bsuir.info
БГУИР: Дистанционное и заочное обучение
(файловый архив)
Вход (быстрый)
Регистрация
Категории каталога
Другое [37]
Белорусский язык [248]
ВОВ [92]
Высшая математика [468]
Идеология [114]
Иностранный язык [633]
История Беларуси [248]
Культурология [42]
Логика [259]
НГиИГ [120]
Основы права [8]
Основы психологии и педагогики [7]
Охрана труда [7]
Политология [179]
Социология [120]
Статистика [31]
ТВиМС [83]
Техническая механика [43]
ТЭЦ [85]
Физика [146]
Философия [169]
Химия [76]
Экология [35]
Экономика предприятия [35]
Экономическая теория [170]
Электротехника [35]
ЭПиУ [44]
Этика [5]
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Файловый архив
Файлы » Общевузовские предметы » История Беларуси

ПМС (з.), История Беларуси, Контрольная работа, вар.25, 2017
Подробности о скачивании 09.06.2018, 12:34
Установа адукацыі
«Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і інфарматыкі і радыёэлектронікі»

Кантрольная работа
па дысцыпліне «Гісторыя Беларусі»

Студэнта 1 курса ……… групы
завочнага факультэта
…………………………………………….

Заліковая кніжка № …………..
Дамашні адрас: ………………………………………
…………………………………………………………..

Праверыў: Ганна Уладзіміраўна Мякінькая

Мінск 2017
Тэма №25 «Беларускі нацыянальны рух у пачатку XX ст.»
План
1 Пачатак новага перыяду беларускага нацыянальнага руху. Першыя
беларускія арганізацыі 3
2 Утварэнне Беларускай сацыялістычнай грамады, яе асноўныя
праграмныя патрабаванні. 6
Вывад. 11
Літаратура. 12

1 Пачатак новага перыяду беларускага нацыянальнага руху. Першыя беларускія арганізацыі.

