ЗМЕСТ Партызанская барацьба на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1944 гг.)
Уводзіны....................................................................................................................3 1. Станаўленне і развіццѐ партызанскага руху на акупанаванай тэрыторыі Беларусі. Арганізацыя і структура...........................................................................5 2. Формы барацьбы партызан супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх баявыя дзеянні. "Рэйкавая вайна" і яе мэты..........................................................11 3.Заключэнне. ........................................................................................................19 4. ЛІТАРАТУРА......................................................................................................20
Уводзіны 22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна – вызваленчая барацьба савецкіх народаў супраць Германіі і яе саюзнікаў. Першы ўдар нямецкай групы армій "Цэнтр" (камандуючы генерал-фельдмаршал Т. фон Бок) быў нанесены па часцях Заходняй асобай ваеннай акругі (камандуючы генерал арміі Дз.Паўлаў), якая размяшчалася пераважна на тэрыторыі Беларусі. Ужо 28 чэрвеня 1941 г. быў захоплены Мінск, а да канца жніўня 1941 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята нямецкімі войскамі. Па распрацаваным нацыстамі плане "ОСТ", які тычыўся Усходняй Еўропы, павінна было быць знішчана і выслана 75 % беларускага насельніцтва, а астатніх планавалася анямечыць і выкарыстоўваць для абслугоўвання нямецкага грамадства, якое павінна было засяліць новыя тэрыторыі. На захопленай тэрыторыі ўсталёўваўся "новы парадак" – сістэма палітычных, ваенных, эканамічных мер, накіраваных на знішчэнне дзяржаўнага ладу і грамадства. Уся ўлада на акупіраванай тэрыторыі належала нямецкай ваеннай і цывільнай адміністрацыі, якая абапіралася на атрады СС, СД, СА, гестапа, крымінальную і ахоўную паліцыю. На захопленай тэрыторыі БССР пражывала каля 9 мільёнаў чалавек. Для масавага знішчэння "непаўнацэннага" (з пункту гледжання акупантаў) насельніцтва будаваліся спецыяльныя месцы прымусовага ўтрымання: на Беларусі налічвалася каля 300 лагераў смерці. Найбуйнейшы – у Малым Трасцянцы – займаў трэцяе месца па колькасці загубленых пасля Асвенціма і Майданака (звыш 200 тыс. чал.). Пад прымусовае пражыванне людзей па расавых, прафесійных, рэлігійных і іншых прыкметах адводзіліся цэлыя гарадскія кварталы – гета. На тэрыторыі нашай рэспублікі дзейнічала толькі 155 гета для яўрэйскага насельніцтва, – ва ўсіх гарадах і мястэчках, дзе пражывалі яўрэі. Акрамя гэтага, татальнаму знішчэнню на ўсёй тэрыторыі СССР падлягалі цыгане, гомасексуалісты, псіхічна хворыя людзі і г.д. Супраць партызан і мірных жыхароў Беларусі было арганізавана, па няпоўных дадзеных, звыш 120 буйных карных экспедыцый, падчас якіх было спалена разам з жыхарамі 628 вёсак.
1. Станаўленне і развіццѐ партызанскага руху на акупанаванай тэрыторыі Беларусі. Арганізацыя і структура. Беларускі партызанскі рух, частка агульнага савецкага партызанскага руху, які дзейнічаў супраць нямецкіх акупацыйных улад і іх саюзнікаў на тэрыторыі БССР у 1941 — 1944 гг. Асноўнымі арганізатарамі партызанскага руху з'яўляліся супрацоўнікі НКУС з аднаго боку і камуністы, беспартыйныя актывісты, былыя салдаты і камандзіры Чырвонай Арміі з другога боку. У развіцці беларускага партызанскага руху можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў:
• Першы этап (чэрвень 1941 - лістапад 1942 г.) — пачатковы перыяд арганізацыі і развіцця партызанскага руху • Другі этап (лістапад 1942 г. - снежань 1943 г.) — перыяд масавага развіцця партызанскага руху • Трэці этап (снежань 1943 - ліпень 1944) — заключны перыяд партызанскага руху.
