bsuir.info
БГУИР: Дистанционное и заочное обучение
(файловый архив)
Вход (быстрый)
Регистрация
Категории каталога
Другое [37]
Белорусский язык [248]
ВОВ [92]
Высшая математика [468]
Идеология [114]
Иностранный язык [633]
История Беларуси [248]
Культурология [42]
Логика [259]
НГиИГ [120]
Основы права [8]
Основы психологии и педагогики [7]
Охрана труда [7]
Политология [179]
Социология [120]
Статистика [31]
ТВиМС [83]
Техническая механика [43]
ТЭЦ [85]
Физика [146]
Философия [169]
Химия [76]
Экология [35]
Экономика предприятия [35]
Экономическая теория [170]
Электротехника [35]
ЭПиУ [44]
Этика [5]
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Файловый архив
Файлы » Общевузовские предметы » История Беларуси

Змены ў дзяржаўна-палітычным ладзе Беларусі пасля ўваходжання яе ў склад Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – 50-я гг. XIX ст.)
Подробности о скачивании 06.01.2013, 17:01
ПЛАН

1. Вызначце асаблівасці палітыкі расійскага ўрада ў галіне адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадаўства ў Беларусі на працягу вызначанага перыяду.
2. Прааналізуйце канфесійную палітыку расійскага ўрада ў Беларусі. Чым яна была выклікана?
3. Ахарактарызуйце палітычнае становішча Беларусі напярэдадні і падчас Айчыннай вайны 1812 г. Якія наступствы мела гэта вайна для насельніцтва Беларусі?

У выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795 гг.) Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Да Расіі адышла тэрыторыя Беларусі з насельніцтвам каля 3,3 млн. чалавек. З канца XVIII ст. пачынаецца новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы.
1. Асаблівасці адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадайства.
Адміністрацыйны падзел. Пасля далучэння да Расійскай імперыі на беларускія землі былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. Так, паводле праведзенай у 1796 г. адміністрацыйнай рэформы ў Беларусі ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.
У выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі ў 1801 – 1802 гг. Беларуская губерня падзялілася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства (па 1856 г.). Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае (Віленскае) генерал-губернатарства (па 1912 г.). У час польскага паўстання 1830 – 1831 гг. і некаторы час пасля яго Мінская губерня мела статус генерал-губернатарства (1831 – 1834).
Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях належала губернатарам, якія кіравалі праз канцылярыі ў складзе віцэ-губернатара, саветнікаў, пракурора, сакратароў і іншых чыноўнікаў. Як правіла, вышэйшыя пасады займалі чыноўнікі з рускіх, на іншыя чыноўніцкія пасады ў беларускіх губернях дапушчаліся мясцовыя ўраджэнцы. Толькі дваране-католікі, якія жадалі паступіць на дзяржаўную службу, павінны былі прайсці абавязковую 5-гадовую “стажыроўку” у вялікарасійскіх губернях.
Змены ў судовай сістэме. На далучанай тэрыторыі ў якасці судовага заканадаўства працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588 г., які быў перакладзена па загаду генерал-пракурора Сената А.Вяземскага ў 1780 г. на рускую мову7. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 г. пры юстыц-калегіі ліфляндскіх, эстляндскіх i фінлядскіх спраў Сената быў створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780 г. Да гэтага часу вышэйшай апеляцыйнай уста-новай у ВКЛ быў Галоўны Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем да Pacii Вільні трыбунал быў скасаваны. Аднак ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 г. для таго, каб ix завяршыць, быў створаны Грамадзянскі дэпартамент старых літоўскіх спраў1. У лютым 1797 г. быў заснаваны Галоўны літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губерню. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадзянскага i крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з'яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў i ратуш. Пасля губернскай рэформы 1801 г. галоуныя суды былі адкрыты ў кожнай губерні ў складзе крымінальнага i грамадзянскага дэпартаментаў.