У канцы 1902 – пачатку 1903 года з нацыянальна-культурных гурткоў Мінска, Вільні і Пецярбурга аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада. На першым з’ездзе ў 1903 годзе была прынята праграма, у якой грамада называла сябе сацыяльна-палітычнай арганізацыяй беларускага працоўнага народа. Партыя выступала за звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне капіталізму і ўсталяванне дэмакратычнага ладу. Аграрная праграма Беларускай рэвалюцыйнай грамады прадугледжвала знішчэнне прыватнай зямельнай уласнасці і ўвядзенне ўраўняльнага землекарыстання без эксплуатацыі чужой працы.
У студзеню 1905 года ў Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых, якія накіроўваліся да цара з просьбай палепшыць становішча народа. Гэтая падзея выклікала магутную хвалю пратэсту. Стачкі, дэманстрацыі і мітынгі рабочых пракаціліся па ўсей Расіі. У 30 гарадах і мястэчках Беларусі адбыліся забастоўкі салідарнасці.
У чэрвені ў Беларусі адбыліся мітынгі салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, з рэвалюцыйнымі матросамі Чарнаморскага флоту, якія ішлі ў авангардзе рэвалюцыйнага руху. Увогуле ў красавіку - чэрвені 1905 года палітычныя выступленні ахапілі 56 гарадоў і мястэчак Беларусі, у іх удзельнічала каля 100 тысяч чалавек. У гэты ж час узмацнілася і эканамічная барацьба рабочых.
Вясною 1905 года, як вынік ўздзеяння рабочага руху, у Беларусі разгарнуўся масавы рэвалюцыйны рух сялянства. Колькасць сялянскіх выступленняў у красавіку – чэрвені ўзрасла да 237. Галоўным патрабаваннем сялян было знішчэнне памешчыцкага землеўладання. Рэвалюцыйны рух працягваў нарастаць і ахапіў усю краіну. Шматлікія агульнагарадскія стачкі зліліся ва Усерасійскую палітычную стачку. У Беларусі Кастрычніцкая палітычная стачка ахапіла 32 населеныя пункты, а колькасць стачачнікаў толькі ў прамысловасці дасягнула 66 тысяч чалавек. У ходзе Усерасійскай палітычнай стачкі ў многіх гарадах Расіі ўзнікалі агульнагарадскія выбарныя стачачныя камітэты і камісіі, якія атрымалі назву Саветаў рабочых дэпутатаў. У Беларусі стачачныя камітэты і кааліцыйныя саветы дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Гродне, Брэсце, іншых прамысловых цэнтрах і буйных чыгуначных вузлах.
У кастрычнiку 1905 года Мiкалай II падпiсаў Манiфест аб палiтычных свабодах i надзяленнi Дзяржаўнай думы заканадаўчымi паўнамоцтвамi. 18 кастрычнiка ў дзень абвяшчэння Манiфеста ў Мiнску на плошчы каля Вiленскага чыгуначнага вакзалу адбыўся мiтынг, у якiм удзельнiчалi каля 20 тысяч чалавек. Каб разагнаць мiтынгуючых, губернатар Курлаў загадаў прымянiць зброю. У вынiку чаго было забiта каля 100 чалавек i да 300 чалавек паранена. У гэты ж дзень крывавыя сутычкi адбылiся ў Смаргонi i Полацку.
У снежні 1905 года палітычная барацьба пралетарыяту Расіі працягвалася. У Маскве яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У снежаньскія дні палітычныя забастоўкі адбыліся ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Пінску і іншых гарадах. Забастоўкі ахапілі большасць чыгуначных вузлоў Беларусі. У апошнія месяцы 1905 года зноў адбыўся ўздым сялянскага руху. У Беларусі ў кастрычніку было 54 выступленні сялян, у лістападзе - 154, а ў снежні - 286. Усерасійская палітычная стачка выклікала больш моцныя, чым раней, выступленні ў арміі. У лістападзе хваляванні салдат адбыліся ў Гродне, у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях. Іх удзельнікі выказвалі салідарнасць з паўстаннямі матросаў Кранштата і Севастопаля.
У Беларусi больш спрыяльнымi аказалiся ўмовы для дзейнасцi партыi акцябрыстаў. Тут яе падтрымлiвалi рускiя чыноўнiкi-манархiсты, памешчыкi, праваслаўнае духавенства. Кадэты з-за адсутнасцi на Беларусi земстваў i вышэйшых навучальных устаноў не мелi тут неабходнай сацыяльнай глебы для сваёй дзейнасцi. Яны знайшлi падтрымку толькi з боку яўрэйскай буржуазii. У той жа час актывізавалася дзейнасць правых манархічных арганізацый. Яны разгарнулі шырокую агітацыю супраць яўрэяў, палякаў, каталіцкага касцёла, а таксама супраць беларускага нацыянальнага руху.
Беларускі нацыянальны рух пасля рэвалюцыі апынуўся ў цяжкім становішчы. У гэты час даводзілася весці барацьбу на два фронты – супраць рускіх і польскіх нацыяналістаў, якія не жадалі прызнаваць самастойнасць беларускага народа.
У гады першай сусветнай вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі нацыянальны рух быў спынены. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы, браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве.
У пачатку 1916 года ў германскім загадзе аб школах акупіраванага краю беларуская мова абвяшчалася раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся. На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. У канцы 1916 года Беларускі народны камітэт спрабаваў дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Аднак Літоўскі нацыянальны камітэт адмовіўся ад перагавораў, канчаткова разарваў сувязь з Беларускім народным камітэтам. Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху па-за межамі краю сталі Петраград, Масква і іншыя расійскія гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі.
Далейшай актывізацыі беларускага нацыянальнага руху спрыяла Лютаўская рэвалюцыя 1917 году. Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі ў Беларусь 1 – 4 сакавіка 1917 года. Па прыкладу Петраграда ў гарадах і мястэчках Беларусі пачалі стварацца ўзброеныя атрады. Баявыя дружыны мінскіх рабочых 2 сакавіка вызвалілі з турмы 400 палітычных зняволеных. Былі арыштаваны камандуючы мінскай ваеннай акругі, начальнік штаба, камендант горада. Створаная 4 сакавіка міліцыя, якую ўзначаліў М.В. Фрунзе, узяла пад ахову ўрадавыя ўстановы, пошту і тэлеграф.
Асаблівая ўвага была звернута на ўтварэнне Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У Мінску ўжо 4 сакавіка адбылося першае пасяджэнне выбраных дэпутатаў, дзе быў створаны Мінскі Савет рабочых дэпутатаў і яго выканаўчы камітэт. Каб аб’яднаць сілы пралетарыяту і салдат, 8 сакавіка быў створаны адзіны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і адзіны выканаўчы камітэт.
Саветы былі створаны і ў іншых гарадах Беларусі. На працягу сакавіка і красавіка 1917 года арганізацыйна аформілася 37 Саветаў. Сваю асноўную задачу Саветы бачылі ў арганізацыі рабочых і салдат, у абароне іх эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў. Саветы актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні народнай міліцыі, фабрычна-завадскіх камітэтаў і прафсаюзаў рабочых і служачых, салдацкіх камітэтаў у войску, сялянскіх у вёсцы. Саветы ў Беларусі прызнавалі кіруючую ролю Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Разам з тым яны прызнавалі і Часовы ўрад.
У першыя дні рэвалюцыі пачалі стварацца прафсаюзы, якія павялі барацьбу за паляпшэнне эканамічнага становішча працоўных, скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты.

