ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫ РУХ НА БЕЛАРУСІ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX ст.
План
1. Асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху на беларускіх землях. Дзейнасць філаматаў і філарэтаў. 2. Дзекабрысты і Беларусь. 3. Уплыў польскага паўстання 1830–1831 гг., еўрапейскіх рэвалюцый 1848–1849 гг. на грамадска-палітычны рух і іх уздзеянне на ўрадавую палітыку ў Беларусі.
Рэспубліка Беларусь – незалежная суверэнная дзяржава. Доўгім, складаным, напоўненым барацьбой, быў шлях беларускага народа да незалежнасці, за права “людзьмі звацца”, за шчасце гаварыць на роднай мове, ствараць беларускую літаратуру, развіваць нацыянальную культуру. Тры стагоддзі ў складзе ВКЛ, больш за 200 год з Рэччу Паспалітай, а з канца ХVIII ст. у складзе Расійскай імперыі падрыхтоўвалі беларускі народ да таго, каб ў ХХ ст. стаць самастойнай дзяржавай. З канца ХVІІІ стагодддзя ў выніку трэцяга паделу Рэчы Паспалітай пачынаецца новы этап беларускай гісторыі , цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы. Расійскі урад ажыццявіў шэраг мер па узмацненні свайго уплыву на далучаных землях. На беларускія зямлі распаўсюджаваліся агульныя прынцыпы расійскага кіравання. Пры гэтым прыходзілася лічыцца з гістарычнымі адрозненнямі ў характары і ўзроўні развіцця феадальных адносін у Расіі і яе заходніх губернях. Памяркоўную і асцярожную палітыку праводзіў расійскі урад не толькі ў адносінах да мясцовых феадалаў, але і да каталіцкай царквы. Асноўная частка шляхты засталася задаволенай сваім новым становішчам і нават паднесла расійскаму ўраду адрас, у якім разам з іншым было сказана: “Жывя не в Польше, мы чувствуем себя как бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше(Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс Гісторыі Беларусі. С. 167)” На першым часе расійскі ўрад у беларускіх і іншых далучаных губернях імкнуўся падладкавацца пад шляхту і іншыя слаі насельніцтва , спрабаваў мякка зняць апазіцыйныя настроі. Аднак рост незадаволенасці значнай часткі шляхты каталіцкага веравызнання і каталіцкага духавенства прымусіў царызм дзейнічать больш актыўна. Напярэдадні Айчыннай вайны 1812 года склалася наступная сітуацыя: Напалеон і Аляксандр I дамовіліся ў Тыльзіце аб утварэнні Варшаўскага княства, што мела толькі прапагандысцкі характар. Напалеон клапаціўся пра Польшу ў якасці плацдарму для нападу на Расію. Урад Расіі ў працівагу Напалеону абяцаў аднавіць Рэч Паспалітую і Вялікае княства Літоўскае. Калі пачалася вайна 1812 года, шляхта, якая толькі што прысягала на вернасць Расійскай імперыі, амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў . Просты ж беларускі народ стаў у асноўным на шлях партызанскай вайны з французамі. Вайна прынесла беларускаму народу вялікія бедствы. Многія гарады і вескі былі разбураны і знішчаны. Голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей. Насельніцтва у гарадах Беларусі зменшылася ў 2-3 разы. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка, напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывелы. Цяжкія вынікі вайны для беларускага народа узмацняліся палітыкай царызму. Сяляне аказаліся падманутымі ў сваіх спадзяваннях вызваліцца ад прыгоннай няволі пасля разгрому арміі Напалена. Царскім маніфестам ад 30 жніўня 1814 г. ім прапаноўвалася атрымаць “мзду сваю от Бога ”. Але да беларускай арыстакратыі царскі урад адносіўся больш асцярожна . Камінскі, які ўзначальваў створаную Напалеонам “Камісію Вялікага княства Літоўскага”, захаваў пасаду старшыні ў мінскім галоўным судзе, В. Гецэвіч, член савета ў Вільні, стаў Мінскім віцэ-губернатарам . Маніфестам Аляксандра I ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыцце” мінулага. Канфіскацыі былі адменены, памешчыкам вернуты маёнткі. Наступныя канфіскацыі адбыліся ў 1830-1831 гг. 30-я гады XIX ст. сталі пераломнымі ў царскай палітыцы ў дачыненні да заходніх губерняў : яна прыняла больш