Сацыяльная база партызанскага руху ў Беларусі ў 1941 наогул адпавядала сацыяльнай базе руху ў іншых рэгіёнах СССР. Першыя атрады ў БССР: "Старасельскі" (кам. маёр Дародных), Жабінкаўскі раён, 23.6.1941; атрад пад кам. В. Каржа, Пінск, 26.6.1941 і інш. Як і наогул у СССР, кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР забрала камуністычная партыя (КП(б)Б). У развіццё дырэктывы ЦК УКП(б) ад 29.6.1941 былі выданыя дырэктывы ЦК КП(б)Б №1 "Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам", у якой ставілася задача тэрміновага стварэння падполля, вызначаліся яго задачы і формы будовы, і наогул, прадугледжвалася, што падпольны і партызанскі рух будуць дзейнічаць пад кантролем заканспіраваных партыйных структур, і №2 "Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага" (1.7.1941), у якой вызначаліся задачы па стварэнні партызанскага руху, даваліся канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, мерах канспірацыі, сродках сувязі і інш. Нарадай ЦК КП(б)Б (1.7.1941) было пастаноўлена скіраваць у германскі тыл 1215 партыйных работнікаў для агітацыі і арганізацыі партызанскага руху. Ствараліся абласныя, міжраённыя і раённыя партыйныя камітэты, тройкі, цэнтры і інш. У 89 раёнах усходніх вобласцяў былі пакінутыя для арганізацыі падпольных партыйных структур 8,5 тыс. камуністаў і больш за 5 тыс. Камсамольцаў. 29 чэрвеня 1941 г. была выдадзена сакрэтная дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б), у якой гаварылася, што «У занятых ворагам раёнах ствараць партызанскія атрады і групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны ўсюдв сквозь. для ўзрыву мастоў, дарог, псавання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпалу складоў і г.д. У захопленых ворагам раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, праследаваць і знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы»[2]. У першым перыядзе вайны, да стварэнняў Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР), партызанскія фарміравання, якія дзейнічалі ў паласах франтоў і армій, мелі розную падпарадкаванасць: імі кіравалі партыйныя (ЦК КП(б)Б, абкамы партыі), ваенныя (ваенныя саветы франтоў і армій, франтавыя штабы партызанскага руху), органы НКУС і г.д. Выконваючы заклік Масквы, партыйныя камітэты БССР на працягу ліпеня — жніўня 1941 г., адначасова з фарміраваннем сеткі падпольных партыйных органаў і арганізацый у раёна, якім пагражала акупацыя, падабралі і накіравалі на акупіраваную тэрыторыю сотні арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху. Для арганізацыйнай барацьбы ў тыле ворага былі накіраваны 215 камуністаў, у т. л. восем сакратароў абкомаў, 120 сакратароў гаркомаў партыі. У тэрміновым парадку ствараліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, невялікія партызанскія атрады. Усяго к канцу 1941 г. было ўтворана 437 такіх груп і атрадаў, якія налічвалі больш за 7,2 тыс. чал. Кіраўніцтва. Ваеннае кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР ажыццяўлялася ЦК КП(б)Б да сакавіка 1942, Паўночна-заходняй аператыўнай групай ЦК КП(б)Б да 30.5.1942, Цэнтральным штабам партызанскага руху (30.5.1942—13.1.1944) і Беларускім штабам партызанскага руху (9.9.1942—14.11.1944). Колькасць. На канец чэрвеня 1941 на акупаванай тэрыторыі БССР дзейнічалі 4 партыз. атрады (без уліку стыхійна ўзніклых партыз. груп), на канец ліпеня — 35, на канец жніўня — 61. Магчыма, што ў БССР за 2-ю палову 1941 былі стыхійна былі створаны каля 60 атрадаў. Пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б за 1941 у БССР былі сфарміраваны ад 250 да 430 арганізатарскіх атрадаў і арганізатарскіх і дыверсійных груп (ад 7,2 да зв.8 тыс.