2 Утварэнне Беларускай сацыялістычнай грамады, яе асноўныя праграмныя патрабаванні.

Беларуская Сацыялістычная Грамада – беларуская нацыянальная палітычная партыя леванародніцкага кірунку, першая беларуская палітычная партыя.
Створана ў канцы 1902 года пад назвай Беларуская рэвалюцыйная грамада на аснове гурткоў беларускай студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу.
Пачаткова Беларуская рэвалюцыйная грамада не мела ўласнай праграмы. Першая адозва выдадзена ў 1902 годзе на гектографе па-польску пад назвай «Вы, напэўна, бачылі беднага сялянскага замучанага каня».
У снежнi 1903 года праходзiў першы з’езд грамады, якi заявiў, што яна выступае як партыя сацыялiстычнай арыентацыi. Было вырашана дабiвацца для Беларусi краёвай аўтаномii з сеймам у Вiльнi, гарантаваць культурна-нацыянальную аўтаномiю для нацыянальных меншасцей.
У прадстаўленым на з’ездзе тэксце праграмы была пастаўлена задача распрацаваць аграрную праграму. Пры гэтым Беларуская сацыялістычная грамада не ўлічвала прынцыповых адрозненняў паміж пралетарыятам і сялянствам, аб’ядноўваючы іх у адну сацыяльна-эканамічную катэгорыю — працоўны народ. Партыя называла сябе арганізацыяй беларускага працоўнага народа. І ўсё ж у пачатку сваёй дзейнасці рабіла стаўку на беларускую вёску, аб’ядноўваючы вакол сябе сельскую інтэлігенцыю, сялян і сельскагаспадарчых рабочых.
Ва ўмовах буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, якая пачалася ў Расіі, заклікала народ на барацьбу: збіралася зброя, усталёўваліся кантакты з іншымі партыямі. У 1905 годзе разам з эсэрамі стварае Беларускі сялянскі саюз, які павінен быў згуртаваць сялян у барацьбе за свае правы. Гэты саюз выдаваў лістоўкі, праводзіў іншую работу па растлумачэнні сялянам існуючага становішча.
Грамада ўзаемадзейнічала з Польскай сацыялістычнай, Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыямі, Латышскім сацыял-дэмакратычным саюзам. Яны сумесна выдавалі нелегальную літаратуру, якая распаўсюджвалася, як правіла, у сельскай мясцовасці ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях і была адрасавана сялянам і сельскагаспадарчым рабочым. Вялікую работу праводзілі грамадоўцы і на ніве адраджэння самасвядомасці беларусаў. Друкаваліся і распаўсюджваліся нелегальныя брашуры, творы Ф. Багушэвіча, якія мелі ярка выражаны сацыяльны характар і раскрывалі існуючую несправядлівасць у адносінах да беларусаў. З кожным годам рос аўтарытэт грамады сярод насельніцтва, павялічвалася колькасць яе членаў. Асабліва актывізавалася дзейнасць Грамады пасля стварэння ў канцы 1905 года ў Мінску ўласнай друкарні. Пры такіх абставінах у студзені 1906 года ў Мінску праходзіў другі з’езд. Ён удакладніў праграму, разгледзеў аграрнае і арганізацыйнае пытанні.
Гарачая дыскусія на з’ездзе разгарнулася пры абмеркаванні аграрнага пытання. Частка дэлегатаў патрабавала раздзелу зямлі. Іншыя раілі перадаць яе мясцовым органам улады. У выніку было прынята рашэнне аб неабходнасці стварэння нацыянальнага зямельнага фонду, кіраўніцтва якім павінен быў ажыццяўляць аўтаномны беларускі парламент.
У прынятай з’ездам праграме падкрэслівалася, што Беларуская сацыялістычная грамада, арганізоўваючы працоўны народ Беларускага краю без адрознення нацыянальнасцей, бачыць канчатковую мэту ў замене капіталістычнага ладу сацыялістычным.
Iмкнучыся замянiць самадзяржаўны лад Расiйскай дзяржавы Федэратыўна-дэмакратычнай рэспублiкай са свабодным самавызначэннем i культурна-нацыянальнай аўтаномiяй народнасцей, якія ўваходзілі ў склад дзяржавы, Беларуская сацыялістычная грамада выстаўляла патрабаванне аўтаномii Беларускага краю з мясцовым соймам у Вiльнi.
Партыя заяўляла агульнадэмакратычныя патрабаванні: усеагульнае, прамое, роўнае выбарчае права; тайнае галасаванне пры выбарах; роўныя правы для ўсіх народнасцей, якія жывуць на адной тэрыторыі, культурна-нацыянальная аўтаномія; раўнапраўе ўсіх грамадзян без адрознення полу, рэлігіі, нацыянальнасці і расы; знішчэнне саслоўяў; выбарнасць чыноўнікаў і суддзяў; свабода сумлення, слова, друку, сходаў, саюзаў, стачак і забастовак; недатыкальнасць асобы і жылля; бясплатная абавязковая адукацыя для ўсіх за кошт дзяржавы; ліквідацыя ўсіх ускосных падаткаў і ўстанаўленне прагрэсіўнага падатку на даходы і спадчыны. У галіне рабочага заканадаўства Беларуская сацыялістычная грамада прапаноўвала ўстанавіць 8-гадзінны рабочы дзень, мінімум аплаты за працу і паляпшэнне яе ўмоў; аднолькавую аплату працы мужчынам і жанчынам. Партыя выступала за забарону начной працы і працы дзяцей да 14 гадоў; абмежаванне рабочага часу для падлеткаў (ад 14 да 18 гадоў шасцю гадзінамі ў дзень); устанаўленне штотыднёвага адпачынку; паляпшэнне ўмоў працы. Беларуская сацыялістычная грамада лічыла неабходнай бясплатную медыцынскую дапамогу, дзяржаўнае страхаванне ад няшчасных выпадкаў, хваробы, старасці і беспрацоўя. Для кантролю за дзейнасцю адміністрацыі, абароны сваіх правоў партыя раіла ствараць выбіраемыя рабочымі фабрычныя і сельскія інспекцыі.
