1. Нападзенне фашысцкай Германіі на СССР. Мэты Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза 2. Дзейнасць савецкіх і партыйных органаў па мабілізацыі сіл і сродкаў краіны для барацьбы з агрэсарам
Уводзiны
Дваццатае стагоддзе вызначалася незвычайнай жорсткасцю ў адносінах паміж народамі свету. Менавіта ў гэты час пачынаюцца сусветныя войны, узнікаюць дзесяткі рэгіянальных канфліктаў, хутка разрастаецца зараза тэрарызму. Але найбольш кровапралітнай і жорсткай з усіх вядомых узброеных канфліктаў была Другая сусветная вайна. Яе ўздзеянне на лёс народаў Еўропы і СССР было вызначальным. Менавіта з гэтай нагоды патрабуецца больш глыбокае і комплекснае вывучэнне гэтай важнейшай падзеі XX стагоддзя. Разгортванне ваенных падзей, паказ трагедыі і выпрабаванняў, што выпалі на долю беларускага народа – важнейшая задача дысцыпліны пад назвай «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» (у кантэксце Другой сусветнай вайны). Навуковае асэнсаванне падзей 1939-1945 гг. прадаўжаецца. З цягам часу ў даследчыкаў узнікаюць новыя пытанні, новыя спрэчкі, у выніку якіх праглядаецца шэраг раней безапеляцыйных высноў. Шмат пытанняў і ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца спрэчнымі ці да канца не высветленымі. Вось як выглядае іх кароткі пералік: - дакладныя звесткі аб колькасці загінуўшых грамадзян СССР і БССР да апошняга часу не выяўлены; - уклад саюзнікаў у справу разгрому гітлерызму трактуецца неадназначна. Неапраўдана перабольшваецца на Захадзе роля ЗША і Англіі і недаацэньваецца ўклад народаў СССР у Перамогу; - празмерна ўзносяцца талент і здольнасці савецкіх ваеначальнікаў, якія дабіваліся перамог за кошт празмерных і неапраўданых страт з боку салдат. Адначасова аб прыроднай кемлівасці, гераізме і мужнасці, гуманізме, духоўнай і фізічнай сіле салдат і малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі гаворыцца мала; - амаль не распрацавана пытанне аб штодзённым жыцці простага насельніцтва ва ўмовах вайны – як у тыле Чырвонай Арміі – так і пад акупацыяй нямецкімі войскамі; - вельмі важным з’яўляецца пытанне аб ускладанні Захадам адказнасці на кіраўніцтва СССР за развязванне Другой сусветнай вайны, што з’яўляецца спробай перанесці адказнасць за сваю палітыку «замірэння» Германіі; - для Беларусі вельмі актуальнымі з’яўляюцца пытанні разгортвання і сутнасці савецкай партызанкі і падпольнага супраціўлення акупантам і дзейнасці іншых антыфашысцкіх арганізацый – такіх як Армія Краёва; - мала вядома аб удзеле беларусаў у руху Супраціўлення ў Заходняй Еўропе, а так сама аб удзеле беларусаў у ваенных дзеяннях на баку саюзнікаў у складзе Арміі Андэрса і іншых ваенных фарміраванняў антыгітлераўскай кааліцыі; - не менш актуальнымі для Беларусі з’яўляюцца пытанні, звязаныя з калабарацыяй. Аднабаковы падыход да гэтай з’явы не ідзе на карысць нашай навуцы. Такія аднабаковыя падыходы не з’яўляюцца навуковымі, супярэчаць асноўным прынцыпам гістарызму. Акцэнт на адмоўных, як і перабольшванне станоўчых бакоў не дазваляе аб’ектыўна разгледзець ваенныя і палітычныя працэсы, якія разгортваліся на рубяжы 30-х – 40-х гг. ХХ стагоддзя. У той час задача гістарычнай навукі – праўдзіва асвятляць мінулае, асабліва яго найбольш складаныя, пераломныя старонкі.