ч.). У канцы 1941 дзейнічалі 99 атрадаў і каля 100 партызанскіх груп. Зімой 1941/1942 дзейнічалі 50 атрадаў і каля 50 падпольных арганізацый і груп. За 1942 ЦК КП(б)Б скіраваў у Беларусь 14 атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 ч.) з выпускаў Асобага беларускага збору. Са спецыяльных школаў ЦШПР (падрыўнікі, радысты, сувязныя, разведчыкі) у Беларусь былі скіраваны 175 дыверсійных груп (2077 ч.). На пач. лістапада 1942 дзейнічалі 417 злучэнняў (зв. 47,3 тыс.ч.), з іх 74% на Віцебшчыне і Міншчыне, а ў заходніх вобласцях некалькі дзесяткаў злучэнняў. На пач. студзеня 1943 дзейнічалі 56 брыгад (220 атрадаў) і 292 асобных атрадаў (у т.л., у заходніх вобласцях 60 атрадаў). Агульная колькасць байцоў 56 тыс.ч. (у т.л., у заходніх вобласцях 11,1 тыс.ч.). У партызанскім рэзерве было 150 тыс. ч. За 1943 у Беларусь былі скіраваны 13 атрадаў і 111 арганізатарскіх і дыверсійных груп (зв.1900 ч.). У ліку прысланых спецыялістаў пераважалі інструктары мінна-падрыўной справы і падрыўнікі. Наогул, колькасны рост за 1943 склаў 96 тыс.ч., з іх 85% складалі мясцовыя жыхары. У колькасны прырост уваходзілі 12 тыс.ч. з акупацыйных ваенна-паліцэйскіх фарміраванняў, якія перайшлі на боку савецкіх партызанаў. У канцы снежня 1943 — 153,7 тыс. байцоў, з іх 36,8 тыс. у заходніх вобласцях. З гэтай агульнай колькасці 30,8 тыс. ужо знаходзіліся на савецкім баку фронту пасля прасоўвання лініі фронту на захад у час вызвалення усходніх земляў Беларусі ў канцы 1943. Партызанскі рэзерв на пачатак 1944 складаў каля 105 тыс.ч. Летам 1942 ЦШПР паставіў партызанскім сілам задачу масавага знішчэння мясцовай адміністрацыі і "здраднікаў". Рэальна ў лік такіх траплялі не толькі работнікі адміністрацыі, але і іх сем'і, вясковыя старасты, школьныя настаўнікі, і нават сяляне, якія ўзялі зямлю пры раздзеле калгасаў — гэтыя катэгорыі склалі да 70% забітых савецкім падполлем і партызанамі цывільных грамадзян. Зазначым, што партызанскую вайну савецкі ўрад аб'явіў у самыя першыя дні нямецкага нашэсця, калі намеры Гітлера адносна занятых тэрыторый СССР былі яшчэ невядомыя. Асабліва гэта тычылася стаўлення Нямеччыны да незалежніцкага руху ў Прыбалтыцы, Беларусі і ва Украіне: ні форма панавання над гэтымі землямі (урады-сатэліты або непасрэднае нямецкае кіраўніцтва), ні гаспадарчая палітыка, і сярод іншых - пытанне аб роспуску або захаванні калгасаў, - нічога не было высветлена загадзя. Няясна было, як пачнуць сябе паводзіць немцы з савецкімі дзеячамі, ваеннапалоннымі і яўрэйскім насельніцтвам. Пытанняў было шмат, і савецкія ўлады напачатку вайны не маглі ўпэўнена прадказаць настрой людзей і іх стаўленне да запланаванага супраціўленчага руху. Такім чынам, партызанская вайна была аб'яўленая без увагі на будучыя паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў і настрой насельніцтва, яна была прадыктавана выключна вайсковымі і палітычнымі задачамі СССР. Беларусь была вельмі важным звяном у агульнай стратэгіі партызанскай вайны. Выключнае значэнне мела яе геаграфічнае становішча. Па-першае, дужа спрыяльныя былі натуральныя варункі: багата лясоў і балот - і, па-другое, тут пралягалі галоўныя шляхі з захаду да Масквы. Пагэтаму невыпадкова ўжо назаўтра пасля выдання дырэктывы ад 29 чэрвеня 1941 г. ЦК КП(б)Б і абласныя партарганізацыі Усходняй Беларусі пачалі стварэнне падполля і партызанскіх атрадаў. Дзеля гэтага ў зоне акупацыі ў ліпені - жніўні засталося 1215 партыйцаў і каля 5 тыс. камсамольцаў, яны атрымалі заданне арганізаваць узброенае супраціўленне. Паводле савецкіх крыніц, у жніўні 1941 г. на тэрыторыі БССР, галоўным чынам ва ўсходніх раёнах, быў створаны 231 партызанскі атрад, а колькасць байцоў дасягала 12 тыс. Пераважна гэта былі чырвонаармейцы - салдаты і камандзіры, што не змаглі прарвацца на ўсход і хаваліся цяпер ад лагернага палону, партыйныя і камсамольскія дзеячы, а таксама