жорсткі характар . На гэта паўплывалі дзве прычыны , рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, а таксама працэс разлажэння феадальна – прыгонніцкага ладу, які перарастаў у яго крызіс. У другім дзесяцігоддзі XIX ст. на Беларусі, як і у іншых заходніх губернях, значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ен развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе, расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх нацыянальна-вызваленчых ідэй. Вынікі Венскага кангрэсу 1815 г., прадстаўленне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму прабудзілі ў адукаваных кругах Літвы і Беларусі надзеі на далучэнне беларуска-літоўскіх зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі ўмацавала стварэнне ў 1817 годзе Асобнага літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларускіх, украінскіх і літоўскіх губерняў. Да ўзнікнення першых праяў беларускага нацыянальнага руху мелі дачыненне таварыствы філаматаў (прыхільнікаў навукі) і філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці). У канцы 1817 года сярод студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ўзнікла тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў. Увайшоўшыя ў яго Т. Зан, А. Міцкевіч, Я. Чачот, І. Дамейка і іншыя стварылі шэраг аб’яднанняў з мэтай уздзеяння на моладзь: Саюз сяброў, Саюз прамяністых, Саюз літаратараў. Мэты аб’яднанняў заключаліся ў падрыхтоўцы і згуртавнні сіл для аднаўлення Рэчы Паспалітай. Погляды філаматаў з мноствамі філій (аддзяленняў) фарміраваліся пад уплывам прафесара Віленскага універсітэта Іяхіма Лялевеля . У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікла таварыства аматараў навук. Гімназісты на сваіх тайных сходах прапаведвалі патрыятычныя ідэі ў польскім духу, расказвалі пра славутых дзеячаў Польшчы, прапагандавалі сярод насельніцтва ідэі волі і роўнасці. На пачатку 20-х гадоў XIX ст. у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Полацку былыя студэнты Віленскага універсітэта заснавалі таварыства філарэтаў, якое ў 1823 годзе было раскрыта ўладамі. Каля 100 чалавек было араштавана, з іх 20 чалавек па прыгавору суда былі сасланы ў іншыя губерні Расіі. Найбольш актыўныя ўдзельнікі былі заключаны ў турму. У 1823 г .у Беластоцкім універсітэце па ініцыятыве былога філамата Рукевіча створана тайнае таварыства ваенных сяброў, якое аб’яднала афіцэраў Літоўскага корпуса , мясцовую шляхту і молодзь. У 1819 г. у Польшчы з мэтай падрыхтоўкі да паўстання незалежнасці Рэчы Паспалітай і правядзення ў ей рэформ створана тайная арганізацыя “Нацыянальнае масонства”, якая аб’яднала каля 200 чалавек. На яе аснове ў 1821 г. узнікла “Патрыятычнае таварыства” . Такім чынам, незадаволеннасць палітыкай царскіх уладаў Расіі ў далучаных заходніх губернях , ідэі ўзнаўлення Рэчы Паспалітай ,цяжкае становішча, беларускага сялянства, асабліва пасля Айчыннай вайны 1812 года, прывялі да росту нацыянальна-вызваленчага руху на беларускіх землях і стварэння тайных арганізацый, якія аб’ядновалі грамадска-палітычны рух. У працівагу агульнаму уздыму паланізацыі культурна-нацыянальныя імкненні беларускага народа выявіліся ў новай беларускай літаратуры(П. Багрым, У. Сыракомля, В. Дунін-Марцынкевіч). Іх творы сведчылі аб абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці у народзе, аб фарміраванні беларускай інтэлігенцыі. Знайшлі падтрымку на Беларусі і ідэі дзекабрыстаў аб ліквідаціі самадзяржаўя і прыгоннага права. Дзекабрысты сачылі за развіццем польскага нацыянальна-вызваленчага руху, імкнуліся наладзіць з ім сувязь для сумеснай барацьбы супраць царызму. У 1821-1822 гг. лёсы многіх дзекабрыстаў былі звязаны з беларускімі землямі, дзе некаторыя актыўныя ўдзельнікі руху дзекабрыстаў праходзілі ваенную службу. М. Мураўеў , кіраўнік “Паўночнага таварыства”, калі жыў у Мінску, устанавіў сувязі з некаторымі мясцовымі грамадскімі дзеячамі ў Полацку. У Мінску, Лідзе, Ружанах бывалі дзекабрысты М. Нарышкін, З. Чарнышоў, М. Лунін, Я. Абаленскі. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст сябра “Таварыства аб’яднаных славян ” І.Гарбачэўскі. У 1822 г. у Кіеве вяліся перамовы паміж кіраўнікамі “Паўдневага таварыства” дзекабрыстаў (П. Пестэль) і прадстаўнікамі польскага “Патрыятычнага таварыства” аб наладжванні сувязей для вядзення сумесных дзеянняў. З гэтай мэтай у Вільню прыязджалі М. Бястужаў- Румін і С. Мураўеў-Апостал. Увосень па ініцыятыве С.Мураўева-Апостала быў распрацаваны план арышту цара ў час прыезду ў Бабруйскую крэпасць. Гэты план не быў ажыццёўлены, бо яго не падтрымалі ў цэнтры “Паўдневага таварыства”. Дзекабрысты і польскія рэвалюцыянеры вялі прапаганду сярод салдат і афіцэраў Асобнага літоўскага корпуса, які быў размешчаны ў Гродзенскай губерні. Пад іх уплывам у 1825 годзе у корпусе было створана “Таварыства ваенных сяброў” на чале з капітанам І Ігельстромам. Таварыства наладзіла сувязі з тайнымі гурткамі мясцовай моладзі . Пасля паўстання на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу, 24 снежня 1825 г., сябры таварыства спрабавалі падбухторыць салдат Літоўскага корпуса , але былі арыштаваны . Няўдачай скончылася і спроба “Таварыства аб’яднаных славян” у лютым 1826 г. падняць паўстанне ў Палтаўскім палку ў Бабруйску. Пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў расійскі ўрад разграміў і тайныя таварыствы на Беларусі. Яго удзельнікі былі арыштавны і асуджаны на розныя тэрміны катаргі або службы на Каўказе (Ігельстром, Рукевіч, Вільканец і інш). Але апазіцыйны рух у Царстве Польскім і на землях ВКЛ не спыняўся. У 1827 г. у Вільні ўзнікам тайнае таварыства “Сармацкае племя” Яго заснавальнікі, студэнты Грантоўскі, Лісоўскі, Зах таксама ставілі сваей мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай . Таварыства было раскрыта ўладамі ў 1828 годзе. Яго члены пакараны цялесна і сасланы ў салдаты на Каўказ. Дзекабрысцкі рух аказаў таксама станоўчы ўплыў на рост самасвядомасці беларускага народа, на ўздым нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Частка афіцэраў Бабруйскай крэпасці ўваходзіла ў дзекабрысцкія арганізацыі. Але дзекабрысты адказвалі Беларусі ў самастойным суіснаванні, а толькі разам з “Патрыятычным таварыствам” імкнуліся вырашыць тэрытарыяльнае пытанне. У сваей барацьбе супраць царызму яны не апіраліся на шырокія народныя масы. Гэтыя прычыны і прывялі да паражэння паўстання. Расійскі ўрад разграміў тайныя таварыствы на Беларусі. Улічваючы, што цэнтрамі тайных таварыстваў былі навучальныя установы, ўрад прыняў меры па ўзмацненні нагляду за навучэнцамі. Аднак гэта не спыніла грамадска-палітычны рух у заходніх губернях. Перадавая грамадскасць Беларусі і Літвы была цесна звязана з польскім вызваленчым рухам. 29 лістапада 1830 года ў Варшаве пачалося паўстанне, падрыхтаванае апазіцыйнай шляхтай і тайнымі арганізацыямі “Патрыятычным таварыствам” і “Таварыствам падхарунжых”. Галоўнымі прычынамі паўстання былі незадаволенасць падзеламі Рэчы Паспалітай, парушэнне царызмам польскага канстытуцыі 1815 года. Рэвалюцыйныя сілы Польшчы, якія адстойвалі ідэі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў, не змаглі ўзначаліць паўстанне. Польскія арыстакраты, якія сталі лідэрамі паўстання, выкарысталі яго для барацьбы за аднаўленне Польшчы ў межах 1772 года. Каб прадухіліць пашырэнне паўстання на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны, царскі ўрад прыняў неадкладныя меры. 13 снежня 1830 года, тут было ўведзена ваеннае становішча, значна павялічылася колькасць войск. У студзені – лютым 1831 г. з мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанчаскі камітэт. У яго ўвайшлі С. Шумскі, А. Гарэцкі, М. Балінскі і іншыя. На пачатку красавіка 1831 года дзеянні паўстанцаў ахапілі ўсю Літву і “Паўночна-Заходнюю Беларусь” (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Віленскія паветы). Віленскі камітэт не мог кантраляваць яго ход. Паўстанне не толькі ахапіла ўсю Віленскую губерню, але і пачало распаўсюджавацца на Мінскую губерню. Збіралі збрую і стваралі атрады памешчыкі Барысаўскага павета. Да сярэдзіны мая паўстанне ахапіла Мозырскі і Рэчыцкі паветы. У паветах ствараліся ўлады на чале з мясцовымі памешчыкамі. У канцы мая пачалася экспедыцыя генерала Хлапоўскага (820 чалавек) на тэрыторыю беларуска-літоўскіх губерняў. Пасля далучэння мясцовых паўстанцаў у яго атрадзе налічвалася каля 5 тысяч чалавек. Хутка на Вільню з Польшчы пачаў наступленне 12-тысячны корпус генерала Гелгуда. Туды накіраваўся і атрад Хлапоўскага. 