Паводле "Устанаўлення..." 1775 г. на новадалучаных землях уводзіліся павятовыя суды ca шляхецкай апекай, у губернях - верхнія земскія суды для шляхты; ніжэйшыя i верхнія расправы для вольных сялян; гарадавыя i губернскія магістраты. Акрамя таго, у губернскіх гарадах былі крымінальная і грамадзянская палата i губернскі пракурор, які кантраляваў ix дзейнасць2. Расійскі ўрад адмяніў на тэрыторыі смяротнае пакаранне i не дазваляў судам разглядаць справы тых асоб, якія не мелі ў паветах нерухомай маёмасці.
Замест земскіх судоў спачатку ва Усходняй Беларусі, а потым у іншых губернях былі створаны губернскія i правінцыяльныя земскія суды, якія з 1773 г. пачалі называць павятовымі. У далейшым ім былі перададзены i функцыі гродскіх судоў (пасля ix скасавання). Падкаморскія суды, скасаваныя ў 1772 г. ва Усходняй Беларусі, а на астатніх тэрыторыях у 1795 г., былі адноўлены Паўлам 1 у 1797 г. i праіснавалі да 1832 г.
Даўжэй за ўсё ў беларуска-літоўскіх губернях ca старой судовай сістэмы пратрымаліся гродскія (у Віцебскай, Магілёўскай i Мінскай губернях да 1795 г., у Віленскай і Гродзенскай да 1831 г.), кампрамісныя і эксдывізор-ска-таксатарскія суды (да 1840 г.).
Спалучэнне бюракратычнага i саслоўнага элементаў у мясцовым кіраванні найбольш яскрава выявілася ў судовай сістэме. У рад прызначаў на па-сады ў губернскіх i павятовых судовых установах толькі саветнікаў і канцылярскіх чыноўнікаў. Усе астатнія пасады замяшчаліся па выбару дваранства. Аднак пры гэтым урад пільна сачыў, каб на пасады суддзяў, спраўнікаў, засядацеляў выбіраліся асобы, верныя расійскай уладзе.
У канцы XVIII - першай трэці XIX ст. у беларуска-літоўскіх губернях сістэма судаводства захавала пэўныя адрозненні ад расійскай. У грамадзянскім судаводстве дзейнічалі нормы Статута ВКЛ, сеймавых канстытуцый, а справаводства вялося на польскай мове. Крымінальнае ж судаводства ажыццяўлялася згодна з агульнаімперскімі законамі i на рускай мове. І гэта нягледзячы на заяўленне расійскіх улад, што "суд i расправа ўнутраных тых правінцый, у асабістых справах, могуць правадзіцца па іх законах і звычках, і ix мовай, ва ўсіх тых выиадках, якія не датычацца ўлады нашай " .

2. Канфесійная палітыка.
У канцы ХVІІІ ст. на беларускіх землях пражывала каля 39 % уніятаў, 38 – католікаў, 10 – іудзеяў, 6,5 – праваслаўных, 4 – старавераў, астатнія 2,5 % прыходзіліся на пратэстантаў, мусульман і караімаў. Расійскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій, аднак верацярпімасць была адноснай. Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі мясцовая праваслаўная царква перайшла пад юрысдыкцыю Свяцейшага Сінода. Сінод з’яўляўся вышэйшым органам кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве. Яго ўзначальваў обер-пракурор – свецкі чыноўнік, які прызначаўся імператарам. На беларускіх землях існавалі Магілёўская (створана ў 1632 г.) і Мінская (створана ў 1793 г.) епархіі, куды ўваходзілі тэрыторыі Міншчыны, Віленшчыны, і Гродзеншчыны. Нягледзячы на сваё пануючае становішча, праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным стане. Праваслаўнымі вернікамі ў асноўным былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Дваране (у большасці сваёй католікі) мала клапаціліся пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў.
Каталіцтва і пратэстантызм карысталіся шырокай свабодай на тэрыторыі беларускіх губерняў. Расійскі ўрад улічваў, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з’яўляліся католікамі. Таму за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Згодна з даравальнай граматай Кацярыны ІІ ад 1774 г. засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, што адпавядала інтарэсам польскага і апалячанага беларускага дваранства. Адзінае, што катэгарычна забаранялася каталіцкаму духавенству – гэта схіляць да сваёй веры праваслаўных.
Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе часовы прытулак на землях Беларусі. Езуіты з дазволу ўлад маглі займацца місіянерскай дзейнасцю па ўсёй Беларусі. Езуіцкія калегіі былі адкрыты ў Магілёве, Мсціслаўлі, Чачэрску, Віцебску, Дзвінску і Оршы. 12 студзеня 1812 г. Полацкай езуіцкай калегіі быў нададзены статус акадэміі з правамі універсітэта. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой каталіцкае духавенства супрацоўнічала з французскай акупацыйнай адміністрацыяй, езуіты былі выгнаны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. У 1820 г. была зачынена і Полацкая езуіцкая акадэмія.
Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў. Кіраўнікі мінскай і магілёўскай праваслаўных епархій былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў пераходзіць у праваслаўе, а трэба “абуджаць добраахвотнае жаданне”. Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына ІІ выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе.
Аднак умацаванне каталіцтва адмоўна адбілася на становішчы уніятаў. Вернікамі уніяцкай царквы былі прыгонныя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Таму, нягледзячы на колькасную перавагу ў верніках, уніяцтва не з’яўлялася ўплывовай канфесіяй у краі. Да таго ж уніяты юрыдычна падпарадкоўваліся каталіцкай царкве. У пачатку ХІХ ст. пад ціскам мясцовых памешчыкаў-католікаў распачаўся перавод уніятаў у каталіцтва. Так, ў 1803 г. у Полацкай архіепіскапіі лацінскі абрад прынялі 100 тыс. вернікаў (паводле іншых звестак, каля 200 тыс.), у Дзісенскім і Вілейскім паветах Мінскай губерні – каля 20 тыс. і г. д. Акрамя таго, у гэты перыяд уніяцкая царква называлася не грэка-каталіцкая, а рымска-уніяцкая.
Рэскрыптам ад 4 ліпеня 1803 г. Аляксандр І забараняў пераходы ў каталіцтва. Каб захаваць цэласнасць уніяцкай царквы, указам Аляксандра І ад 16 ліпеня 1805 г. у Рыма-каталіцкай калегіі быў створаны уніяцкі дэпартамент, які ўзначальваў архіепіскап Іраклій Лісоўскі. Годам пазней І. Лісоўскі быў прызначаны уніяцкім мітрапалітам. І надалей урад неаднаразова прымаў указы, якія забаранялі каталіцкаму духавенству далучаць уніятаў, аднак яны фактычна не выконваліся.
3. Беларусь у Айчыннай вайне 1812 г.
Міжнароднае становішча ў Еўропе напярэдадні вайны. Захапіўшы ўладу ў Францыі, Напалеон пачаў відавочна праяўляць свае прэтэнзіі на сусветнае панаванне. У ходзе войн 1796 – 1809 гг. Францыя падпарадкавала амаль усе краіны Заходняй Еўропы, за выключэннем Англіі і Швецыі. Такая сітуацыя пагражала інтарэсам Расійскай імперыі. Расія актыўна ўдзельнічала ў ваенных кааліцыях еўрапейскіх манархій, накіраваных супраць Францыі. Але ў руска-франка-прускай вайне 1805 – 1807 гг. кааліцыя пацярпела паражэнне. Аўстрыя і Прусія сталі сатэлітамі Францыі. Англіі Напалеон абвясціў кантынентальную блакаду і прымусіў далучыцца да яе ўсе заваяваныя ім дзяржавы. Расія таксама вымушана была заключыць ў 1807 г. Тыльзіцкі мір, які меў антыбрытанскую накіраванасць. Згодна з гэтым дагаворам, Напалеон стварыў з польскіх зямель, што належалі Прусіі, Герцагства Варшаўскае, васальную Францыі дзяржаву на граніцы з Расіяй. Расіі Напалеон навязаў Беластоцкую акругу з мэтай паглыбіць руска-прускія супярэчнасці. Герцагства Варшаўскае Напалеон выкарыстоўваў у якасці свайго плацдарма на выпадак вайны з Расіяй. Ён нават пагражаў Аляксандру І, што гатовы аднавіць Польшчу ў межах 1772 г.