іншыя савецкія актывісты. Тым часам лінія фронту аддалялася ўсё далей у маскоўскім напрамку, і дзейнічаць партызанам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Зброі, што выдалі ім з вайсковых складоў улетку 1941 г., не хапала, больш-менш рэгулярныя яе пастаўкі з-за лініі фронту пачаліся толькі ў сакавіку 1942 г. Асабліва цяжка было без сувязі. Да красавіка 1942 г. гэтыя атрады не мелі яшчэ сваіх радыёстанцый, таму немагчыма было наладзіць аператыўны кантакт з камандаваннем Чырвонай Арміі. Такім чынам, некалькі месяцаў партызанскія групы ў Беларусі былі кінутыя на ўласны лёс. Летам і восенню 1941 панеслі значныя страты ад нямецкіх карных акцый, мясцовае насельніцтва, асабліва на вёсцы, таксама не заўсёды аказвала ім падтрымку. Пры такой сітуацыі глыбокай восенню 1941 г. баявая дзейнасць гэтых групаў значна паслабела. У нямецкіх вайсковых і цывільных колах гэта ўспрымалі як канец партызанскага руху, і не толькі з прычын матэрыяльных, але і ідэалагічных - у гэты час нямецкая армія дасягнула ўжо подступаў савецкай сталіцы.
2. Формы барацьбы партызан супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх баявыя дзеянні. "Рэйкавая вайна" і яе мэты. З першых дзён вайны асноўная частка насельніцтва Беларусі стала на шлях барацьбы супраць акупантаў. Гэта была барацьба за свабоду і незалежнасць савецкай Радзімы. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму толькі ўзмацняла нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, супраціўленне станавілася ўсё больш упартым і непрымірымым. Арганізатарамі яго ў пачатковы перыяд вайны былі не толькі дзяржаўныя і партыйныя органы, кіруючыя партработнікі, але і радавыя грамадзяне рэспублікі. Партызанскія атрады і групы часта ўзнікалі на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў, аснову многіх партызанскіх падраздзяленняў складалі камандзіры і байцы Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле гітлераўскіх войск. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў сфарміраваны і ўступіў у барацьбу з ворагам Пінскі партызанскі атрад, які ўзначаліў В.З. Корж. У гэты ж час пачаў дзейнічаць атрад пад кіраўніцтвам Ц.П. Бумажкова і Ф.І. Паўлоўскага ў Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. У ліпені 1941 г. рабочыя кардоннай фабрыкі ў пасёлку Пудаць Суражскага раёна Віцебскай вобласці стварылі атрад, які ўзначаліў дырэктар фабрыкі М.П. Шмыроў (бацька Мінай). На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Важную ролю ў станаўленні і ўмацаванні падполля і партызанскага руху адыгралі першыя падпольныя партыйныя камітэты: Пінскі, Гомельскі і Мінскі абкомы, Мінскі і Гомельскі гаркомы, Багушэўскі, Барысаўскі, Ельскі, Лоеўскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Расонскі, Рудзянскі, Чэрыкаўскі, Чырвонаслабодскі і іншыя райкомы. Гераічнай і трагічнай старонкай ў гісторыю барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў увайшло Мінскае падполле, арганізатарамі якога былі І.К. Кавалёў, І.П. Казінец, У.С. Амельянюк, І.І. Матусевіч і інш. З першых дзён акупацыі Мінска, які гітлераўцы ахрысцілі “страляючым горадам”, падпольшчыкі ажыццяўлялі дыверсіі на чыгуначным вузле, прадпрыемствах і ў фашысцкіх установах, збіралі і перадавалі цераз сувязных у партызанскія атрады зброю, медыкаменты, звесткі аб руху нямецкіх ваенных эшалонаў, планы размяшчэння ваенных аб’ектаў у горадзе і г.д. Самаахвярна змагаліся з ворагам падпольшчыкі Магілёва, Віцебска, Оршы, Жлобіна, Брэста, Гродна і іншых гарадоў і пасёлкаў рэспублікі. Да канца 1941 г. у Беларусі, паводле няпоўных даных, былі арганізаваны і дзейнічалі 247 партызанскіх атрадаў і падпольных груп. Аднак у першыя месяцы вайны партызаны не мелі патрэбнай падрыхтоўкі, матэрыяльнага забеспячэння, узаемадзеяння з вайсковым камандаваннем і г.