Мінск 2010 ТЭМА 4. ПРЫЧЫНЫ І ПРАЦЭС УТВАРЭННЯ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА: РОЗНЫЯ ТЭАРЭТЫЧНЫЯ ПАДЫХОДЫ План 1. Традыцыйная (літоўская) канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага ў дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіі. 2. Новая (беларуская) канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага ў кнізе М.І. Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа”. 3. Цэнтрысцкая канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага ў працах беларускіх гісторыкаў.
IX - XI стст. час знаходжання беларускіх зямель у складзе Старажытнарускай дзяржавы Кіеўскай Русі. XII - XIII стст. час феадальнай раздробленасці, калі на тэрыторыі Беларусі існавалі Полацкае, Турава-Пінскае, Новагародскае княствы, а частка беларускіх зямель уваходзіла ў склад Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. У XIII ст. вызначыліся два цэнтры кансалідацыі ўсходніх славян. Адзін з іх звязаны са старажытнарускімі гарадамі Новагародкам і Вільняй, на чале з якімі аб'ядноўваліся заходнія землі русаў і літоўскія землі і фарміравалася магутная дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Другі цэнтр Масква, вакол якой аб'ядноўваліся ўсходнія землі русаў і стваралася таксама вялікая і магутная Маскоўская дзяржава. Чаму заходнерускія і літоўскія землі ў сярэдзіне XIII ст. пачалі аб'ядноўвацца і ствараць адзіную дзяржаву Вялікае княства Літоўскае? Існуюць тры групы прычын утварэння ВКЛ. Першая з іх сацыяльна-эканамічныя прычыны. Інтэнсіўнае развіццё феадальных адносін, запрыгоньванне новых катэгорый насельніцтва вольных абшчыннікаў і несвабоднага насельніцтва халопаў, узрастанне сілы і моцы баярства, узнікненне вечавога кіраўніцтва, развіццё земляробства, рост гарадоў, пашырэнне гандлю, рамёстваў, з'яўленне тэрытарыяльнай спецыялізацыі працы усё гэта адраджала аб'яднальную тэндэнцыю, тэндэнцыю да адзінай дзяржавы, у якой пасля працяглай феадальнай раздробленасці можна было больш паспяхова вырашаць сацыяльна-эканамічныя задачы. Другая група унутрыпалітычныя прычыны. Далейшае развіццё феадальных адносін непазбежна вяло да абвастрэння класавых супярэчнасцей і класавай барацьбы, якая прымала розныя формы: ад крадзяжу феадальнай уласнасці, знішчэння знакаў, якімі феадалы адзначалі захопленыя аошчынныя зямлі, да падпалу маёнткаў феадалаў, забойстваў прадстаўнікоў феадальнай адміністрацыі. Класавая барацьба ў феадальным грамадстве заўсёды з'яўлялася адным з фактараў аб'яднальных працэсаў. Феадалам неабходна было аб'яднаць сілы для ўзмацнення прававога рэгулявання феадальных адносін, уніфікацыі феадальнага прыгнету, каб спыніць перабежкі сялян ад аднаго феадала да іншага, прымацаваць іх да зямлі. Трэцяя група знешнепалітычныя прычыны. Пагроза ў XIII ст. заходнерускім (сучасным беларускім) землям з захаду ад крыжакоў (ордэн мечаносцаў, Лівонскі і Тэўтонскі ордэны), з поўдня і ўсходу ад татараманголаў (заваяванне Усходняй і Паўдневай Русі) падштурхоўвала заходнерускія і літоўскія княствы да аб'яднання і ўтварэння адзінай дзяржавы. Але ў сярэдзіне XIII ст., пасля працяглай палітычнай раздробленасці, на Русі не знайшлося палітычных сіл і палітычнага цэнтра, вакол якіх маглі 6 аб'яднацца рускія землі. Справа ў тым, што княжацкая дынастыя Рурыкавічаў была аслаблена як палітычная сіла. Сімбіёз Паўночна-Усходняй Русі з Ардой, аб'яднанне