1. Нападзенне фашысцкай Германіі на СССР. Мэты Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза.
На досвітку 22 чэрвеня 1941 года Германія, вераломна парушыўшы дагавор аб ненападзенні, пачала вайну супраць СССР. На тэрыторыю Беларусі пачала наступленне нямецкая група армій “Цэнтр” пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Фёдара фон Бока. У яе склад уваходзілі 4-я і 9-я палявыя арміі, 2-я і 3-я танкавыя групы — усяго 50 дывізій, а таксама 2 матарызаваныя брыгады. Падтрымку сухапутным войскам аказваў 2-і паветраны флот — 1600 баявых самалётаў. У прыгранічнай зоне знаходзіліся войскі Заходняй Асобай ваеннай акругі (22 чэрвеня 1941 года пераўтворана ў Заходні фронт, камандуючы — генерал арміі Дзмітрый Рыгоравіч Паўлаў): 3-я армія генерал-лейтэнанта Васіля Іванавіча Кузняцова, 10-я армія пад камандаваннем генерал-маёра Канстанціна Дзмітрыевіча Голубева, 4-я армія Аляксандра Андрэевіча Карабкова. Злучэнні 13-й арміі генерал-лейтэнанта Пятра Міхайлавіча Філатава знаходзіліся ў другім эшалоне, фарміраваліся ў раёне Магілёў — Мінск — Слуцк. Першымі на тэрыторыі Беларусі ў бой з перадавымі часцямі праціўніка ўступілі пагранічнікі 17-га Брэсцкага, 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага пагранатрадаў. Гарнізон Брэсцкай крэпасці амаль месяц упарта супраціўляўся ворагу. У адпаведнасці з дырэктывай СНК БССР і ЦК КП(б)Б ад 6 ліпеня 1941 года, ва ўсіх абласцях Беларусі створана больш за 200 фарміраванняў народнага апалчэння, у якія ўвайшлі звыш 33 тысяч чалавек. Народнае апалчэнне — добраахвотныя ваенныя і ваенізаваныя фарміраванні, якія ствараліся для дапамогі дзеючай Чырвонай Арміі. Да пачатку верасня 1941 года ўся тэрыторыя рэспублікі была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У Беларусі ўстанавіўся жорсткі акупацыйны рэжым. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы стварылі больш як 260 лагераў смерці. Буйнейшыя з іх знаходзіліся ў Мінску і яго наваколлі, у раёне Нямігі (знішчана каля 80 тысяч чалавек), лагер смерці Малы Трасцянец (знішчана больш за 200 тысяч), каля вёскі Масюкоўшчына (знішчана 80 тысяч). У лагерах смерці Барысава знішчана больш як 33 тысячы чалавек, каля Калдычава Баранавіцкага раёна — 22 тысячы чалавек, паблізу станцыі Лясная Баранавіцкага раёна — больш за 88 тысяч, у раёне Полацка — амаль 150 тысяч, у Віцебску — таксама амаль 150 тысяч чалавек, у Гомелі — каля 100 тысяч, у Пінску — каля 60 тысяч, у Магілёве — больш за 70 тысяч чалавек. Буйныя лагеры знаходзіліся ў Маладзечне, Брэсце, Ваўкавыску, каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара Бярозаўскага раёна, у Бабруйску і інш. Непасрэдная падрыхтоўка да нападу на Савецкі Саюз была распачатая адразу пасля захопу еўрапейскіх краін. Галоўным дакументам з’яўлялася дырэктыва №21, вядомая як план «Барабароса», падпісаная А.