д. Вялікі ўплыў на ўздым народнага руху супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў аказала бітва пад Масквой. Контрнаступленне савецкіх войск пад Масквой перайшло ў агульнае наступленне па ўсяму фронту і працягвалася да красавіка 1942 г. У канцы 1941 г. – пачатку 1942 г. савецкія войскі выйшлі да граніцы Беларусі, і з імі на Віцебскім напрамку ў непасрэднае ўзаемадзеянне ўступілі партызанскія атрады Я.З. Захарава, Д.Ф. Райцава, М.П. Шмырова і інш. У выніку сумесных дзеянняў часцей Чырвонай Арміі Калінінскага фронту і партызанскіх атрадаў быў вызвалены тракт Усвяты–Сураж і ўтвораны 40-кіламетровы праход у лініі нямецкага фронту (“Суражскія”, альбо “Віцебскія”, вароты). Цераз іх на акупіраваную ворагам тэрыторыю з Вялікай зямлі накіроўваліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, узбраенне, боепрыпасы і інш. Расла колькасць і актыўнасць народных мсціўцаў. Гэта дало магчымасць на базе асобных атрадаў стварыць буйныя партызанскія фарміраванні – брыгады і злучэнні, баявыя дзеянні якіх каардынаваліся з войскамі Чырвонай Арміі. Для кіраўніцтва ўсімі партызанскімі сіламі краіны пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны ад 30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў сакратар ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнка. Некалькі пазней былі арганізаваны Беларускі, Украінскі і іншыя штабы партызанскага руху. Удасканальвалася і аператыўнае кіраўніцтва падпольнымі арганізацыямі і партызанскімі фарміраваннямі. У савецкім тыле была створана спецыяльная школа (Асобы беларускі збор) для падрыхтоўкі падпольшчыкаў і партызан. Важную ролю ва ўмацаванні шэрагаў партызан адыграла “Партызанская прысяга”, тэкст якой быў зацверджаны ЦК КП(б)Б у маі 1942 г. У рабоце сярод насельніцтва вялікае значэнне надавалася сродкам масавай інфармацыі і распаўсюджванню цэнтральных газет, зводак Саўінфармбюро, выданню падпольных газет і лістовак. У маі 1942 г. мінскія падпольшчыкі выпусцілі першы нумар газеты “Звязда”. У пачатку 1943 г. было адноўлена выданне “Звязды” як цэнтральнага органа КП(б)Б. Усяго ў акупіраванай Беларусі выдавалася больш за 170 падпольных часопісаў і газет. Асабліва прыкметна актывізаваўся партызанскі рух у сувязі з умацаваннем дзеючых падпольных камітэтаў і пашырэннем іх сеткі. Узначальвалі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі акупіраванай Беларусі 203 абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры, гаркомы і райкомы Кампартыі Беларусі, больш за 1200 пярвічных партарганізацый. Значны ўклад у барацьбу ўносіла камсамольскае падполле, узначальваемае М.В. Зімяніным, К.Т. Мазуравым, С.В. Прытыцкім. Яно ўключала 224 абласныя, міжраённыя, гарадскія і раённыя камітэты камсамола і больш за 5,5 тыс. пярвічных камсамольскіх арганізацый, у якіх было аб’яднана звыш 100 тыс. юнакоў і дзяўчат. У заходніх абласцях Беларусі барацьбу з акупантамі вялі антыфашысцкія камітэты, арганізацыі, групы, якія аб’ядноўвалі больш за 12 тыс. чалавек. Яны распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання. Такім чынам, нарастала ўсенародная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, загартоўваўся партызанскі рух, узмацнілася баявая дзейнасць партызан. Калі ў снежні 1941 г. у Беларусі змагаліся 50 партызанскіх атрадаў, то ў лістападзе 1942 г. – 352, а ў час бітвы на Курскай дузе ў ліпені 1943 г. – 658 атрадаў. Партызанскі рух на Беларусі з’яўляўся сапраўды ўсенародным: 1255 партызанскіх атрадаў аб’ядноўваліся ў 213 брыгад з колькасцю звыш 370 тыс. чалавек. У гарадах і вёсках барацьбу з акупантамі вялі патрыёты-падпольшчыкі. У мінскім падполлі змагалася звыш 9 тыс. патрыётаў. Толькі ў другой палове 1943 г. яны правялі больш за 50 дыверсій, у тым ліку дыверсійную