яе княстваў пад уладай хана, адсутнасць у спустошаных землях сіл для барацьбы выключалі рускіх князёў з ліку магчымых лідэраў гэтага руху. Гэты шанс крыху дольш захоўвалі князі Галіцка-Валынскага княства. Яны (у прыватнасці Данііл Галіцкі, які ў 1254 г. прыняў ад Папы каралеўскі тытул) спрабавалі змагацца з Ардой, але пацярпелі паражэнне і таксама вымушаны былі плаціць ёй даніну. Карацей кажучы, татарскія набегі знясілілі і Паўднёва-Заходнюю Русь. Заходнія землі Русі (у будучым беларускія землі), якія не падпалі пад манго-лататарскае ярмо і ў якіх назіраўся прагрэс у развіцці феадальных адносін, таксама не змаглі знайсці ў сваім асяроддзі палітычнага лідэра, вакол якога яны маглі б аб'яднацца. Рост эканамічнай і ваеннай магутнасці рускіх феадалаў, іх няспынная барацьба за лідэрства, палітычныя амбіцыі прывялі да таго, што аб'яднальнай сілай у заходнерускіх княствах выступілі вялікія князі літоўскія. Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага быў працяглым і меў складаны характар. Ён адбываўся больш за стагоддзе з другой чвэрці XIII ст. па трэцюю чвэрць XIV ст. У адных выпадках тэрыторыі далучаліся пры дапамозе ваеннай сілы, у другіх на аснове пагадненняў паміж рускімі і літоўскімі князямі, у трэціх шляхам дынастычных шлюбаў. На працягу XIII - XIV стст. у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўтварылася феадальная дзяржава Вялікае княства Літоўскае, якое ахоплівала тэрыторыю цяперашніх Літвы і Беларусі, большую частку Украіны і частку Расіі (Смаленскую, Тульскую, Арлоўскую і частку Маскоўскай вобласці). У перыяд свайго росквіту ў XV ст. Вялікае княства Літоўскае распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора і ад межаў Польшчы і Венгрыі да Падмаскоўя, да Мажайска, што за 100 км ад Масквы. Чаму аб'ядноўваліся заходнерускія (беларускія) і літоўскія землі, а дзяржава мела не беларускую, а літоўскую назву? Спроба даць адказ на гэтае пытанне прыводзіць да трох канцэпцый ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Першая з іх прадстаўлена ў традыцыйнай гістарыяграфіі, у старой навуковай і вучэбнай літаратуры, сённяшняй літоўскай гістарыяграфіі. Яе ўмоўна называюць традыцыйнай (літоўскай) канцэпцыяй. Сутнасць гэтай канцэпцыі ў наступным. Літва гістарычная, Літва летапісная, Літва XI - XIII стст. знаходзілася там жа, дзе і сучасная Літва. У XIII ст. літоўскія княствы Жэмайція, Аўкштайція, Селы, Земгалы аб'ядноўваюцца на чале з Міндсўгам і ўтвараецца адзіная цэнтралізаваная ранне-феадальная літоўская дзяржава (Літва Міндоўга) з моцнай вялікакняжацкай уладай і такой жа моцнай ваеннай арганізацыяй. Гэтая дзяржава ажыццяўляе сілай зброі захоп рускіх зямель і гвалтоўнае іх далучэнне да Літвы. Першымі ў Вялікае княства Літоўскае трапляюць землі Верхняга Панямоння, так званая Чорная Русь, ці Новагародчына, што ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскага княства. Міндоўг выкарыстаў спусташэнне, нанесенае княству татара-манголамі, і даволі легка пранік на тэрыторыю Панямоння. Час правядзення гэтай аперацыі 1248 г. можна прыняць за пачатак утварэння Вялікага княства Літоўскага. Аднак галіцка-валынскія князі не пагадзіліся са стратай Новагародчыны і стварылі супраць Міндоўга ваенную кааліцыю ў складзе Яцвягіі, Жэмайціі, Рыгі, у якую ўвайшлі таксама пляменнікі Міндоўга Таўцівіл і Едзівіл і іх дзядзька, жмудскі князь