Кантрольная работа па курсу "Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа (ў кантэксце Другой сусветнай вайны)"
Тэма № 25. АНТЫФАШЫСЦКАЕ СУПРАЦІЎЛЕННЕ Ў БЕЛАРУСІ НА ЗАКЛЮЧНЫМ ЭТАПЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ. План: Уводзiны. 1. Узаемадзейнасць партызан i падпольшчыкаў з часцямі Чырвонай Apмii. 2. Польскае падполле i “Армія Краёва” на тэрыторыі Беларусі. Вынiкi. Літаратура.
Уводзiны. На ўсіх этапах Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ разам з усімі народамі адзінай краіны – Савецкага Саюза – уносіў свой уклад у перамогу над фашызмам. Звыш 1,3 млн. жыхароў Беларусі былі мабілізаваны ці добраахвотна ўступілі ў рады Чырвонай Арміі. Толькі ў 1944-1945 гг. у Чырвоную Армію было мабілізавана звыш 755 тыс. жыхароў Беларусі. Сотні тысяч беларусаў загінулі на франтах вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі. Партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з найбольш даследаваных старонак з падзей ваеннага часу. Але і ў гэтай справе ёсць шмат асаблівасцяў і рыс, аб якіх мала гаварылася раней. Партызанскі рух на Беларусі меў пэўную перыядызацыю і да таго, ярка акрэсленыя рэгіянальныя асаблівасці. Слова «партызан» (ад франц. partisan – член атрада, арганізаванага з прадстаўнікоў народных мас для барацьбы з ворагам на акупіраванай тэрыторыі) шырока вядома з часоў сярэднявечча ў Еўропе. Пазней партызанамі пачалі называць удзельнікаў узброенай барацьбы супраць іншаземных захопнікаў у варожым тыле. Такім чынам, партызанскі рух не з’яўляецца нацыянальнай беларускай з’явай, але справа ў тым, што дзейнасць партызанскіх атрадаў на Беларусі ў гады апошняй вайны набыла асабліва значныя памеры. Супраць акупантаў на барацьбу з цягам часу падняўся народ. У радах антыфашысцкага руху на тэрыторыі рэспублікі налічвалася каля 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў. 374 тыс. чалавек з’яўляліся байцамі 1255 партызанскіх атрадаў (каля ў 213 брыгад).
1. Узаемадзейнасць партызан i падпольшчыкаў з часцямі Чырвонай Apмii. Партызанская барацьба на Беларусі мае некалькі перыядаў свайго развіцця, кожны з іх мае свае адметнасці. Першы этап – арганізацыйны, калі толькі шукаліся формы барацьбы ў тылу ворага. Гэта чэрвень – снежань 1941 г. Яшчэ адна прыкмета гэтага перыяду – гэта крызіс партызанкі, які праявіўся ў паражэннях на фронце і ў пазіцыі чакання, якую заняло мірнае насельніцтва. Другі этап беларускай партызанкі пачаўся ў снежні 1941 г. і цягнуўся да канца лета 1942 г. Гэта перыяд пераадолення крызісу і рэзкага росту колькасна партызанскага руху. У гэты перыяд адбываецца супрацьстаянне ў цэнтры Беларусі паміж цывільнай нямецкай адміністрацыяй Генеральнай акругі Беларусь і партызанамі ў барацьбе за падтрымку ад мірнага насельніцтва. У гэты перыяд вызначаецца арганізацыйная структура партызанкі, рух атрымлівае шырокую падтрымку ад «Вялікай зямлі». Трэці перыяд цягнуўся з восені 1942 па восень 1943 г. Менавіта ў гэты час колькасць памылак нямецкіх акупацыйных улад дасягнула крытычнай масы, і насельніцтва перайшло на пазіцыі падтрымкі партызанаў. Ствараюцца велізарныя партызанскія зоны, якія ахопліваюць значныя тэрыторыі. Праводзяцца буйныя вайсковыя і дыверсійныя аперацыі. Чацьвёрты перыяд беларускай партызанкі цягнуўся з восені 1943 г. па лета 1944 г. Гэты перыяд адзначаны пачаткам вызвалення