11 чэрвеня 1831 г. Гелгуд стварыў часовы паўстанчаскі ўрад. Штурм г. Вільні 19 чэрвеня 1831 г. скончыўся няўдачай. Пацярпеўшы паражэнне, атрады ў сярэдзіне ліпеня перайшлі прускую граніцу і былі там інтэрніраваны. У Гродзенскай губерні ў маі-жніўні 1831 г. паўстаннем былі ахопліны Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Кобрынскі і Слонімскі паветы. Атрады паўстанцаў Дямбінскага, Незабытоўскага і іншых злучыліся ў раёне Белавежскай пушчы, дзе ўжо дзейнічалі атрады Нямцэвіча, Жылінскага і іншыя. Туды у сярэдзіне ліпеня прыбыў атрад Хлапоўскага. Там усе яны сутыкнуліся з вялікімі фарміраваннямі расійскіх войскаў. Страціўшы надзею на поспех, 19 ліпеня аб’яднаныя сілы паўстанцаў накіраваліся ў Польшчу. Некалькі атрадаў (Гедрайца, Шыманскага, Панкоўскага) яшчэ дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы. Але звесткі аб узяцці расійскімі войскамі 8 верасня Варшавы, 9 кастрычніка Модліна, а 21 кастрычніка Замосця прымусілі паўстанцаў, якія засталіся ў лясах, разыйсціся. Яшчэ ў ходзе паўстання пачаліся рэпрэсіі супраць асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Па указу Мікалая І ад 22 сакавіка 1831 г. шляхту, якая прыняла ўдзел у паўстанні са зброяй, павінны былі судзіць ваенным судом і прыгавор выконваць на месцы. Маенткі забіралі ў казну, а дзяцей асуджаных аддавалі ў ваенныя кантаністы. Прадстаўнікоў падатных саслоўяў адпраўлялі на ваенную службу ў Сібір. Сялянам, якія пасля выхаду ўказа вярталіся да свайго памешчыка, даравалася памілаванне. Указам ад 6 мая 1831 г. злачынцы былі падзелены на тры разрады: кіраўнікі, удзельнікі баявых дзеянняў і ўсе астатнія. За удзел у паўстанні да следства было прыцягнута 2878 чалавек. Падрыхтоўку да паўстання ажыццяўлялі дваране, афіцэры, каталіцкае і уніяцкае духавенства, якія жылі на Беларусі, а таксама эмісары з Царства Польскага. Ядро паўстанцаў склалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі – каля 10 тысяч чалавек. Паўстанне не знайшло падтрымкі сярод шырокіх колаў насельніцтва таму, што яго мэтай было аднаўленне шляхецкай Польшчы ў межах 1772 года. У жніўні 1831 года паўстанне было падаўлена на ўсей тэрыторыі Беларусі і Літвы, а ў верасні – і ў Польшчы. Аднак і пасля гэтага палітычнае браджэнне на Беларусі і ў Літве не сціхла. У другой палове 30-х гадоў ХІХ ст. зноў пачалі ўтварацца тайныя суполкі. У 40-50-я гады на Беларусі, як і ў Расіі, усе больш актыўную ролю сталі адыгрываць рэвалюцыянеры-дэмакраты. Фарміравалася новае пакаленне рэвалюцыянераў з ліку дробных чыноўнікаў, духавенства, мяшчан і шляхты. Да яго належаў Ф. Савіч, які ў 1836 г. быў ініцыятарам стварэння “Дэмакратычнага таварыства” пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. Яно працягвала развіваць ідэі філаматаў і дзекабрыстаў. У 1837 годе Ф. Савіч наладзіў сувязь з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства “Садружнасць польскага народа” пад кіраўніцтвам польскага рэвалюцыянера-дэмакрата Ш. Канарскага. Прапаганда і дзейнасць “Дэмакратычнага таварыства” набылі сацыяльную накіраванасць. У яго статуце абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян і надзялення іх зямлей, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. “Дэмакратычнае таварыства” было разагнана, але грамадска-палітычны рух у краі развіваўся далей. Дзейнасць тайных суполак, якія вылучалі патрабаванні нацыянальна-дэмакратычных