Вікінт, якіх Міндоўг выгнаў з краіны, а іх землі і маёмасць захапіў. У 1249 г. пачалася феадальная вайна, у якой перамаглі літоўскія князі на чале з Міндоўгам. Новагародская зямля была далучана да Літвы, а Новагародак стаў сталіцай (рэзідэнцыяй) Вялікага княства Літоўскага. У 1263 г. Міндоўг і двое яго малодшых сыноў былі забіты ў выніку змовы варожых яму князёў князя Даўмонта (бацькі Давыда Гарадзенскага), у якога аўдавелы Міндоўг адабраў жонку, і жамойцкага князя Траняты, які жадаў захапіць уладу ў Вялікім княстве Літоўскім. У княстве пачалася дынастычная смута. Стварэнне магутнай краіны працягвалася пры нашчадках Міндоўга яго старэйшым сыне Войшалку, які ад імя бацькі кіраваў у Ваўкавыску і Слоніме. У 1254 г. Войшалк быў абраны вялікім князем новагародскім. Яго першай дзяржаўнай справай стала заключэнне міру з Галіцка-Валынскім княствам. Войшалк аддаў сыну Данілы Галіцкага Раману Новагародак і іншыя гарады, а сам прыняў манаства і заснаваў манастыр у в. Лаўрышава, паміж Літвой і Новагародкам. Аднак бурлівыя падзеі хутка ўцягнулі яго ў вір палітыкі. Падчас дынастычнай смуты, што адбылася пасля смерці Міндоўга, Войшалк заваяваў і падпарадкаваў Полацк і Віцебск, аб'яднаў вакол Новагародка іншыя заходнерускія землі. У 1267 г. ён перадаў велікакняжацкую ўладу Шварку, мужу сваёй сястры. У 1268 г. галіцкі князь Леў Данілавіч запрасіў Войшалка да сябе ў госці ва Уладзімір-Валынскі, у п'яным шаленстве выхапіў шаблю і засек яго, бо сам хацеў валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі. Праўда, з гэтай задумы ў яго нічога не атрымалася. Князю Трайдзену выпала доля абараняць дзяржаву, асновы якой заклалі Міндоўг і Войшалк. Ён кіраваў 12 гадоў, пачынаючы з 1270 г. Трайдзен праводзіў палітыку ў інтарэсах Новагародка, быў ворагам Галіцка-Валынскага княства, ваяваў супраць яго і татара-манголаў, якіх галіцка-валынскія князі бралі ў саюзнікі і рабілі сумесныя разбуральныя паходы на Новагародак. У гады яго княжання ў склад Літоўскага княства ўвайшлі землі яцвягаў. Ён пасяліў прусаў, якія ўцякалі ад крыжакоў, ад анямечвання і хрысціянізацыі, каля Слоніма і Гродна. Трайдзен уціхамірыў нальшчанскіх феадалаў, якія не жадалі падпарадкоўвацца цэнтральнай уладзе. Пасля смерці Трайдзена княжылі браты Будзівід і Будзікід, звестак пра якіх захавалася вельмі мала. У 1293 - 1316 гг. вялікім князем літоўскім быў Віцень. Ён мячом уціхамірыў жамойцкіх феадалаў, якія паднялі паўстанне і мелі намер пайсці на саюз з крыжакамі. Даследчыкі мяркуюць, што далучэнне Полацкай зямлі да ВКЛ адбылося пры Войшалку, але часам канчатковага аб'яднання лічаць 1307 г. Полацк захаваў вечавы лад, аўтаномнасць зямлі, маёмасныя правы, непадуладнасць велікакняжацкага суда, самастойнасць у пытаннях веры і гандлю. Віцень змагаўся з крыжакамі, абараняў Гарадзеншчыну ад крыжацкіх набегаў. Старастам горада ён прызначыў Давыда, сына былога нальшчанскага князя Даўмонта. Чвэрць стагоддзя Давыд Гарадзенскі абараняў сваю зямлю ад крыжакоў. У 1315 г. да ВКЛ была далучана Берасцейская зямля. У 1311 і 1315 гг. Віцень сам узначаліў паходы баявых дружын у Прусію. Калі вяртаўся дамоў з паходу 1315 г., быў забіты ўдарам маланкі. Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага працягваўся пры Гедыміне. Гістарычнай навуцы невядома, хто ён сын ці брат Віценя і калі дакладна пачаў княжыць. У сувязі з тым, што Новагародак быў прыфрантавым горадам, які вёў пастаянныя войны з галіцка-валынскімі князямі, іх саюзнікамі татарамі, а таксама з крыжакамі, каля 1323 - 1326 гг. Гедымін перанёс сталіцу з Новагародка ў Вільню, якая была заснавана крывічамі на рубяжы VII - VIII стст. Іншая назва Вільні, якая сустракаецца ў крыніцах, КрывічГорад, а ў нямецкіх крыніцах КрыўКаструм (крэпасць на зямлі крывічоў). У першай чвэрці XIV ст. у склад Вялікага княства Літоўскага ўвайшлі Полацкая зямля, Мінскае і Віцебскае княствы, а таксама Турава-Пінская зямля, большасць сучасных беларускіх зямель. Тэрыторыя дзяржавы працягвалася ад Буга да Дняпра. У той час, калі беларускія землі былі ўжо фактычна аб'яднаны, сучаснік Гедыміна Іван Каліта пачаў аб'ядноўваць вакол Масквы ўсходнерускія землі. Пры Альгердзе ў 1352 г. да ВКЛ была канчаткова далучана Валынь, у 1357 г. Бранск і Смаленск. Войскі Вялікага княства Літоўскага наносілі магутныя ўдары па татара-манголах, вызваляючы ад іх уладання некаторыя славянскія землі. У 1362 г. у бітве на р. Сінія Воды (Падолле, Украіна) Альгерд ушчэнт разбіў татарамангольскае войска. Гэта адбылося за 18 гадоў да вядомай Кулікоўскай бітвы 1380 г. Гістарычнае значэнні сіняводскай перамогі ў тым, што ў выніку яе Кіеўшчына і Падолле былі вызвалены ад татара-манголаў і далучаны да Вялікага княства Літоўскага. У склад ВКЛ увайшла таксама Чарнігава-Северская зямля. У 1368, 1370 і 1372 гг. былі зроблены паспяховыя паходы войска ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы. Барацьба з Маскоўскім княствам працягвалася і пры Вітаўце (маскоўскі князь Васіль I быў жанаты з дачкой Вітаўта). У 1408 г. войскі Васіля I і Вітаўта сустрэліся на беразе р. Угра, што на тэрыторыі сучаснай Калужскай вобласці. Войскі ў бой не ўступілі. Тут была ўстаноўлена мяжа паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, якая прайшла праз Мажайск і па р. Угра. Землі ВКЛ распасціраліся ад Балтыйскага да Чорнага мора. У сувязі з традыцыйнай (літоўскай) канцэпцыяй утварэння ВКЛ узнікае пытанне: чаму заходнія і паўднёвыя землі Русі, якія знаходзіліся на больш высокім узроўні цывілізаванасці, сталі лёгкай здабычай Літоўскай дзяржавы, прызналі палітычнае лідэрства народа, які ў гістарычным плане развіваўся са спазненнем на некалькі стагоддзяў? Адказваючы на гэтае пытанне, прыхільнікі традыцыйнай (літоўскай) канцэпцыі называюць дзве прычыны. Першая прычына неадпаведнасць фаз палітычнага развіцця Літвы і рускіх зямель. Калі ўсходнія славяне мелі моцную дзяржаўнасць (пачынаючы з IX і па XI ст. уключна) Кіеўскую Русь, Літва ўяўляла з сябе шэраг асобных зямель на чале з "кунігасамі" (князямі). Дзяржава тут узнікла толькі ў XIII ст. і адразу ж пераўтварылася ў магутную палітычную і ваенную арганізацыю. Для паўднёвых і заходніх зямель Русі XII - XIII стст. былі перыядам феадальнай раздробленасці, міжусобных войн, якія аслаблялі рускія княствы. Аслабленыя міжусобнымі войнамі, славянскія княствы часта не маглі вытрымліваць націск літоўцаў. Другая прычына звязана з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і нашэсцем татараманголаў, што таксама аслабляла славянскія княствы. У кнізе гісторыка М.І. Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" найбольш поўна выкладзена новая (беларуская) канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Яе таксама называюць рамантычнай і нават міфалагізатарскай канцэпцыяй. Асноўнымі тэзісамі гэтай канцэпцыі з'яўляюцца наступныя. 1. Ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання Чорнай Русі і іншых беларускіх зямель, што нібыта і паклала пачатак утварэнню Вялікага княства Літоўскага. Такое сцвярджэнне ўзнікла ў сярэдзіне XVI ст., каб ідэалагічна абгрунтаваць права Вялікага княства Літоўскага на беларускія землі, значная частка якіх тады часова была занята войскамі Івана Грознага. Гэта версія праз "Хроніку" М. Стрыйкоўскага перайшла ў многія кнігі па гісторыі, пазней была некрытычііа прынята шмат якімі даследчыкамі і, стаўшы традыцыйнай, доўгі час не пераглядалася. 2. Значнай перашкодай для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння Вялікага княства Літоўскага з'яўляецца атаясамліванне летапіснай Літвы (XI - XIII стст.) з усходняй часткай сучаснай Літвы (тагачаснай Аўкштайціяй): Літва гэта Аўкштайція. Аднак гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад уласна Літвой у XI - XIII стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і якая побач з імі з'яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Менавіта яна і была далучана да Новагародка спачатку ў 50-х гг. XIII ст. Міндоўгам, а пасля, у 60-я гг. XIII ст. канчаткова замацавана яго сынам Войшалкам. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, і пайшла назва нован дзяржавы як Літоўскай. 3. Тое, што ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага суправаджалася заваяваннем балцкалітоўскіх зямель (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцвярджэнне аб тым, што ўзнікненне гэтай дзяржавы дыктавалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. Паколькі ўтварэнне ВКЛ было найперш вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх зямель, то гэты гістарычны працэс быў у інтарэсах беларускіх феадалаў, што і характарызуе гэту дзяржаву найперш як беларускую. Таму становіцца зразумелым, чаму ў Вялікім княстве Літоўскім пануючае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова (Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мінск, 1991. С. 83 84). У новай (беларускай) канцэпцыі, папершае, літоўцаў альбо не заўважаюць, альбо памяншаюць іх ролю ва ўтварэнні ВКЛ: былі заваяваны, далучаны да Новагародка. Іншы раз прызнаецца, што літоўцы былі асіміляваны, "абеларушаны'. Падругое, дзяржаўнасць не разглядаецца як палітычнае ўтварэнне, сукупнасць палітычных інстытутаў, а зводзіцца да тэрыторыі, мовы і іншых этнічных прыкмет: дзяржаўнасць 6еларуская таму, што большасць насельніцтва складаў беларускі этнас, панавала беларуская культура, а жыхары карысталіся беларускай мовай. На самай справе дзяржаўнасць гэта не тэрыторыя, не мова і культура, не этнас, а механізм, машына, якая рэгулюе палітычныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя і міждзяржаўныя адносіны. Гэтага гісторыкі стараюцца не заўважаць. М.І. Ермаловіч не першы гісторык, які летапісную Літву шукаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Заслуга М.