Да пачатку 1810 г. адносіны паміж Францыяй і Расіяй яшчэ больш абвастрыліся, і яны пачалі рыхтавацца да вайны. Узрастае ваенны бюджэт Францыі, яе войска папаўняецца навабранцамі. Напалеон сцягвае свае войскі ў Прусію і Герцагства Варшаўскае, пастаянна папаўняючы іх кантынгент. Адначасова ён стварае з суседзяў Расіі – Аўстрыі і Прусіі франка-аўстра-прускі ваенны саюз, абяцаючы ім пашырыць іх тэрыторыі за кошт зямель, якія ўваходзілі ў склад Расіі. У лютым 1812 г. Напалеон заключыў дагавор з Прусіяй, а ў сакавіку – з Аўстрыяй. Прусія абавязалася выставіць 20 тыс. салдат, Аўстрыя – 30 тыс., перадаць іх пад французскае камандаванне і прадставіць усё неабходнае для забеспячэння саюзнай арміі. Армія Герцагства Варшаўскага ўжо ў сакавіку 1811 г. налічвала 60 тыс. чалавек. Такім чынам, супраць Расіі Напалеон здолеў выставіць 647 158 чалавек войска і 1 372 гарматы.
Падрыхтоўка Францыі да вайны не была тайнай для Расіі. Расійскі ўрад рыхтаваўся да абароны. Буйным поспехам расійскай дыпламатыі напярэдадні вайны стала заключэнне саюзных дагавораў з Швецыяй, Вялікабрытаніяй і Іспаніяй. Перамога Расіі ў руска-турэцкай вайне 1806 – 1812 гг. і Бухарэсцкі мірны дагавор, заключаны ў маі 1812 г., выключылі магчымасць удзелу Турцыі ў вайне на баку Францыі.
Падрыхтоўка Расіі да вайны і сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях. Тэрыторыя Беларусі і Літвы разглядалася расійскім камандаваннем у якасці будучага галоўнага тэатра ваенных дзеянняў. Таму ўрад прыняў шэраг мер для яе ўмацавання ў інжынерных і інтэнданцкіх адносінах. У жніўні 1810 г. было вырашана пабудаваць ваенныя цытадэлі ў Бабруйску і Дынабургу і ваенны лагер каля Дрысы, а каля Барысава – масты праз Бярэзіну. У будаўніцтве гэтых абарончых збудаванняў прымала актыўна ўдзел насельніцтва Беларусі. Напрыклад, на работы па пабудове Дрысенскага ваеннага лагера кожны дзень прыцягвалася каля 2 500 чалавек.
У ваенна-стратэгічных планах расійскага камандавання беларускія землі адыгрывалі значную ролю ў бягучым забеспячэнні дыслацыраваўшыхся тут палявых рэгулярных войск, стварэнні харчова-фуражных запасаў, пастаўцы для арміі коней, транспартных сродкаў і іншых неабходных для арміі рэчаў. Ішло таксама камплектаванне расійскай арміі. Толькі за 1811 г. з пяці беларускіх губерняў у расійскія войскі паступіла 14 750 рэкрутаў, а разам з наборам 1808 – 1810 гг. агульная колькасць рэкрутаў з Беларусі складала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.
Падрыхтоўка да вайны ўскладнялася супярэчнасцямі ў палітычным настроі беларуска-літоўскага грамадства, у першую чаргу ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлігенцкія колы арыентаваліся на Напалеона. Вялікая колькасць шляхецкай моладзі яшчэ з часоў аўстра-франка-польскай вайны 1809 г. эмігравала ў Герцагства Варшаўскае і паступала служыць у польскае войска. Прынятыя ў гэтай сувязі расійскімі ўладамі захады (секвестр і канфіскацыя маёмасці, судовыя прыгаворы) асаблівага поспеху не мелі.