Беларусі і ўдзелам у гэтым і партызан. Найбольшага ўздыму дасягае «рэйкавая вайна». Менавіта да гэтага перыяду адносіцца значнае ўзмацненне савецкай партызанкі на захадзе Беларусі. Да таго, пасля забойства Вільгельма Кубэ масавыя рэпрэсіі і карныя экспедыцыі спрыялі разгортванню ўсенароднага характару антынямецкай барацьбы і ў цэнтры Беларусі. У выніку дзейнасці падпольных партыйных камітэтаў і пад уплывам перамог Чырвонай Арміі ў рады партызан Беларусі на працягу 1943 года ўступіла больш за 96 тыс. чалавек, асабовы склад партызанскай арміі вырас з 56724 да 153488 байцоў. У гэтым жа годзе з розных калабаранцкіх фарміраванняў у партызанскія атрады ўлілося каля 12 тысяч чалавек. Важнае значэнне для развіцця, партызанскага руху мела матэрыяльна-тэхнічная дапамога Вялікай зямлі. Толькі ў 1943 г. авіяцыяй партызанам Беларусі было дастаўлена 20,5 тыс. вінтовак, больш 11 тыс. аўтаматаў, 973 ПТР, 1235 кулямётаў і мінамётаў, звыш 2,6 тыс. пісталетаў, 43038 тыс. патронаў, звыш 120 тыс. ручных гранат, 390,5 тоны толу, 97,8 тыс. дыверсійных мін. Але асноўнымі крыніцамі ўзбраення ўсё ж заставаліся мясцовыя рэсурсы. Таму ў 1943 г. не было, бадай, буйнога партызанскага атрада ці брыгады, якія б не мелі сваёй майстэрні па вырабу і рамонту зброі, вытворчасці мін, гранат і г.д. Паказчыкам роту майстэрства партызан з’яўлялася правядзенне ў адзін тэрмін у межах усёй акупаванай тэрыторыі Беларусі буйнамаштабных аперацый, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Рэйкавая вайна». На Беларусі ў 1943-1944 гг. аперацыя «Рэйкавая вайна» ажыццяўлялася ў тры этапы. Яна ставіла мэтай зрыў ваенных перавозак праціўніка і максімальнае садзейнічанне наступленню Чырвонай Арміі. Першы этап пачаўся ў ноч з 3 на 4 жніўня 1943 г. і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г., другі – з 19 верасня 1943 г. да пачатку лістапада 1943 г. (ён атрымаў назву «Канцэрт»). За час 1-га і 2-га этапаў «рэйкавай вайны» партызаны ўзарвалі звыш 200 тыс. рэек. Былі разбураны чыгуначныя лініі Цімкавічы-Асіповічы,. Бабруйск-Старушкі, Жлобін-Калінкавічы. На многіх чыгуначных магістралях рух быў перапынены ад 4 да 15 сутак, а ўчасткі Магілёў-Крычаў, Полацк-Дзвінск, Магілёў-Жлобін, Баранавічы-Лунінец былі выведзены са строю на яшчэ большы тэрмін. Адначасова партызаны пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі масты, вадакачкі, чыгуначныя станцыі. Трэці этап «рэйкавай вайны» быў распачаты ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г., незадоўга да правядзення савецкімі войскамі аперацыі «Баграціён». На гэтым этапе партызаны Беларусі непасрэдна ўзаемадзейнічалі з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі. У ходзе аперацыі яны падарвалі 61 тыс. рэек (у першы дзень 40775), знішчылі 8 чыгуначных мастоў. Былі поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсіх дарогах Беларусі. Яскравым паказчыкам баявых поспехаў партызан у 1943 г. з’яўляецца тое, што пад іх кантролем знаходзілася 60% акупаванай тэрыторыі, значная частка якой была цалкам вызвалена ад захопнікаў. Сур’ёзна занепакоеныя такім становішчам, фашысты на працягу 1943 г. правялі звыш 60 буйных карных аперацый супраць партызан і насельніцтва. У шматдзённых баях апрача ахоўных і паліцэйскіх сіл прымалі таксама ўдзел многія тысячы кадравых салдат і афіцэраў вермахта. На іх узбраенні былі