. Важнейшым мерапрыемствам у гэтым кірунку было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства і адмена 25 чэрвеня 1840 г. дзеяння Статута Вялікага княства Літоўскага ў беларускіх губернях. Цэлы комплекс мерапрыемстваў ажыццяўляўся для папярэджвання магчымых шляхецкіх выступленняў, сярод якіх галоўнае месца займаў так званы "разбор" шляхты. Гэта працэдура ўяўляла сабой праверку дакументаў аб дваранскім паходжанні і перавод на гэтай аснове часткі шляхты ў падатковае саслоўе: аднадворцаў - у сельскай мясцовасці і грамадзян - у гарадах. Дваранскага звання пазбаўляліся звычайна дробныя, беспамесныя шляхцічы. Адным з найважнейшых напрамкаў урадавай палітыкі стала барацьба супраць уплыву каталіцкай царквы, што змыкалася са шляхецкай апазіцыяй. Урад ішоў па лініі змяншэння колькасці каталіцкага духавенства і падрыву яго эканамічнай базы. Ліквідацыі падлягалі некамплектныя каталіцкія манастыры, у дзяржаўную маёмасць перадаваліся маёнткі духавенства. Да сярэдзіны 40-х гг. секулярызацыя царкоўных уладанняў была ў асноўным завершана, у выніку чаго дзяржаўнае сялянства беларускіх губерняў папоўніла каля 100 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ. Ва ўмовах небяспекі антыўрадавых змоў і выступленняў важнейшым фактарам палітычнай стабільнасці ў рэгіёне лічылася праваслаўнае яднанне афіцыйных улад і народа з мэтай ізаляцыі паўстанцаў-каталікоў. Гэта прадвызначыла лёс уніяцкай царквы, да якой напрыканцы XVIII ст. належала больш 2/3 насельніцтва і ў якой яшчэ захоўваліся ранейшыя беларускія праваслаўныя традыцыі, што не дазволіла ёй зліцца з царквой рымска-каталіцкай. У 30-я гг. XIX ст. улады схіляюць на свой бок вышэйшае уніяцкае духавенства на чале з літоўскім епіскапам Іосіфам Сямашкам. 12 лютага 1839 г. на саборы ў Полацку прымаецца рашэнне аб далучэнні уніяцкай царквы да рускай праваслаўнай. Аб метадах "уз'яднання" уніятаў сведчаць успаміны віцябчаніна Максіміліяна Маркса, у будучым актыўнага ўдзельніка расійскага рэвалюцыйнага руху. У адной з вёсак пад Віцебскам ён назіраў, як тых сялян, што згаджаліся "пераварочвацца", заахвочвалі гарэлкай, а для тых, хто адмаўляўся, былі падрыхтаваны бізуны. Ліквідацыя уніяцкай канфесіі суправаджалася знішчэннем яе шматлікіх культурных каштоўнасцяў, спальваннем богаслужэбнай літаратуры. З гэтага часу на нашай зямлі запанавала рускае праваслаўе, але многія з былых уніятаў працягвалі тайна трымацца сваіх ранейшых традыцый. Дзеля русіфікацыі заахвочваўся пераезд на Беларусь рускіх чыноўнікаў і абмяжоўваўся доступ да заняцця дзяржаўных пасад мясцовых ураджэнцаў. Рабіліся спробы перасялення рускіх праваслаўных сялян і інш. Уніфікатарская дзейнасць царскіх улад хоць і мела вынікі, але не магла хутка ліквідаваць асаблівасці беларускіх зямель і выкараніць тут апазіцыйныя настроі.