акцыю, у выніку якой быў знішчаны генеральны камісар Беларусі В. Кубэ. Прысуд над ім выканалі беларускія патрыёты А. Мазанік і М. Осіпава. У ноч на 30 ліпеня 1943 г. на Асіповіцкім чыгуначным вузле Ф. Крыловіч узарваў дзвюма магнітнымі мінамі эшалон з гаручым, у выніку чаго ўзнік пажар, які знішчыў 4 эшалоны, у тым ліку 1 з танкамі “Тыгр”, 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, мінамі, 31 цыстэрну з гаручым. Былі таксама пашкоджаны вугальны склад, блокпост, дэпо. Гэта – адна з найбуйнейшых дыверсійных аперацый другой сусветнай вайны. Яшчэ ў часы вайны стаў шырока вядомым подзвіг К.С. Заслонава – падпольшчыка з Оршы, В.З. Харужай з Віцебска, патрыётаў з Обаля, Скідзеля, іншых населеных пунктаў. Усяго ў Беларусі дзейнічала пад кіраўніцтвам падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый 70 тыс. падпольшчыкаў. Магутны партызанскі рух і гераічная барацьба падпольшчыкаў умацоўвалі веру насельніцтва ў перамогу, падрывалі і разладжвалі тыл гітлераўскай арміі, трымалі акупантаў у страху і напружанні. Галоўныя ўдары беларускія партызаны і падпольшчыкі наносілі па варожых камунікацыях. З 1942 г. партызаны ўстанавілі кантроль за рухам на магістралях Брэст–Гомель, Мінск–Орша і інш. Грандыёзнай па маштабах і эфектыўнай па выніках была «рэйкавая вайна» – масавы падрыў чыгунак з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак для гітлераўскай арміі. Першы этап яе пачаўся ў час контрнаступлення савецкіх войск пад Курскам і працягваўся з 3 жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г. У другой палове верасня – кастрычніку 1943 г., калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, прайшоў другі этап “рэйкавай вайны”. У выніку двух этапаў перавозкі для групы армій “Цэнтр” значна скараціліся, да таго ж праціўнік вымушаны быў павялічыць колькасць дывізій для аховы сваіх камунікацый. Трэці этап “рэйкавай вайны”, які праводзіўся напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі, таксама меў важнае аператыўна-стратэгічнае значэнне. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, грамілі штабы, склады і гарнізоны захопнікаў. Толькі ў 1943 г. было знішчана больш за 300 варожых гарнізонаў, 217 паліцэйскіх участкаў і валасных упраў. Значны ўрон акупантам наносілі партызанскія рэйды, якія не толькі дэзарганізоўвалі тыл праціўніка, але і садзейнічалі развіццю партызанскага руху. Рэйды партызанскіх фарміраванняў займалі важнае месца ў разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі. Да зімы 1943/44 г. баявымі рэйдамі выйшлі ў заходнія вобласці рэспублікі 12 брыгад, 14 асобных атрадаў, больш за 7 тыс. партызан. Партызанскія фарміраванні замацаваліся ў Баранавіцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Беластоцкай абласцях і разам з мясцовымі партызанамі ўтварылі ўздоўж заходніх граніц Беларусі амаль суцэльны партызанскі фронт. У ходзе барацьбы з ворагам партызанскія атрады і брыгады вызвалілі тысячы населеных пунктаў, у тым ліку шэраг райцэнтраў. На вызваленай тэрыторыі ўтварыліся партызанскія зоны. Першыя з іх на Беларусі ўзніклі ўвосень 1941 г. У канцы 1943 г. партызаны кантралявалі ўжо каля 58 % тэрыторыі рэспублікі. Існавала больш за 20 партызанскіх зон: Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая, Сенненска-Аршанская, Суражская і інш. Аб’яднанымі сіламі беларускіх, рускіх, украінскіх, латышскіх і літоўскіх партызан былі створаны партызанскія зоны ў раёнах Беларусі, сумежных з суседнімі братнімі рэспублікамі. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партызанскія краі. Адзін з такіх краёў дзейнічаў на стыку БССР, РСФСР і Латвіі і ахопліваў 14 раёнаў на плошчы 10 тыс. кв. км з насельніцтвам больш за 200 тыс. чалавек. Вялікі партызанскі край існаваў таксама ў міжрэччы Дняпра, Прыпяці і Дзясны. Кіраўніцтва ўсёй дзейнасцю насельніцтва і партызан на тэрыторыі партызанскіх зон ажыццяўлялі падпольныя абкомы і райкомы партыі. Яны абапіраліся на ўзброеныя сілы партызанскіх злучэнняў і насельніцтва, аднаўлялі ў вызваленых раёнах савецкую ўладу. У многіх раёнах былі адноўлены, створаны і дзейнічалі выканкомы Саветаў дэпутатаў працоўных. Ролю і функцыі органаў савецкай улады выконвалі найчасцей партызанскія атрады, спецыяльна створаныя народнымі мсціўцамі камендатуры, якія вырашалі гаспадарчыя і іншыя пытанні. Партызанскія зоны станавіліся сапраўднымі баявымі фарпостамі ўсенароднага супраціўлення ворагу, базай і своеасаблівым тылам, дзе партызаны прымалі самалёты з Вялікай зямлі, рыхтавалі рэзервы. Партызаны праводзілі сярод насельніцтва масава-палітычную работу, распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. У некаторых партызанскіх зонах працавалі школы, медыцынскія пункты, якія абслугоўвалі партызан і насельніцтва. Сам факт існавання ў глыбокім тыле ворага партызанскіх зон меў важнае палітычнае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення гітлераўцам. Партызаны, падпольшчыкі не здолелі б адны весці паспяховую барацьбу, калі б не дапамога большасці насельніцтва Беларусі, якое ўсімі сродкамі і сіламі супраціўлялася ваенным, эканамічным і палітычным мерапрыемствам акупантаў, падтрымлівала народных мсціўцаў. Мірныя жыхары забяспечвалі партызан харчаваннем, адзеннем, абуткам, збіралі зброю і боепрыпасы, выконвалі абавязкі сувязных і разведчыкаў, а нярэдка прымалі непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях супраць акупантаў. За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г., патрыёты Беларусі нанеслі вялікі ўрон акупантам у тэхніцы і жывой сіле. Яны знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Было пушчана пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронепаязды, разгромлена 29 чыгуначных станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939 ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў. Нездарма гітлераўскі намеснік у Беларусі В. Кубэ дакладваў у Берлін, што ў тыле арміі “Цэнтр” фактычна існуе другі фронт – партызанскі. За мужнасць і адвагу больш як 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх, у тым ліку Ц.П. Бумажкову, Ф.І. Паўлоўскаму (першым з савецкіх партызан), М.П. Шмырову, І.П. Казінцу, К.С. Заслонаву, В.І. Казлову, У.Е. Лабанку, П.М. Машэраву, Ефрасінні Зяньковай, Марату Казею, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Аднак беларусы добра ведаюць, што адным ім, без дапамогі і падтрымкі ўсіх народаў Савецкага Саюза і іншых краін, не ўдалося б выжыць у той страшэннай вайне. З савецкага тылу партызаны атрымлівалі сродкі сувязі, медыкаменты, узбраенне і г.д. Толькі з лета 1942 г. па сакавік 1944 г. з-за лініі фронту было перапраўлена 80 тыс. вінтовак, аўтаматаў, кулямётаў, 100 млн патронаў да іх, 400 т узрыўчаткі. Савецкія ваенныя лётчыкі вывезлі з варожага тылу больш за 11 тыс. беларускіх дзяцей і раненых партызан. У злучэннях беларускіх партызан ваявалі 100 тыс. рускіх, дзесяткі тысяч украінцаў, тысячы латышоў, эстонцаў, грузін, армян, азербайджанцаў – прадстаўнікоў амаль усіх нацыянальнасцей Савецкага Саюза. На тэрыторыі Беларусі змагаліся і прадстаўнікі народаў іншых краін – палякі, чэхі, славакі, венгры, бельгійцы, аўстрыйцы, галандцы, італьянцы, немцы і інш. Усяго на тэрыторыі Беларусі змагаліся каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў. Аналіз сацыяльнага і нацыянальнага складу партызан Беларусі паказвае, што іх касцяк складалі сяляне і рабочыя – 56,1 %, служачых было 20,5 %, навучэнцаў – 12,2, вайскоўцаў – 11,2 %. Пры гэтым моладзь да 25 гадоў уключна складала 54 %. Беларусаў сярод партызан было 71,1 %.