танкі, артылерыя, самалёты. У час правядзення карных аперацый вораг лютаваў не толькі супраць партызан, але масава знішчаў мірнае насельніцтва. Усяго за гады акупацыі Беларусі захопнікі правялі звыш 140 карных аперацый. У іх удзельнічалі 5 ахоўных, 1 пяхотная, 1 спецыяльнага прызначэння, 1 матарызаваная СС, 2 вучэбна-палявыя дывізіі, а таксама часці 3-яй танкавай, 2, 3 і 4-ай палявых армій вермахта, шматлікія паліцэйска-вышукальныя сілы і падраздзяленні войск сатэлітаў. Мэтай гэтых экспедыцый, безумоўна, было не толькі жаданне праціўніка расправіцца з партызанамі, але і больш важкі намер – выканаць гітлераўскія планы па рэзкаму скарачэнню людскога патэнцыялу Беларусі (на 75%).
Адначасова з узброенай партызанскай барацьбой разгортвалася падпольная антыфашысцкая дзейнасць у гарадах і іншых населеных пунктах. Партыйна-савецкія ўлады напярэдадні акупацыі Беларусі паклапаціліся аб тым, каб пакінуць заканспіраваныя групы, арганізаваць яўкі, распрацаваць розныя віды сувязі. На гэта арыентавала дырэктыва ЦК КП(б)Б ад 30 чэрвеня 1941 г. аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам. Звярталася ўвага на тое, што партызанская барацьба павінна знаходзіцца ў полі зроку і весціся пад непасрэдным кіраўніцтвам заканспіраваных падпольных партыйных структур. Мясцовыя парторганы ў сціслыя тэрміны правялі работу па ўтварэнню на тэрыторыі Беларусі партыйна-камсамольскага падполля. Да поўнай акупацыі рэспублікі ў 89 раёнах Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Пінскай абласцей былі арганізацыйна аформлены раённыя падпольныя парторганы (райкомы, тройкі) на чале з сакратарамі або членамі былых парторганаў. У чатырох абласцях – Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Пінскай – заставаліся абласныя парторганы. Для арганізацыйна-кіруючай дзейнасці ў тыле ворага былі пакінуты звыш 1200 камуністаў, у тым ліку 8 сакратароў абкомаў і 120 сакратароў гаркомаў і райкомаў партыі. Усяго ж для нелегальнай работы ў Беларусі заставалася звыш 8500 камуністаў. Кіраўніцтва камсамола рэспублікі на акупаванай тэрыторыі пакінула 73 кіруючых работнікаў, больш за 1400 ячэек, у якіх у агульнай колькасці налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Па меркаванню партыйнага і камсамольскага кіраўніцтва, пакінутыя ў тыле ворага камуністы і камсамольцы павінны былі з’явіцца тым ядром, вакол якога згуртуюцца ўсе свядомыя і патрыятычныя сілы. Трэба зазначыць, што з пастаўленай мэтай пакінутыя партыйныя і камсамольскія работнікі, радавыя камуністы і камсамольцы справіліся паспяхова, аб чым сведчаць размах, глыбіня і агульныя вынікі супраціўлення захопнікам. Аналіз такой гістарычнай з’явы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, як дзейнасць антыфашысцкага падполля на часова акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі, сведчыць, што падполле з пачатку і да канца свайго існавання (а праз яго за гады вайны прайшло звыш 70 тыс. чалавек) было цесна звязана з народнымі масамі, абапіралася на іх пастаянную падтрымку і канкрэтную дапамогу. У яго ўзнікненні і дзейнасці вялікую ролю адыгралі камуністы, што знаходзіліся ў варожым тыле і карысталіся даверам мясцовага насельніцтва. Сведчаннем гэтага з’яўляецца і той факт, што за тры гады варожай акупацыі ў партыю непасрэдна на акупаванай тэрыторыі Беларусі ўступіла звыш 12,5 тыс. патрыётаў.