Падкрэсліваючы сваё імкненне да перадачы ўсёй зямлі ў грамадскую ўласнасць, Беларуская сацыялістычная грамада выстаўляла патрабаванне стварэння абласных зямельных фондаў з казённых, удзельных, кабінецкіх, царкоўных, касцельных, манастырскіх і прыватнаўласніцкіх земляў. Гэтая зямля падлягала перадачы малазямельным і беззямельным сялянам у пажыццёвае карыстанне.
Пасля з’езда прымаюцца меры, накіраваныя на тое, каб аб’яднаць сялянскі рух за зямлю з агульнапалітычнай барацьбой у краіне. Працягваючы заклікаць да байкоту Дзяржаўнай думы, Беларуская сацыялістычная грамада разам з тым лічыла магчымым накіроўваць у Думу розныя наказы, пасылаць туды хадакоў ад сялян. Усё большую ролю ўдзяляе БСГ выдавецкай дзейнасці. Выходзяць беларускія нелегальныя лістоўкі, брашуры, зборнікі.
Асноўным аб’ектам уплыву Грамады было ўсё ж сялянства. Яе ўздзеянне на рабочых было нязначным. Да таго ж у гарадах яна сутыкнулася з канкурэнцыяй з боку сацыял- дэмакратычных арганізацый. Значную канкурэнцыю на вёсцы ёй складалі эсэры. Слабым быў уплыў Грамады ва ўсходніх раёнах Беларусі і на Віцебшчыне. Да таго ж рэальныя дзеянні Беларуская сацыялістычная грамада часта не супадалі з праграмнымі патрабаваннямі. Адсутнасць паслядоўнасці і адзінства ў кіраўніцтве прывяло да таго, што партыя ўсё больш скочвалася на шлях рэфармізму. А ў 1907 годзе яна фармальна была распушчана.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Грамада ўзнавіла сваю дзейнасць. На працягу 1917 года яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, Бабруйску, а таксама ў Петраградзе, Маскве, Саратаве, Казані і іншых гарадах. БСГ актыўна ўключылася ў барацьбу за сацыяльную справядлівасць і нацыянальныя правы беларускага народа. Пры гэтым яна практычна цалкам падтрымлівала палітыку Часовага ўрада, стала на пазіцыі абаронніцтва, вітаючы насуперак сваёй папярэдняй праграме стварэнне беларускай народнай арміі, якая б дапамагла беларускаму народу дамагчыся яго нацыянальных і сацыяльных мэт.
У кастрычніку 1917 годзе ў Мінску адбыўся трэці з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады. Тут было зноў пацверджана, што Беларуская сацыялістычная грамада ставіць сваёй канчатковай мэтай ажыццяўленне сацыялістычнага ладу праз развіццё міжнароднай класавай барацьбы і сацыяльнай рэвалюцыі. Аднак канкрэтныя палажэнні прынятай на з’ездзе Праграмы не выходзілі за межы дэмакратычных патрабаванняў, размова ў асноўным ішла аб рэфармаванні існаваўшага ладу.
На з’езд, якi адбыўся ў снежнi, прыбылi 1872 дэлегаты ад БСГ, эсэраў, меншавiкоў, бальшавiкоў. На iм прысутнiчалi прадстаўнiкi гарадскiх дум, земстваў, афiцэраў i салдат, сялян, рабочых, настаўнiкаў, урачоў i г. д. Шматпартыйны склад наклаў адбiтак на ход дыскусiй.
З’езд абвясцiў права Беларусi на самавызначэнне i сцвярджэнне рэспублiканскага ладу, пастанавiў утварыць часовы выканаўчы орган улады. Аднак ён быў аб’яўлены незаконным i распушчаны бальшавiцкай партыяй, якая стаяла ва ўладзе.
У гэтых умовах адбываецца раскол у беларускiм нацыянальным руху. З аднаго боку, у радах Грамды набiрае моц правае крыло, што выступала за сепаратызм, супраць устанаўлення Савецкай улады ў Беларусi. З другога, – левае крыло, якое стаяла на пазiцыях iнтэрнацыяналiзму, заклiкала працоўныя масы да рэвалюцыйнай барацьбы і заяўляла аб прыярытэце рэвалюцыйных задач над нацыянальнымi.
Тэндэнцыi незалежнасцi ў беларускiм вызваленчым руху асаблiва ўзмацнiлiся пасля падпiсання 3 сакавiка 1918 года Брэсцкага мiрнага дагавора, дзе лёс Беларусi быў вырашаны без удзелу яе прадстаўнiкоў.
У гэтых умовах Выканаўчы камiтэт Рады Усебеларускага з’езда 9 сакавiка абвясцiў Беларусь Народнай Рэспублiкай. Уся паўната ўлады перадавалася Радзе, якая па прапанове прадстаўнiкоў Грамады была пераўтворана ў Раду Беларускай Народнай Республiкi.