Аднак пераважная большасць шляхты з асцярогай глядзела на сацыяльныя рэформы ў герцагстве, асабліва на адмену прыгоннага права. Для многіх шляхціцаў імя Напалеона было непарыўна звязана з Французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Частка арыстакратаў і буйных землеўласнікаў звязвала свае надзеі на аднаўленне элементаў “літоўскай” дзяржаўнасці (ВКЛ) у саюзе з Расіяй і на чале з Аляксандрам І.
Са свайго боку, для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандр І істотна знізіў падаткі, якія паступалі ў казну з тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр, К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект “Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім”. У склад апошняга павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было быць абвяшчэнне Маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Прадугледжвалася таксама паступовае, на працягу 10 гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак ажыццяўленне праекта адкладвалася. У вышэйшым расійскім кіраўніцтве гэты праект разглядалі як спробу раздзялення і аслаблення імперыі.
Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1812 г. Расійскае войска на заходняй мяжы імперыі складалася з трох армій і трох асобных карпусоў. Першая Заходняя армія на чале з ваенным міністрам М.Б. Барклаем дэ Толі (120,2 тыс. чалавек і 580 гармат) дыслацыравалася ў Віленскай губерні, па лініі Расоны – Ліда і прыкрывала пецярбургскі кірунак. Другая Заходняя армія пад камандаваннем генерала ад інфантэрыі П.І. Баграціёна (49,4 тыс. чалавек і 180 гармат) знаходзілася ў Гродзенскай губерні, паміж Нёманам і Бугам і засланяла маскоўскі напрамак. Трэцяя Заходняя армія на чале з генералам ад кавалерыі А.П. Тармасавым (44,2 тыс. чалавек і 168 гармат) была размешчана каля г. Луцка ў Валынскай губерні і закрывала кіеўскі напрамак. Акрамя таго, пад Рыгай знаходзіўся асобны корпус генерал-лейтэнанта І. Эсена (38,1 тыс. чалавек), каля Тарапца – рэзервовы корпус генерал-ад’ютанта Я. Мелера-Закамельскага (27,5 тыс. чалавек) і войскі генерал-лейтэнанта Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек). Паводле плана, распрацаванага саветнікам Аляксандра І прускім генералам К. Фулем, рускія арміі былі размешчаны на фронце ў 600 км і аказаліся адарванымі адна ад другой на 100 – 200 км. Гэта стварала рэальную пагрозу разгрому іх паасобку, на што і разлічваў Напалеон.
У ноч на 12 чэрвеня 1812 г. пачалася пераправа войскаў Напалеона праз Нёман. Адразу быў заняты г. Коўна. Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір. На нарадзе ў Дрысенскім лагеры расійскае камандаванне прыняло рашэнне не ўступаць у рашаючую бітву да аб’яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Армія М.Б. Барклая дэ Толі адыходзіла на Віцебск праз Вільню – Свянцяны – Дрысу – Полацк. Для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку ў Дрысенскім лагеры быў пакінуты корпус П.Х. Вітгенштэйна. У асабліва цяжкім становішчы апынулася 2я армія П.І. Баграціёна, якая адступала ў напрамку Ваўкавыск – Слонім – Навагрудак – Нясвіж – Магілёў. Яна страціла сувязі з асноўнымі рускімі войскамі і праследавалася французскай арміяй.
Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. 16 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. У той жа дзень сюды прыехаў Напалеон. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі каля вёсак Вароны, Закрэўшчына, Гудзявічы Гродзенскай губерні, пад мястэчкамі Вішнева, Карэлічы Віленскай губерні; паблізу мястэчкаў Мір і Раманава Мінскай губерні, каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячыны Віцебскай губерні, пад Клясціцамі каля Полацка. 15 ліпеня А.П. Тармасаў разбіў пад Кобрынам саксонскі корпус Ж. Рэнье і знішчыў больш за 6 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Аднак у ліпені 1812 г. злучыцца расійскім арміям у раёне Віцебска не атрымалася. Корпус Даву апярэдзіў рускую армію, заняў Магілёў і перагарадзіў ёй шлях каля вёскі Салтанаўка. Спроба рускіх войск прарвацца не ўдалася. Тады П.І Баграціён пераправіў армію праз Днепр каля Нова-Быхава і выратаваў яе ад разгрому. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.