І. Ермаловіча ў тым, што ен на аснове першакрыніц удакладніў межы Старажытнай Літвы, якая, на яго думку, займала тэрыторыю ад Маладзечна да Заслаўя і Дзяржынска (усходняя мяжа Літвы праходзіла прыблізна за 30 км ад Мінска), далей да сучасных Баранавіч, Ляхавіч і Слоніма. Заходняя мяжа Старажытнай Літвы праходзіла прыкладна за 20 км ад Новагародка, дзесьці ў раёне Карэліч. Па нёманскай Бярэзіне праходзіла мяжа паміж Літвой і Полацкім княствам. Гісторыкі-рамантыкі не толькі сфармулявалі новую (беларускую) канцэпцыю ўтварэння ВКЛ, не толькі ўдакладнілі межы старажытнай Літвы, але і, абапіраючыся на летапісы і іншыя крыніцы, выкарысталі аргументы і факты для абароны распрацаванай імі канцэпцыі. Якія ж гэта аргументы і факты? Папершае, прыхільнікі новай (беларускай) канцэпцыі лічаць, што ніякага аслаблення беларускіх зямель у XII пачатку XIII стст. не існавала, міжусобнай барацьбы таксама не было. Летапісы і іншыя крыніцы не зарэгістравалі такіх фактаў. Больш за тое, крыжацкая навала яднала беларускія княствы. У канцы XII ст. крыжакам удалося захапіць Ніжняе Падзвінне, Кукенойс і Герцыке і тым самым адрэзаць Полацкае княства ад Балтыйскага мора. Сіл супрацьстаяць крыжакам у палачан не хапіла, не дапамаглі ім наўгародцы і пскавічы. Гэта аслабіла Полацкае княства. Цэнтр грамадскапалітычнага жыцця пачаў паступова перамяшчацца з Падзвіння (Полацкага княства) у Панямонне (Новагародскае княства). Падругое, Літва, перш чым распачынаць заваяванне зямель заходнерусаў, рабіла паходы супраць Новагародчыны, Пскоўшчыны, Смаленшчыны, багацела, умацоўвалася. Паходаў было шмат, гэта адзначаюць летапісы. Усе паходы, акрамя двух, закончыліся няўдачай для літоўцаў. Аб гэтым нічога не гаварылася ў дарэвалюцыйнай і савецкай гістарыяграфіі. Чаму? Таму што літоўцы быццам мелі больш сталую ваенную арганізацыю, чым заходнерусы, яны заваёўвалі апошніх, і ні ў якім разе не наадварот. Патрэцяе, як лічыць М.І. Ермаловіч, галоўным пытаннем, што паставіла ўсё з ног на галаву, было атаясамленне сучаснаіі Літвы са Старажытнай Літвой. Апошняя была гістарычнай вобласцю Беларусі, яе трэба шукаць побач з Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі. Старажытная Літва пакінула на тэрыторыі Беларусі аўтографы ў выглядзе назваў вёсак Літва у Слонімскім (Гродзенская вобласць), Ляхавіцкім (Брэсцкая вобласць) раёнах. Гэтыя назвы (тапонім Літва) супадаюць з летапіснымі. Якжа ішоў працэсутварэння Вялікага княства Літоўскага? Пачатак утварэння ВКЛ як у літоўскай, так і ў беларускай канцэпцыі звязваецца з дзейнасцю літоўскага князя Міндоўга. У міжусобнай барацьбе за ўладу ён пацярпеў паражэнне і быў вымушаны ўцякаць з Літвы ў суседні Новагародак. Тут ён прымае "веру христианскую от Востока". Міндоўга новагародцы выбіраюць сваім князем і ставяць перад ім задачу пашырэння тэрыторыі Новагародскага княства за кошт суседняй Літвы. Перамога, мабыць, была неабходнай умовай выбрання Міндоўга на пасаду новагародскага князя. Утварэнне ВКЛ пачалося са спробы заваявання Новагародскім княствам Літвы. Аднак гэта спроба заваявання Літвы ў 1248 - 1254 гг. закончылася няўдачай. Князь Міндоўг здрадзіў Новагародку. Ён пайшоў на саюз з крыжакамі, прыняў каталіцтва і ў 1252 г. атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону. М.