Гітлерам 18 снежня 1940 г. Гэты стратэгічны план дэталёва распрацоўваўся гітлераўскім ваенным камандаваннем і ўяўляў сабой комплекс ваенных, палітычных і эканамічных мерапрыемстваў. У ваеннай частцы прадугледжвалася ў ходзе «маланкавай вайны» разграміць узброеныя сілы Савецкага Саюза. Галоўны ўдар вермахт нанасіў на Беларусі, дзе дзейнічала група армій «Цэнтр». Група армій «Поўнач» павінна была ліквідаваць часці Чырвонай Арміі ў Прыбалтыцы і захапіць Ленінград. Група армій «Поўдзень» павінна была акружыць і ліквідаваць савецкія войскі на правым беразе Дняпра каля Кіева. У першыя дні вайны планавалася разграміць галоўныя сілы Чырвонай Арміі. У далейшым, да 15 жніўня трэбы было дасягнуць Масквы, а на поўдні авалодаць Данецкім басейнам і да 1 кастрычніка завяршыць аперацыю супраць СССР. Савецкі Саюз заганяўся ў азіяцкую частку, за лінію Астрахань-Волга-Архангельск і страчваў галоўныя прамысловыя раёны. Уральскія прадпрыемствы разбураліся пад час масіраваных налётаў люфтвафэ. У палітычным сэнсе вайна супраць СССР – гэта перш за ўсё ідэалагічная вайна. У гэтай вайне сутыкнулася дзве радыкальныя ідэалогіі, якія стаялі на краях палітычнай палітры – камуністычная і нацыская. Камуністычная ідэалогія ўспрымалася нацыстамі як вораг яшчэ з 1920-х – пачатку 1930-х гг., калі менавіта камуністы былі галоўнымі палітычнымі канкурэнтамі нацыянал-сацыялістаў пад час германскіх парламенцкіх выбараў. Камуністычная ідэалогія прапаноўвала свой від будучага грамадства, і прынцыпы яго будаўніцтва карэнным чынам супярэчылі тэорыям, распрацаваным нацыстамі. Менавіта з гэтай нагоды яе носьбіты падлягалі фізічнаму вынішчэнню, а дзяржавы, якія будавалі сваё жыццё на падставе камуністычнай ідэалогіі, павінны былі знікнуць з палітычнай карты свету. У дадатак да ідэалогіі, была прывязаная тэорыя расавай непаўнавагі славянскага насельніцтва. Менавіта за кошт славянскай тэрыторыі, у выніку так званага «націску на ўсход» (Drang nach Osten), Гітлер прапаноўваў пашырыць для трэцяга Рэйху «жыццёвую прастору» германскай нацыі. Нацыстамі ставіліся пад сумленне здольнасці славян ствараць уласныя дзяржавы на падставе таго, што менавіта ў СССР кіруе «савецкі яўрэйска-бальшавісцкі рэжым». З гэтай нагоды вайна адрознівалася ад германа-французскай, германа-нарвежскай накіраванасцю на татальнае знішчэнне ўсіх носьбітаў варожай ідэалогіі, прадстаўнікоў «шкодных нацый», а так сама ўсіх, хто не выкажа пакорнасці заваёўнікам. У гаспадарчым сэнсе рыхтавалася татальная эксплуатацыя мясцовых рэсурсаў усіх відаў на карысць Германіі, пры гэтым мерапрыемствы насілі характар прамога рабаўніцтва. З боку СССР вайна насіла справядлівы, вызваленчы характар за будучыню краіны і яе народаў. Менавіта такі характар айчыннай вайны падкрэсліў у сваім выступленні 3 ліпеня 1941 г. па радыё лідар краіны І.Сталін.
2. Дзейнасць савецкіх і партыйных органаў па мабілізацыі сіл і сродкаў краіны для барацьбы з агрэсарам.