Палітыка французскіх улад на акупіраванай тэрыторыі. Амаль уся Беларусь, апрача паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны Напалеон вымушаны быў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску. Напалеонаўская армія разам з хворымі і дэзерцірамі страціла да 150 тыс. чалавек, у ёй пагоршылася дысцыпліна, шырока распаўсюдзілася марадзёрства.
Напалеон разлічваў, што значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне пры яго дапамозе Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Каб яшчэ больш схіліць шляхту на свой бок, Напалеон распарадзіўся стварыць у захопленай Вільні Часовы ўрад пад назвай “Камісія Вялікага княства Літоўскага”. Дзейнасць Камісіі распаўсюджвалася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць, якія былі ў хуткім часе ператвораны ў дэпартаменты з двайной (мясцовай і французскай) адміністрацыяй. Галоўныя пасады ў іх занялі французскія военачальнікі – інтэнданты. У склад Камісіі ВКЛ ўвайшлі мясцовыя землеўласнікі і палітычныя дзеячы: С. Солтан (старшыня), К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, Ф. Ельскі, А. Патоцкі, Я. Снядзецкі. У яе функцыі ўваходзілі фінансавыя пытанні (збор падаткаў і размеркаванне бюджэтных сум), арганізацыя ўзброеных сіл, фарміраванне жандармерыі і суда. Вышэйшая ваенная ўлада ў княстве належала прызначанаму 8 ліпеня 1812 г. генерал-губернатару графу Дзірку ван Гогендорпу, а ў кожным дэпартаменце дзейнічаў ваенны губернатар. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, “польскае праўленне”. Неўзабаве Расійскі герб быў заменены на польскага белага арла.
Французскай арміі патрэбны былі салдаты і афіцэры, харчаванне, коні і фураж. Марыянетачны Часовы ўрад ВКЛ павінен быў перш за ўсе забяспечваць усім гэтым войскі Напалеона. Палякі заклікалі аднавіць Польскае каралеўства ў старых межах. Аднак Напалеон ухіляўся ад прамога адказу – ён не жадаў, каб паміж ім і Аляксандрам І паўставала непераадольная перашкода для заключэння міру. Да таго ж літоўска-беларуская шляхта не жадала аб’яднання з Польшчай, бо марыла аб стварэнні самастойнай дзяржавы. Менавіта таму Напалеон не далучыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага да герцагства Варшаўскага, праігнараваўшы просьбы польскага сейма.
Адносіны розных слаёў насельніцтва Беларусі да падзей вайны 1812 г. Прыход французскай арміі насельніцтва Беларусі сустрэла неадназначна. Гараджане ўрачыста віталі французаў. Шляхта амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Падтрымку Напалеону аказала і каталіцкая царква. Аднак па меры прасоўвання французскіх войск на ўсход Беларусі шляхта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, пачынае выказваць свае пачуцці ўсё больш стрымана. Масавыя рэквізіцыі, недастаткова паважлівыя адносіны французаў да мясцовых органаў улады, ваенныя няўдачы прывялі да ахаладжэння ў адносінах шляхты да французаў. Захапленне змянілася трывожным чаканнем.
Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Новая ўлада не толькі не адмяніла прыгон, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы, стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Вядомы партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі ў Барысаўскім, Варанкі ў Дрысенскім, Жарцы ў Полацкім паветах і інш. 18 ліпеня Аляксандр І падпісаў у Полацку маніфест аб скліканні народнага апалчэння. Трэба адзначыць, што ў чэрвені – ліпені 1812 г. разам з выступленнямі сялян супраць французскай арміі шырока распаўсюдзіліся выступленні сялян супраць памешчыкаў.