2 БЕЛАРУСЬ Ў ВАЙНЕ 1812 г. Палітычныя і эканамічныя супярэчнасці паміж буржуазнай Францыяй і феадальнай Расіяй прывялі гэтыя дзяржавы да вайны. Генерал Напалеон Банапарт, які праявіў сябе як буйны военачальнік на завяршальным этапе французскай рэвалюцыі, у 1799 г. стаў першым консулам, а ў 1804 г. - імператарам Францыі. Ён устанавіў дыктатуру, абапіраўся на буйную буржуазію, армію, паліцыю і чыноўнікаў. У выніку абарончыя войны часоў рэвалюцыі ператварыліся ў захопніцкія імперыялістычныя войны Французскай імперыі. З пашырэннем агрэсіі выспявалі планы еўрапейскага, а затым і сусветнага панавання. У войнах пачатку XIX ст. Напалеон разграміў Прусію, Аўстрыю, Італію, Галандыю і падпарадкаваў іх сваёй уладзе. На шляху да абсалютнага панавання ў Еўропе стаялі Расія і Англія. У лістападзе 1806 г. французскія войскі занялі "прускую" частку Польшчы, дзе было створана так званае Княства Варшаўскае. За падзеямі, якія там адбываліся, уважліва сачыла вышэйшае саслоўе заходніх губерняў Расійскай імперыі. Многія памешчыкі, якія лічылі сябе палякамі, рушылі праз мяжу, разлічвалі на атрыманне дзяржаўных пасад. Распачаўся прыток у польскія войскі шляхецкай моладзі з Беларусі. Расійскі імператар Аляксандр I разлічваў адцягнуць памешчыкаў заходніх губерняў ад Напалеона палітычнымі контркрокамі ў "польскім пытанні". Ён заявіў аб сваім жаданні аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае княства Літоўскае. Па даручэнні імператара ў 1811 г. князі М. Агінскі, К. Любецкі і граф Л. Плятэр склалі праект "Палажэння аб праўленні аўтаномным Вялікім княствам Літоўскім", якое павінна было ахапіць усе тыя тэрыторыі, што дасталіся Расіі ад былой Рэчы Паспалітай у 1772-1807 гг. У процівагу канстытуцыі Варшаўскага герцагства таксама прапаноўвалася паступовае, на працягу дзесяці гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак ажыццяўленне праекта адкладвалася і зацягвалася: кансерватыўна-нацыяналістычныя сілы ў вышэйшым расійскім кіраўніцтве бачылі ў ім спробу расчлянення і аслаблення імперыі. 12 чэрвеня 1812 г. армія Напалеона пераправілася праз Нёман у раёне Коўна і ўварвалася ў межы Расійскай дзяржавы. "Вялікая армія" мела ў прыграніччы амаль трохразовую колькасную перавагу над расійскімі войскамі. Яна складалася з прадстаўнікоў многіх падпарадкаваных Францыі народаў Еўропы. З імі таксама ішлі палкі, сфарміраваныя з перайшоўшых на бок Напалеона шляхцічаў з Літвы і Беларусі. Толькі князь Дамінік Радзівіл за свой кошт выставіў трохтысячны ўланскі полк, які ўжо 16 чэрвеня першым урачыста ўступіў у Вільню. Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. 1-я і 2-я расійскія арміі, размешчаныя паасобку (адпаведна каля Вільні і Ваўкавыска), адступалі ад заходніх граніц з мэтай злучэння. У чэрвені-ліпені адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Полацкам і ў іншых месцах. Расійскія арміі змаглі аб'яднацца толькі пад Смаленскам, адкуль пасля генеральнай бітвы 4-5 жніўня працягвалі адступаць, каб зберагчы асноўныя сілы. У Віцебску Напалеон перагледзеў свой першапачатковы план дайсці да Смаленска і ўпарадкаваць занятую краіну, а прыняў рашэнне неадкладна рухацца далей, на Маскву. Амаль уся Беларусь, апрача паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Напалеон тут знайшоў нямала прыхільнікаў сярод тых шляхціцаў, якія шчыра паверылі ў яго абяцанні адрадзіць былую дзяржаўнасць і таму сустракалі французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. 19 чэрвеня 1812 г. у Вільні была створана Часовая камісія ўрада Вялікага княства Літоўскага на чале з былым надворным маршалкам ВКЛ і старостам слонімскім Станіславам Солтанам, дзейнасць якой пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае прафранцузскае праўленне. Ад гэтых марыянетачных урадаў патрабавалася перш за ўсё забяспечваць усім неабходным і нават папаўняць рэкрутамі "вялікую армію", што расчароўвала шляхту адносна Напалеона. Частка яе працягвала арыентавацца на Аляксандра I. Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян, якія сталі аб'ектам рэквізіцый і проста рабаўніцтва ваюючых бакоў. Новая ўлада не толькі не адмяніла прыгон, а, больш таго, павялічыла на сваю карысць паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы. Вядомы партызанскія атрады ў Барысаўскім, Дрысенскім, Полацкім паветах і інш. У этнічна рускіх землях напалеонаўская армія адразу ж натыкнулася на ўпарты супраціў усіх станаў грамадства, уключна з дваранамі, што прадвызначыла яе паразу. 26 жніўня 1812 г. адбылася бітва пад Барадзіном, у якой французская армія была знясілена, але працягвала рух наперад і без бою заняла Маскву. Рускі ўрад адмовіўся весці перамовы аб міры, нарошчваючы сваю вайсковую перавагу. У кастрычніку Напалеону прыйшлося адступаць па спустошанай смаленскай дарозе. Адначасова перайшлі ў наступленне расійскія войскі на поўначы і поўдні Беларусі. Тут адбыўся канчатковы разгром французскай арміі. 14-16 лістапада пры пераправе праз раку Бярэзіну каля в. Студзёнка, на поўнач ад Барысава, Напалеон згубіў больш за 20 тыс. чалавек. Далейшае адступленне яго арміі ператварылася ў бязладныя ўцёкі. У перамогу Расіі ўнеслі ўклад і салдаты, рэкрутаваныя з беларускіх губерняў. Некалькі дзесяткаў тысяч іх было ў часцях 1-й арміі і асабліва ў 3-й, 24-й і іншых дывізіях, што вызначыліся ў Барадзінскай бітве. Такім чынам, у барацьбе Расійскай і Французскай імперый за Беларусь (першая - каб утрымаць і працягваць эксплуатаваць нашы землі, а другая - каб перападпарадкаваць іх з той жа мэтай сабе) яе жыхары аказваліся па абодва бакі змагання. Менавіта з гэтай прычыны вайна 1812 г. набывала некаторыя рысы грамадзянскай вайны. Гэта вайна прынесла вялікія спусташэнні Беларусі: шмат загінула людзей, былі разбураны многія гарады і вёскі, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы і зменшыліся пасяўныя плошчы. Вайсковыя дарогі былі ўсеяны трупамі. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 гг. выратавалі народ ад масавага голаду і эпідэмій. Аднак царскі ўрад і ў гэтых умовах працягваў адстойваць прыгонніцкія парадкі. У царскім маніфесце 30 жніўня 1814 г., дзе ў сувязі з заканчэннем вайны дараваліся розныя міласці саслоўям, аб сялянах было сказана наступнае: "Сяляне, верны нам народ, няхай атрымаюць узнагароду сваю ад бога". Што датычыць асоб, якія прынялі бок Напалеона ў гэтай вайне, то Аляксандр I, кіруючыся ваенна-стратэгічнымі і палітычнымі меркаваннямі, схіляўся "к забвению прошедших заблуждений". Маніфестам 12 снежня 1812 г. аб'яўлялася дараванне тым, хто вернецца з-за мяжы ў двухмесячны тэрмін, толькі па сканчэнні гэтага тэрміна іх маёнткі канфіскоўваліся. Супраць Францыі выступілі Прусія, Швецыя, Аўстрыя. Напалеон у бітве пад Лейпцыгам 4-6 кастрычніка 1813 г. ("бітва народаў") пацярпеў паражэнне. Войскі саюзнікаў на чале з Аляксандрам I уступілі ў Парыж. Напалеон адрокся ад прастола і атрымаў у дзяржаўнае ўладанне востраў Эльбу. У сакавіку 1815 г. здолеў аднавіць сваю ўладу, але пасля разгрому французскай арміі 6 чэрвеня пры Ватэрлоо сасланы на востраў Святой Алены. У Францыі была адноўлена дынастыя Бурбонаў і ў цэлым у Еўропе запанавала феадальна-манархічная рэакцыя. Для барацьбы з рэвалюцыйным рухам еўрапейскія манархі па ініцыятыве Аляксандра I стварылі міжнародную арганізацыю - Свяшчэнны Саюз. Разам з тым, буржуазныя парадкі, пашыраныя Напалеонам на заваяваныя тэрыторыі, асабліва ў сферы ўласнасці, поўнасцю выкараніць было немагчыма. Як немагчыма было аднавіць асабістую залежнасць сялян, да прыкладу, у суседніх з Беларуссю польскіх зямлях пасля адмены там прыгоннага права ў 1807 г. Галоўным вынікам вайны для Беларусі было тое, што магчымасць вяртання, у якой бы там ні было форме, ранейшай дзяржаўнасці на беларускія землі была пахавана. Ужо ў сту-дзені 1813 г., калі расійскія войскі перанеслі ваенныя дзеянні за межы сваёй дзяржавы, Аляксандр I у пісьме да Адама Чартарыйскага недвухсэнсоўна заявіў: "Не забывайце, што Літва, Падолле і Валынь дасюль лічаць сябе правінцыямі рускімі і ніякая логіка ў свеце не ўпэўніць Расію, каб яны маглі быць не пад уладараннем Гаспадара Расіі, а пад якім-небудзь іншым".
ЛІТАРАТУРА:
1. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.І.-Мн, 2000. 2. Гісторыя Беларусі: з 1795 г. да вясны 1917 г.: Вуч. дапам./ І.І. Коўкель, І.П. Крэнь, Л.У. Бярэйшык і інш. – Мн.,2001. 3. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі.-Мн., 1994.