Савецкі народ сустрэў напад фашысцкіх агрэсараў на СССР з пэўнай трывогай, але без адчаю і панікі. Выхаваны ўпэўненым у значнай перавазе сацыялістычнага ладу над капіталістычным, несакрушальнай моцы Чырвонай Арміі, ён непахісна верыў у хуткую перамогу над ворагам. Гэтую веру мацавала дзеючая Камуністычная партыя (бальшавікоў) на чале з І. Сталіным. Беларуская партыйная арганізацыя – каля 51 тыс. камуністаў і 24 тыс. кандыдатаў у члены партыі – апынулася на пярэднім краі барацьбы з фашысцкім агрэсарам. 29 чэрвеня падпісанай І. Сталіным дырэктывай «Партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей» быў пакладзены пачатак арганізацыі супраціўлення. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК КБ(б) Б ад 30 чэрвеня «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партыйных арганізацый, якія знаходзяцца пад пагрозай фашысцкай акупацыі», каля 8 тыс. камуністаў мусіла перайсці на нелегальнае становішча. Да канца жніўня ва ўмовах акупацыі пачалі сваю дзейнасць Мінскі, Гомельскі і Пінскі абласныя, 1 гарадскі і 19 раённых падпольных камітэтаў партыі. У Мінску да канца 1941 г. дзейнічала звыш 2 тыс. патрыётаў, арганізаваных гарадскім камітэтам на чале з І. Казінцом. Да вызвалення Мінска тут дзейнічала 9 тыс. чал. падпольшчыкаў, у тым ліку 1 025 камуністаў і 2 044 камсамольцаў. У сакавіку 1942 г. пачаў дзейнічаць Віцебскі, у жніўні – Пінскі абкам КП(б) Б. Восенню 1942 г. партыйны цэнтр Віцебска стварыў у горадзе разгалінаванае падполле. Найбольшую актыўнасць выявіла група В. Харужай. У верасні 1942 г. у Гомелі дзейнічала каля 20 груп. У 1942–1943 гг. моцны падпольны рух існаваў у Магілёве, дзе 40 груп (каля 400 чал.) аб’ядналіся ў адзіную арганізацыю «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі». Вялікі ўклад у падпольную барацьбу ўнеслі камуністы Бабруйска, Баранавіч, Барысава, Брэста, Вілейкі, Жлобіна, Калінкавіч, Оршы і іншых гарадоў. Падпольшчыкі неслі велізарныя страты. Так, у выніку двух правалаў у складзе каля 700 патрыётаў загінула партыйнае кіраўніцтва падполля Мінска. З 1 500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Але партыя не прыпыняла барацьбы і ўздымала на яе новых змагароў. Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Іх намаганнямі адбываліся дыверсіі на фабрыках і заводах, забойствы акупантаў і іх наймітаў, збор разведдадзеных, распаўсюджанне газет і лістовак, зводак Інформбюро і інш. Умелая каардынацыя камуністамі партызанскага і падпольнага руху забяспечылі ліквідацыю гаўляйтэра В. фон Кубэ, якую здзейснілі А. Мазанік, М. Восіпава і Н. Траян. Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Лепшым з іх – У. Амельянюку, Е. Зяньковай, І. Казінцу, М. Кедышку, М. Кабушкіну, Я. Клумаву, З. Партновай, В. Харужай і інш. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Першыя партызанскія атрады арганізавалі і ўзначалілі камуністы. Так, 26 чэрвеня ў Пінскім раёне пачаў дзейнічаць атрад на чале з В. Каржом. 