Ваенныя дзеянні ў Беларусі восенню 1812 г. 22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам. У пачатку жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. Генеральная бітва адбылася 26 жніўня каля вёскі Барадзіно. На Барадзінскім полі супраць французаў актыўна змагаліся ўраджэнцы Беларусі. Так, сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі, абаранялі вядомыя Баграціёнавы флешы, а 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.
Аднак Барадзінская бітва не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. М.І. Кутузаў дзеля далейшага захавання арміі пакінуў Маскву, якую хутка занялі французы. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра І на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы па спустошанай Смаленскай дарозе. 7 кастрычніка 1812 г. рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск, 9 лістапада – Барысаў, 12 лістапада – Магілёў.
Завяршальны ўдар па французах быў нанесены рускімі войскамі ў лістападзе 1812 г. пры іх пераправе праз Бярэзіну, каля вёскі Студзёнка непадалёку ад Барысава. Тут загінула 20 тыс. іншаземных захопнікаў, 50 тыс. трапілі ў палон. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні. 23 лістапада ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, пакінуў армію і паехаў у Парыж.
Вынікі вайны для Беларусі. Вайна прынесла Беларусі велізарныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў 2 – 3 разы. У Мінску, напрыклад з 11 200 чалавек да 3 480. У Гродзенскай губерні загінула звыш 37 тыс. душ мужчынскага насельніцтва. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. У грашовым вылічэнні страты Беларусі ад вайны, паводле няпоўных звестак, складалі каля 52 млн. руб. серабром.
Ад французаў пацярпелі помнікі царкоўнага дойлідства: Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Екацярынінскі храм у Мінску. Свята-Духаў храм у Вільні быў ператвораны захопнікамі ў звычайную стайню.
Расійскія ўлады не спяшаліся палепшыць становішча ў Беларусі. Прыгоннае права было захавана, працягваліся рэкруцкія наборы, падаткі амаль не зменшыліся. Негатыўныя наступствы падзей 1812 г. адчуваліся ў Беларусі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены і памешчыкам былі вернуты іх маёнткі. Напрыклад, С. Камінскі, які ўзначальваў створаную Напалеонам “Камісію Вялікага княства Літоўскага”, захаваў пасаду старшыні ў мінскім галоўным судзе. В. Гяцэвіч, член савета ў Вільні, стаў мінскім віцэ-губернатарам і г. д.
У гонар перамогі расійскіх войск над арміяй Напалеона на тэрыторыі Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Салтанаўка і інш.

Выснова
У канцы XVIII ст. у выніку падзелау Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся пад уладай Расійскай імперыі. Аднак гэта не стала канцом іх палітычнай гісторыі. У XIX - пачатку XX ст. на тэрыторыя Беларусі адбы-валіся падзеі агульнарасійскага, еўрапейскага і нават сусветнага маштабу. Тры паустанні (1794,1830 - 1831,1863 - 1864 гг.), якія мелі яскрава вызва-ленчы характар, недвухсэнсоўна напаміналі царызму аб неабходнасці па іншаму, чым у так званых "велікарускіх" губернях, будаваць свае адносіны з "нованабытымі землямі". Нярэдка гэта адбывалася праз увядзенне надзвычайных і абмежавальных законаў, якія закраналі ўсе бакі сацыяльнага, нацыянальнага, рэлігійнага, культурнага і эканамічнага жыцця краіны.
Літаратура
1. М. Біч. Гісторыя Беларусі. Том 4. Беларусь у складзе Расіі - 2007, Мінск, “Интерпрессервис”.
2. Вучэбны дапаможнік па курсу “Гісторя Беларусі” для студэнтаў усіх форм навучання і спецыяльнасцей, БДУІР, Мінск 2006.
Категория: История Беларуси | Добавил: byk0t
Просмотров: 1933 | Загрузок: 14
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]