Заключэнне. У заключэнні праведзенага вывучэння літаратуры па заданай тэме былі сроблены наступные вывады па прааналізаваных пытаннях: 1) Зазначым, што партызанскую вайну савецкі ўрад аб'явіў у самыя першыя дні нямецкага нашэсця, калі намеры Гітлера адносна занятых тэрыторый СССР былі яшчэ невядомыя. Асабліва гэта тычылася стаўлення Нямеччыны да незалежніцкага руху ў Прыбалтыцы, Беларусі і ва Украіне: ні форма панавання над гэтымі землямі (урады-сатэліты або непасрэднае нямецкае кіраўніцтва), ні гаспадарчая палітыка, і сярод іншых - пытанне аб роспуску або захаванні калгасаў, - нічога не было высветлена загадзя. Няясна было, як пачнуць сябе паводзіць немцы з савецкімі дзеячамі, ваеннапалоннымі і яўрэйскім насельніцтвам. Пытанняў было шмат, і савецкія ўлады напачатку вайны не маглі ўпэўнена прадказаць настрой людзей і іх стаўленне да запланаванага супраціўленчага руху. Такім чынам, партызанская вайна была аб'яўленая без увагі на будучыя паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў і настрой насельніцтва, яна была прадыктавана выключна вайсковымі і палітычнымі задачамі СССР. 2) Такім чынам, з першых дзён вайны асноўная частка насельніцтва Беларусі стала на шлях барацьбы супраць акупантаў. Вядучай формай усенароднай барацьбы на Беларусі стаў партызанскі рух. Нават пасля адыходу часцей Чырвонай Арміі з Беларусі тут працягвалася антыфашысцкая барацьба. Расла колькасць і актыўнасць народных мсціўцаў. Важным крокам дзеля пашырэння і ўдасканаляння партызанскай дзейнасці было стварэнне Асобага беларускага збору; а г.зв. “рэйкавая вайна” стала “візітнай карткай” беларускай нацыянальнай барацьбы супраць фашыстскіх акупантаў. На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Важную ролю ў станаўленні і ўмацаванні падполля і партызанскага руху адыгралі першыя падпольныя партыйныя камітэты Самаахвярна змагаліся з ворагам падпольшчыкі Магілёва, Віцебска, Оршы, Жлобіна, Брэста, Гродна і іншых гарадоў і пасёлкаў рэспублікі.
ЛІТАРАТУРА 1. 50 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. М.: Вышэйшая школа, 1999. 314 с. 2. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. М.: Полымя, 1997. 540 с. 3. Гісторыя Беларусі: Вучэбна-метадычны комплекс / Дз.С.Сама-хвалаў, А.А.Крыварот / Пад агуд.рэд. Дз.С.Самахвалава. Мн.: МІК, 2004. 176 с. 4. Ігнатоўскі У.М. Каторкі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. Мн.: Беларусь, 1991. 490 с. 5. Литвин А. Армия Краёва // Нёман. 1995. № 2. С. 10-11. 6. Шыбека З. Нарысы гісторыі Беларусі (1795-2002). Мн.: Энцыклапедыкс, 2003. 460 с.