9 ліпеня на барацьбу з ворагам узняўся атрад, сфарміраваны Суражскім райкамам партыі Віцебскай вобл. на чале з М. Шмыровым. З першых дзён ліпеня пачаў баявую дзейнасць атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначаліў першы сакратар Кастрычніцкага райкама партыі Палескай вобласці Ц. Бумажкоў. У адказ на пастанову ЦК УКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск» да 25 ліпеня 1941 г. партыйнымі камітэтамі Беларусі было створана 118 атрадаў з 2 600 партызанамі, а праз месяц колькасць патрыётаў ужо складала каля 12 тыс. чал. 6 жніўня 1941 г. за вялікія поспехі ў барацьбе з ворагам Ц. Бумажкову і Ф. Паўлоўскаму першым з савецкіх партызан было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1942 г. ЦК КП(б) Б атрымаў дазвол ЦК УКП(б) на адкліканне з Чырвонай Арміі беларускіх камуністаў для іх падрыхтоўкі ў якасці арганізатараў партызанскага руху. З гэтай мэтай у красавіку 1942 г. у г. Мураме Ўладзімірскай вобл. быў створаны «Асобы беларускі збор». Да верасня 1942 г. на Беларусь былі перапраўлены 20 атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чал. Асноўным месцам іх перакідкі сталі так званыя «Суражскія вароты», якія ўтварыліся на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр». 30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў утвораны Цэнтральны Штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з І сакратаром ЦК КП(б) Б П. Панамарэнкам. Як вынікала з загаду народнага камісара абороны Саюза ССР І. Сталіна за №00189 ад 5 верасня 1942 г. «Аб задачах партызанскага руху», роля беларускіх мсціўцаў значна павялічвалася. З гэтай нагоды 9 верасня ўтвараўся Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) як ваенна-баявы орган ЦК КП(б) пад старшынствам ІІ сакратара ЦК П. Калініна. 28 лютага 1943 г. Пленум ЦК КП(б) прыняў пастанову аб узмацненні барацьбы супраць акупантаў. З гэтай нагоды на Беларусь былі перакінуты работнікі Баранавіцкага, Брэсцкага, Вілейскага і Беластоцкага падпольных абкамаў. На працягу з сакавіка па чэрвень 1943 г. у тыл ворага было адпраўлена звыш 220 партыйных кіраўнікоў. Да канца 1943 – пачатку 1944 г. сістэма партыйнага кіраўніцтва народнай вайной складалася з 10 падпольных абкамаў, 17 міжрайкамаў, 8 гаркамаў, 2 гаррайкамаў і 166 райкамаў КП(б) Б. Па меры арганізацыі партызанскага руху асобныя атрады згуртоўваліся ў брыгады. Так, З красавіка 1942 г. М. Шмыроў узначаліў Першую беларускую брыгаду. На працягу ўсяго перыяду акупацыі ў Беларусі дзейнічалі 199 брыгад, 14 палкоў (997 атрадаў) і 258 асобных атрадаў, у якіх налічвалася 374 тысячы байцоў; На 1 ліпеня 1943 г. камуністы ўзначальвалі 89, 6% атрадаў и 96, 1% брыгад. У межах асобных раёнаў і абласцей брыгады аб’ядноўваліся ў злучэнні пад кіраўніцтвам падпольных абкамаў і на чале з іх сакратарамі Асноўную працу па арганізацыі ўсенароднай барацьбы ўзначальвалі ЦК КП(б) Б і БШПР, у тым ліку П. Панамарэнка, П. Калінін, В. Малін, В. Ванееў, Н. Аўхімовіч, Т. Гарбуноў, Г. Эйдзінаў і інш. Вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі кіраўнікі партызанскага і падпольнага руху І. Бельскі, А. Брагін, І. Варвашэня, Я. Жылянін, І. Клімаў, І. Кожар, В. Казлоў, В. Лабанок, Н. Малінін, Р. Мачульскі, В. Самуцін, С. Сікорскі, І. Стулаў і інш. На чале партыйных камітэтаў дзейнічала камсамольскае падполле, усяго каля 100 тыс. чал. у складзе 10 абласных, 214 міжраённых, гарадскіх і раённых і звыш 600 пярвічных арганізацый. У іх ліку група «Смерть угнетателям народа» («Смугнар»), якая па-геройску дзейнічала