Вывад

На тэрыторыі Беларусі дзейнічала шмат арганізацый, якія мелі розныя мэты. Але ў большасці ўсе гэтыя партыі хацелі скінуць тую ўладу, якая была на тэрыторыі Расіі, для далейшага патрабавання аўтаноміі ці незалежнасці Беларусі. Раз такія партыі падтрымліваліся насельніцтвам, значыць нацыянальны рух існаваў, і быў ён даволі моцным.
У станаўленні нацыянальнага руху вялікі ўнёсак быў ў Беларускай сацыялістычнай грамады. Каб не раскол і ўзмацненне правага крыла Грамады, то мабыць, гэтая арганізацыя не была прызнана контр-рэвалюцыйнай і можна было бы пазбегнуць скасавання Грамады, якая працягнула бы дзейнічаць ужо ў ССРБ.

Літаратура

1 Коршук, У. К. Беларуская сацыялістычная грамада: стварэнне і дзейнасць / У. К. Коршук: навук. зб. Вып. 2 / рэдкал. У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.] – Мн: БДУ, 2007. – С. 20–29
2 Луцкевіч, А. За дваццать пяць гадоў (1903 –1928): Успаміны аб працы першых палітычных арганізацый / А. Луцкевіч. – Мінск, 1991.
3 3 гісторыі палітычных партый: Вуч. дапам. для студэнтаў. – Мінск, 1993.
4 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1 – 6. – Мінск, 1991 – 2003.
5 Программа Белорусской Социалистической Громады // Праграмныя дакументы палiтычных партый. Мн., 1994. С. 4.
Категория: История Беларуси | Добавил: alexon1997
Просмотров: 907 | Загрузок: 1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]