2. Польскае падполле i “Армія Краёва” на тэрыторыі Беларусі. Польскі вайсковы супраціў у заходніх вобласцях БССР узнік не ў 1941 г., а мог абапірацца на тыя падпольныя структуры, што паўсталі яшчэ на этапе саветызацыі. У рапартах высокапастаўленых афіцэраў „Саюза Збройнага змагання" (Związek Walki Zbrojnej - ZWZ) - пазней названага „Арміяй Краёвай" - гаворка пра польскую партызанскую дзейнасць ішла яшчэ ўзімку 1939/40 г. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 органы дзяржаўнай бяспекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падполлем. Паводле звестак НКУС БССР за перыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласцях БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3221 удзельніка, з якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 літоўцы і 106 чалавек іншых нацыянальнасцей. Адначасова вялася кампанія па высяленні ў Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны з заходніх абласцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных устаноў, землеўласнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. У выніку дзейнасці органаў бяспекі і знешняй разведкі СССР, польскаму падполлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены значныя страты. Пасля нападу Германіі на СССР і акупацыі Беларусі летам 1941 урад Сікорскага і Галоўнае камандаванне СУБ у Варшаве выкарыстоўвалі ўмовы, якія склаліся, дзеля ўмацавання сваіх пазіцый на ўсходніх тэрыторыях былой Польшчы. Следам за нямецкімі войскамі ў Беларусь пацягнуліся польскія даваенныя чыноўнікі з Заходняй Беларусі і розныя дзеячы з цэнтральных раёнаў Польшчы, іншых краін. Многія з іх добра валодалі нямецкай мовай, мелі рэпутацыю пакрыўджаных савецкай уладай. Сярод іх было шмат людзей, звязаных з эмігранцкім урадам. Неўзабаве палякі атрымалі значны ўплыў у кіраўніцтве мясцовымі дапаможнымі органамі акупацыйнага нямецкага апарату: гарадскімі, раённымі (павятовымі) управамі Заходняй Беларусі, мясцовай дапаможнай паліцыяй. Акрамя палякаў на гэтыя пасады прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі беларусаў, якія таксама разлічвалі выкарыстаць пасады ў дапаможнай адміністрацыі як сродак легальнай барацьбы за свае інтарэсы, як плацдарм у змаганні за палітычны ўплыў сярод насельніцтва. Таму непазбежна ўзнікаў востры канфлікт паміж польскімі і беларускімі дзеячамі. Апошнія былі перашкодай як для польскага, так і для савецкага падполля. Пачалася жорсткая барацьба на вынішчэнне адзін аднаго як уласнымі рукамі, так і з дапамогай немцаў. На тэрыторыі Беларусі існавалі тры акругі АК: Навагрудская, Палеская і Віленская, а таксама інспектарат Гродна, якія падпарадкоўваліся абшару АК Беласток. На тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкае і польскае падполле пэўны час суіснавалі даволі мірна, часам падтрымлівалі саюзніцкія адносіны: абменьваліся інфармацыяй пра абстаноўку на франтах вайны, а таксама аб становішчы ў сваіх раёнах дзеяння, дамаўляліся аб сумесных дзеяннях пад час карных экспэдыцый гітлерцаў і г.д. Так, створаны вясной 1943 у раёне возера Нарач аддзел А.Бужынскага («Кміціца») ўдзельнічаў у баявых аперацыях разам з партызанскай брыгадай, якой кіраваў Ф.