ў Калінкавічах, арганізацыя «Юныя мсціўцы» на станцыі Обаль, Віцебскай вобласці на чале с Е. Зяньковай. Так, у ноч на 30 ліпеня 1943 г. буйнейшая за час вайны дыверсія была здзейснена на ст. Асіповічы, калі камсамолец Ф. Крыловіч замініраваў варожы эшалон з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, ад выбуху якога загарэліся яшчэ 2 – з танкамі і боепрыпасамі. Узначаленая камуністамі армія народных мсціўцаў складала каля 440 тым. чал. Усяго з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г., партызаны знішчылі амаль 0, 5 млн акупантаў, пусцілі пад адхон больш за 11 тыс. эшалонаў, разграмілі 29 чыгуначных станцый, звыш 900 штабоў і варожых гарнізонаў, падарвалі 18, 7 тыс. аўтамашын, шмат танкаў і броневікоў, падарвалі тысячы мастоў, перабілі больш 300 тыс. рэяк і інш. Звыш 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 88 чалавекам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку сем сакратароў падпольных абкамаў КП(б) Б – В. Казлоў, І. Бельскі, Р. Мачульскі, І. Кожар, А. Кляшчоў, В. Чарнышоў, С. Сікорскі, сакратар падпольнага абкама камсамола П. Машэраў. Кампартыя Беларусі здзейсніла велізарную палітычную і арганізатарскую работу сярод усіх пластоў і груп насельніцтва. Яе камітэты і арганізацыі склалі касцяк сіл падпольшчыкаў і партызан. У выніку пастаўленая ЦК УКП(б) задача ператварэння партызанскага руху ў тыле ворага ва ўсенародную вайну была выканана. УКП(б) і КП(б) сфарміравалі, узброілі, ідэйна выхавалі масавую партызанскую, армію, забяспечыла яе кіруючымі органамі (БШПР, падпольныя камітэты і г.д.) камандным саставам і кадрамі палітычных работнікаў, натхнілі на самаадданую барацьбу з ворагам.
Заключэнне
Другая сусветная вайна, якая пачалася 1 верасня 1939 г., усё далей адыходзіць у глыбіню гісторыі. Ужо сёння 2/3 насельніцтва зямнога шара складаюць людзі, якія нарадзіліся і выраслі ў пасляваенныя гады. Таму надзвычай важна, каб падрастаючыя пакаленні ведалі праўду аб тым, як і чаму ўзнікла вайна, якія сілы вінаватыя ў яе развязванні. Выяўленне сапраўднай карціны другой сусветнай вайны, прычын яе ўзнікнення дыктуецца яшчэ і тым, што за апошнія гады ў свет выйшла шмат кніг, кінафільмаў, у якіх многія пытанні вайны, ролі Савецкага Саюза ў дасягненні перамогі часам падаюцца павярхоўна, тэндэнцыйна. Аналіз міждзяржаўных і сацыяльна-класавых адносін пераконваюць, што другая сусветная вайна ўзнікла невыпадкова, не ў сілу нейкіх непрадбачаных абставін ці памылак асобных дзяржаўных дзеячаў. Яе вытокі – у тых глыбокіх супярэчнасцях, якія існавалі паміж тагачаснымі вядучымі дзяржавамі. Складанае перапляценне многіх фактараў – палітычных, эканамічных, ідэалагічных – вызначыла прычыны і характар вайны. Галоўная віна за падрыхтоўку і развязванне вайны ляжыць на дзяржавах фашысцка-мілітарысцкага блока (і перш за ўсё Германіі і Японіі). Прыход фашызму да ўлады ў Германіі і пачатак рэалізацыі яго агрэсіўнай праграмы стварылі небяспечны ачаг вайны ў Цэнтральнай Еўропе і непасрэдную пагрозу развязвання сусветнай вайны. Адводзячы ў сваіх глабальных планах важнейшае месца барацьбе супраць “фарпоста міжнароднага камунізму”, г.зн. супраць СССР, фашызм меў на мэце заняволенне і іншых краін, устанаўленне сусветнага панавання.