пераўтварэнняў, нарастанне сялянскай антыфеадальнай барацьбы прымусіла расійскі урад дзейнічать больш рашуча. У першую чаргу рашучыя меры былі накіраваны супраць дробнай шляхты, распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. Сэнс іх заключаўся ў змяншэнні колькасці прывілеяванага саслоўя шляхам пераводу ў падатныя саслоўі асоб, якія не мелі дакументаў аб шляхецтве. Праверка шляхецтва пачалася яшчэ ў 1772г., але да 1830-1831 гг. вялася марудна. Паўстанне падштурхнула царскую адміністрацыю да рашучых дзеянняў. Царскі ўрад прыняў меры па далейшым пашырэнні рускага ўплыву на беларускіх землях. 29 лістапада 1830 г. быў выдадзены указ аб адмене з 1 студзеня 1831 г. Літоўскага Статута на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Указам ад 18 лютага 1831 г. на землях Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне аб губернях. На падставе ўказаў ад 30 кастрычніка 1831 г. і 11 студзеня 1832 года ўсім дзяржаўным установам і пасадам на Беларусі былі дадзены расійскія назвы. У 1832 г. створаны “Асабовы камітэт па справах заходніх губерняў”, які павінен быў распрацоўваць і ажыццяўляць план пашырэння расійскага дваранскага землеўладання і адпаведныя меры ў галіне кіравання, суда, асветы, культуры. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі. У 1832 г. быў закрыты Віленскі універсітэт як небяспечны ачаг вольнадумства. Указамі ад 11 мая і 11 чэрвеня 1832 г. польская мова ў судовай справе заменена на рускую. У 1840 годзе поўнасцю адменена дзеянне Літоўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі. Дзяржаўнае справаводства і выкладанне ў вышэйшых навучальных установах павінна было весціся на рускай мове. У 1839 г. былі аб’яднаны ўніяцкая і праваслаўная цэрквы, каб аслабіць польска-каталіцкі ўплыў на беларускае насельніцтва . У пачатку 40-х гадоў царскі ўрад пазбавіў духавенства права валодаць зямлёй з сялянамі, каб клопат аб уласнасці не адцягваў увагу святароў ад іх прамых ідэалагічных і духоўных абавязкаў. Такім чынам, баючыся новых выступленняў супраць сваей палітыкі, царскі ўрад ліквідаваў юрысдыкцыю мясцовых феадалаў на Беларусі, падарваў ідэалагічны фундамент іх магутнасці – каталіцтва. Адначасова ен пачаў шукаць апору ў асяродзі сялянства. Гэтай мэце спрыяла распрацаваная ў 1860 – 1862 гг. адукацыйная праграма, якая дазваляла ў школах ніжэйшай ступені ўжываць беларускую мову. Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. урадавая палітыка ў заходніх губернях карэнным чынам змянілася: узмацнілася барацьба супраць паланізацыі за пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях. Важная роля ў гэтай справе адводзілася навучальным установам. Пашыраліся свецкія формы адукацыі. Замест царкоўнапрыходскіх школ адкрываліся народныя вучылішчы . Расійскія ўлады прымалі заходы да змянення ўплыву каталіцкай царквы. Аб’яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай прывяло да закрыцця каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў. Манастырскія вучылішчы пераўтвараліся ў гімназіі. Адбывалася нацыянальна-культурное адраджэнне Беларусі, развівалася агульнаадукацыйная школа, узнікалі прафесійныя навучальныя установы. У першай палове ХІХ ст. узнікла беларусазнаўства як навука, частка славістыкі, паглыбіўся інтарэс да гісторыі, этнаграфіі і фальклору Беларусі, ішоў працэс пераўтварэння беларускай народнасці ў беларускую нацыю. Далучэнне да Расіі садзейнічала кансалідацыі беларускага народа, росту яго свядомасці, як асобнай этнічнай супольнасці. У выніку фарміраваўся ўстойлівы беларускі характар, лепшымі рысамі якога сталі талерантнасць, працавітасць, павага да суседніх народаў. Адначасова ішоў працэс узаемаўзбагачэння культур, знаемства беларусаў з лепшымі ўзорамі рускай і сусветнай культуры.
Літаратура
1. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1.–Мн., 2000. С.263–280. 2. Матэрыялы лекцый па гісторыі Беларусі. 3. Рэспубліка Беларусь. Энцыклапедыя Мн., 2005г.