Маркаў. Разам яны правялі шэраг апэрацый па разгроме фашысцкіх гарнізонаў. Асноўная частка польскага падполля падтрымлівала і выконвала ўказанні і ўстаноўкі Лондану і Варшавы. Далейшая хада палітычных падзей рабіла непазбежным канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі. Галоўным было пытанне аб савецка-польскай мяжы і адносінах да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мясцовым узроўні да таго ж дзейнічалі фактары барацьбы за сферы ўплыву, пытанні забеспячэння харчаваннем, зброяй і г.д. У чэрвені 1943 была прынята пастанова ЦК КП(б)Б «Аб далейшым развіцці партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі», а таксама закрыты ліст ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». У гэтых дакументах падкрэслівалася, што заходнія вобласці БССР з’яўляюцца неад’емнай часткай БССР і што тут дапушчальна існаванне толькі груп і арганізацый, якія кіруюцца інтарэсамі СССР. Існаванне ўсіх іншых арганізацый павінна разглядацца як умяшанне ў інтарэсы СССР. У сакрэтным лісце меліся канкрэтныя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх фармаванняў: 1. Ствараць савецкія партызанскія аддзелы і выцясняць польскія з гэтых тэрыторый. 2. Укараняць у польскія аддзелы сваіх агентаў, дэмаралізоўваць іх, раскладаць іх знутры. 3. Прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, якія знаходзяцца ў польскіх аддзелах і выклікаюць давер. З іх ствараць польскія савецкія партызанскія атрады. Там, дзе савецкі партызанскі рух быў дастаткова моцным, прапаноўвалася: 1. Без шуму ліквідаваць кіраўнікоў польскага падполля. 2. Польскія аддзелы раззбройваць, зброю са складаў рэквізаваць; шараговых партызанаў, калі ёсць магчымасць, уключаць у барацьбу з немцамі пад савецкім кіраўніцтвам. 3. Сярод раззброеных і размеркаваных па савецкіх аддзелах палякаў выяўляць варожыя элементы. Пераважна быў узяты кірунак на раззбраенне польскіх фарміраванняў. Усё разам названае прывяло да непазбежных сутыкненняў паміж савецкімі партызанамі і акаўцамі. Паводле звестак Я.Эрдмана, з 185 баявых аперацый, праведзеных аддзеламі Навагрудскай акругі АК за перыяд з 1 студзеня 1942 па ліпень 1944, 102 былі супраць немцаў (55 і 81 (45 супраць савецкіх партызанаў. Звычайнымі былі з’явы, калі з адной вёскі частка жыхароў была ў савецкіх партызанах, а частка — у АК. Значнымі былі страты як сярод партызан і акаўцаў, так і сярод мясцовага насельніцтва. Паводле няпоўных звестак, з вясны 1943 па ліпень 1944 толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці савецкімі партызанамі было расстраляна больш за 500 мясцовых жыхароў за супрацоўніцтва з АК. Не меншымі былі рэпрэсіі з боку АК. Так, камандзір Стаўбцоўскага злучэння АК А.Пільх («Гура») у адной са сваіх публікацый прызнаваў, што за гэты ж перыяд яго легіянеры знішчылі каля 6 тысяч чалавек. У сваю чаргу немцы, імкнучыся да актывізацыі мясцовых сіл дзеля барацьбы з савецкімі партызанамі, з канца 1943 пачалі выкарыстоўваць канфлікт паміж АК і «саветамі» ў сваіх мэтах. Адным з першых кантакт з немцамі ўстанавіў вышэйадзначаны А.Пільх. У снежні 1943 ён заключыў з немцамі дамову аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі ўзамен на забяспячэнне яго зброяй. 22 снежня ў Лідзе дамову з немцамі таксама заключыў камандзір Наднёманскага злучэння АК Ю.Свіда («Лях»), які на працягу студзеня-сакавіка 1944 атрымаў ад немцаў пяць прывозаў зброі. Перамовы аб супрацоўніцтве з гітлерцамі ў лютым 1944 веў і камандуючы Віленскай акругай АК генерал А.