І. Ермаловіч робіць вывад аб тым, што роля Міндоўга ў гісторыі яўна перабольшваецца. Ён не быў стваральнікам Вялікага княства Літоўскага, як гэта сцвярджаецца ў літаратуры. Не ён зрабіў сваёй сталіцай Новагародак, а Новагародак выбраў яго сваім князем. Не літоўскую ўладу ажыццяўляў тут Міндоўг, а быў выканаўцам дзяржаўных імкненняў Новагародка. Ён страціў новагародскі пасад менавіта таму, што не апраўдаў надзей новагародскіх феадалаў. Сын Міндоўга Войшалк у 1258 г. стаў паўнапраўным гаспадаром Новагародскай зямлі. Абапіраючыся на сілы Новагародка і саюзнага з ім Пінска, ён заваяваў суседнюю Літву, жорстка расправіўся з літоўскімі феадаламі, затым з дапамогай галіцка-валынскіх князёў не менш жорстка пакараў феадалаў Дзяволтвы (частка ўсходу сучаснай Літвы) і Нальшчанаў (паўночны захад сучаснай Беларусі) і далучыў гэтыя землі да Новагародка. Прыкладна ў 1265 г. да Новагародка была далучана Полацкая зямля. М.І. Ермаловіч робіць вывад аб тым, што аб'яднанне Войшалкам Новагародскай, Пінскай, Нальшчанскай, Дзяволтваўскай, Полацка-Віцебскай і Літоўскай зямель у адзіную дзяржаву было фактычна пачаткам утварэння Вялікага княства Літоўскага. Але калі далучэнне балцкіх зямель Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Падобным чынам пазней да Вялікага княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія землі. Вырашальную аб'яднальную ролю ў пачатковай гісторыі Вялікага княства Літоўскага меў найперш Новагародак. Нездарма ж і герб гэтага горада коннік з мячом у руцэ стаў дзяржаўным гербам Вялікага княства Літоўскага (Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. С. 82). Прыхільнікі яшчэ адной, цэнтрысцкай, канцэпцыі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага на аснове падбору адпаведнага канкрэтна-гістарычнага матэрыялу сцвярджаюць, што ў XIII - XIV стст. рашаючую ролю ва ўтварэнні і развіцці Вялікага княства Літоўскага разам з заходнерускімі феадаламі адыгрывалі літоўскія феадалы, таму дзяржава гэтага часу была літоўска-беларускай дзяржавай. У XV - XVI стст. вырашальную ролю ў жыцці Вялікага княства Літоўскага разам з літоўскімі феадаламі адыгрывалі беларускія феадалы, значыць, дзяржава гэтага часу была беларуска-літоўскай. Трэба адзначыць, што навуковая праблема месцазнаходжання летапіснай Літвы XI - XIII стст., утварэння Вялікага княства Літоўскага ў гістарычнай літаратуры канчаткова не вырашана. Даследчыкі амаль адзіныя ў ацэнцы шляхоў утварэння Вялікага княства Літоўскага: гвалтоўнае далучэнне тэрыторый праз іх заваяванне, пагадненні паміж рускімі і літоўскімі князямі, дынастычныя шлюбы. Спрэчкі працягваюцца ў асноўным наконт таго, дзе знаходзілася Старажытная Літва XI XIII стст., хто каго заваёўваў, на базе якой тэрыторыі стваралася новая дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Навуковае высвятленне гэтых і іншых дыскусійных пытанняў патрабуе часу і намаганняў даследчыкаў. Аднак вынікі навуковых даследаванняў ужо сёння дазваляюць сцвярджаць, што Вялікае княства Літоўскае не было створана толькі продкамі сучасных беларусаў і літоўцаў, а таму яно не з'яўлялася ні беларуска-літоўскай, ні літоўска-беларускай дзяржавай, як аб гэтым сказана ў некаторых сучасных публікацыях. Вялікае княства Літоўскае гэта поліэтнічная дзяржава чатырох асноўных народаў беларускага, рускага, украінскага і літоўскага, дзе славяне займалі прыкладна 11/12 тэрыторыі і складалі каля 80 % насельніцтва краіны. Літоўцы ў гэтай дзяржаве з'яўляліся этнічнай меншасцю. Таму, на наш погляд, Вялікае княства Літоўскае можна называць літоўска-рускай ці руска-літоўскай дзяржавай, як аб гэтым сцвярджалася ў дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіі.
Літаратура Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1.–Мн., 2000. Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа.–Мн., 1989.