Крыжаноўскі («Вільк»). І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў студзені 1944 з Лондану паступіла афіцыйная забарона кантактаў з немцамі. Вясной 1944 Генеральны камісар Беларусі Готбэрг не дазволіў праводзіць мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў Беларускую краёвую абарону (БКА) на тэрыторыі Лідзкай акругі, раёнаў Узда, Івянец, Валожын, Браслаў, Мядзел, Казлоўшчына і часткі Дзярэчынскага раёна, дзе, фактычна, адбывалася мабілізацыя ў АК. Асабліва адкрыты характар мабілізацыя ў АК з дазволу немцаў прыняла на тэрыторыі Лідскай акругі. Пасля таго як нямецкія войскі былі выгнаны з Беларусі, органы НКУС прымянялі ў дачыненні да былых членаў АК рэпрэсіўныя меры. З тэрыторыі Беластоцкай, Віленскай і Навагрудскай акругаў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тысяч акаўцаў разам з іх сем’ямі. Частка былых членаў АК перайшла да ўзброенай барацьбы супраць савецкай улады. У 1944-45 у Заходняй Беларусі адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў, савецкіх актывістаў, мясцовых жыхароў, якія падтрымалі савецкую ўладу, перасяленцаў з усходніх рэгіёнаў. Асобныя акцыі зафіксаваны аж да пачатку 1950-х гадоў. Вынікі: Партызанская дзейнасць на Беларусі стала важным ваенна-палітычным фактарам стратэгічнага значэння, які паказаў крах акупацыйнай палітыкі немцаў. Размах дзеянняў беларускіх партызанаў можна параўнаць з вынікамі любой буйной наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі. Партызанамі былі знішчаны ці паранены звыш 500 тыс. немцаў, узарвана 11,1 тыс. чыгуначных саставаў і 34 бронепаязды, знішчаны 29 чыгуначных станцый, 19 тыс. аўтамашын, 305 самалётаў, 1355 танкаў і бронемашын. Страты партызан склалі 45 тыс. забітымі, але да іх дадаюцца сотні тысяч мірных жыхароў, знішчаных пад час правядзення 140 карных экспедыцый. Дзейнасць беларускіх партызанаў знайшла належную ацэнку з боку кіраўніцтва краіны. 88 партызан-беларусаў сталі Героямі Савецкага Саюза, 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 16 ліпеня 1944 г. у вызваленым Мінску адбыўся вялікі мітынг і парад партызанскіх атрадаў з усёй Беларусі, у якім прыняло ўдзел больш за 30 тыс. партызан. Гэта было прызнаннем вялікай заслугі насельніцтва Беларусі ў барацьбе супраць акупантаў. Такім чынам, партызанская барацьба і падпольнае супраціўленне на Беларусі носіць усенародны характар, і няхай былі свае рэгіянальныя адрозненні і ўсенародны характар савецкай партызанкі не адразу ўзнік на ўсёй тэрыторыі Беларусі – тым не менш, гэта з’яўляецца вельмі важным паказчыкам – наш народ не прыняў «новы парадак», які сілай насаджаўся захопнікамі.
Літаратура. 1. Беларусь у гады Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны (верасень 1939 г. – верасень 1945 г.) // Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Мн., 2007. Ч.2. с. 217-279. 2. Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны): учебное пособие для студентов учреждений, обеспечивающих получение высшего образования.- Мн., 2004. 3. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): курс лекцый, Я.К. Новік, Н.Я. Новік. – Мн., 2006. 4. Каваленя А., Саракавік І. Беларусь напярэдадні і ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн. Дапаможнік / Пад рэд. А. А. Кавалені. – Мінск: Беларусь 2008. – 271 с. 5. Шымуковiч С.Ф. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): Курс лекцый. – Мн.: Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2004 – 230 с.