bsuir.info
БГУИР: Дистанционное и заочное обучение
(файловый архив)
Вход (быстрый)
Регистрация
Категории каталога
Другое [37]
Белорусский язык [248]
ВОВ [92]
Высшая математика [468]
Идеология [114]
Иностранный язык [633]
История Беларуси [248]
Культурология [42]
Логика [259]
НГиИГ [120]
Основы права [8]
Основы психологии и педагогики [7]
Охрана труда [7]
Политология [179]
Социология [120]
Статистика [31]
ТВиМС [83]
Техническая механика [43]
ТЭЦ [85]
Физика [146]
Философия [169]
Химия [76]
Экология [35]
Экономика предприятия [35]
Экономическая теория [170]
Электротехника [35]
ЭПиУ [44]
Этика [5]
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Файловый архив
Файлы » Общевузовские предметы » История Беларуси

Контрольная работа ИБ В14
Подробности о скачивании 14.05.2012, 13:39
ТЭМА 14. АСАБЛІВАСЦІ АДРАДЖЭННЯ НА БЕЛАРУСІ. КУЛЬТУРА XVI–XVIII стст.

ПЛАН
1 Асноўныя рысы беларускага Адраджэння
2 Развіццё беларускай культуры
2.1 Асвета і адукацыя
2.2 Літаратура, тэатр і музыка
2.3 Архітэктура и выяўленчае мастацтва
Заключэнне
Спіс літаратуры


1 АСНОЎНЫЯ РЫСЫ БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭННЯ
У 70 – 80-я гады мінулага стагоддзя беларускія даследчыкі даказалі наяўнасць на Беларусі ў ХVІ – пачатку ХVІІ стст. рэнесансавага гуманізму і адпаведнай культуры. Беларуская культура ХVІ ст. упісвалася ў тагачасную еўрапейскую культуру, хаця і не знаходзілася ў эпіцэнтры яе развіцця.
Адным з чыннікаў дынамічнага развіцця беларускай культуры была яе поліканфесійнасць. Пратэстанты, езуіты, праваслаўная і уніяцкая цэрквы грунтоўна дбалі пра навучанне дзяцей. Дзеля гэтага стваралі свае школы, выдавалі падручнікі і навучальныя дапаможнікі, у тым ліку на старабеларускай мове. У тыя часы характэрным было шырокае распаўсюджанне палемічнай літаратуры.
Безумоўна, што Рэнесанс і Рэфармацыя як агульнацывілізацыйныя з’явы пакінулі глыбокі след у гісторыі Беларусі гэтага перыяду. Аднак гэтыя з’явы для Беларусі былі не столькі сацыяльна-палітычнымі, сколькі духоўна-культурнымі.
Аналізуя гістарычныя крыніцы, можна зрабіць вынік, что у аснове гэтага ляжыць некалькі прычын :
1) Гэтыя з’явы не вынікалі з сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі і тых грамадскіх працэсаў, якія адбываліся ў той час;
2) Яны не вынікалі з заканамернасцяў агульнага ўнутранага жыцця беларусаў;
3) Беларуская культура не мела амаль ніякага дачынення да культуры антычнай цывілізацыі. Светапогяд беларусаў не грунтаваўся на антычнай мадэлі ўспрыняцця свету і чалавека ў гэтым свеце;
4) У Беларусі не было такіх важных перадумаў, як наяўнасць ВНУ, не было попыту на адукаванасць, на інтэлектуальныя веды і мастацкія творы.
Гаворачы аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі XVI ст., неабходна сказаць, што яно таксама не спрыяла стварэнню сацыяльнай базы Рэнесансу і Рэфармацыі. Так у аграрным сектары эканомікі ішоў працэс запрыгоньвання сялянства. Першым актам на гэтым шляху быў Прывілей 1447 г. Заканадаўчыя нормы, што ўтрымліваліся ў Судзебніку 1466 г., Статутах 1529, 1566, 1588 гг. прадугледжвалі пошук і вяртанне сялян-уцекачоў. Гэта сведчыць аб тым, што ў дзяржаве дзейнічалі інстытуты традыцыйнага грамадства, накіраваныя супраць асноўнай часткі насельніцтва. Усё вышэй сказанае гаворыць аб тым, што сяляне не былі носьбітамі ідэй, якія абумоўлівалі фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі.
Працэс урбанізацыі ў Беларусі таксама быў абмежаваны некалькімі фактарамі. Асноўная частка беларускіх гарадоў была невялікай па памерах. Гарады налічвалі ад 1,5 да 3 тысяч жыхароў. Яны належылі князю, альбо былі прыватнай уласнасцю магнатаў. Сярод «лепшых» гарадоў, адзначаных Вялікім князем Казімірам у 1444 г. былі Брэст, Віцебск, Мінск, Гродна, Полацк, Слуцк. Гэтыя гарады налічвалі ад 5 да 10 тысяч чалавек. Праз 100 гадоў колькасць «лепшых» гарадоў узрасла, але вельмі нязначна.
Па нацыянальнаму складу ў гарадах жыло каля 50% беларусаў, каля 40% гараджан былі яўрэямі і 10% складала шляхта, вайскоўцы, іерархі царквы. Беларускі горад у гэты час належыў традыцыйнаму грамадству. Фактаў узнікнення мануфактурнай вытворчасці ў гэты перыяд не адзначана. Суадносна ў Беларусі не сфарміравалася саслоўе бюргерства, якое было звязана з мануфактурай і таварнай вытворчасцю.
Такім чынам, эпоха Адраджэння на беларускіх землях сутыкнулася з моцным супрацьдзеяннем, якое не дазволіла ёй разгарнуцца тут у поўнай меры. Сярод асноўных праяў спецыфічнасці Новага часу ў ВКЛ можна назваць наступныя.
1. У Беларусі ў час Рэнесанса адчувальным было імкненне знайсці кампраміснае рашэнне праблемы суіснавання традыцыйна-кансерватыўнага і гуманістычнага светапоглядаў. У выніку адбылося іх творчае засваенне з выбарам найбольш актуальных на дадзеным этапе развіцця норм, каштоўнасцей, прынцыпаў і ідэй.
2. Пры такім падыходзе на беларускіх землях даволі востра стала адчувацца шматукладнасць тагачаснага грамадства. Пры гэтым царква і рэлігія захавалі адно з вядучых месц у дзяржаве, з чым акрамя іншага звязана і параўнальна слабае развіццё мясцовай свецкай культуры.
3. Як след вышэй азначаных фактараў у айчынных гарадах яшчэ не атрымаў належнага развіцця раннебуржуазны індывідуалізм, а панавай хутчэй грамадзянскі гуманізм.
4. Незувершанасць культурна-нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і шматэтычны характар ВКЛ пры адначасовым моцным знешнім уздзеянні прывялі да пашырэння полілінгвізму ў айчынным грамадстве, што істотна пайплавала на станаўленне новай свецкай літаратуры.
5. Запозненае з'яўленне ў Беларусі рэнесансавых ідэй не дазволіла ім радыкальна трансфармаваць тутэйшае грамадства з прычыны пачатку каталіцкай рэакцыі і вяртання старых схаластычных традыцый.
З улікам усіх гэтых акалічнасцей распаўсюджанне Адраджэння ў Беларусі адбывалася у некалькі этапаў. У першай палове XVI ст. ён толькі пачаў сваё станаўленне ў рэгіёне і ўнёс у грамадскую свядомасць разуменне неабходнасці пэўных змен у духоўна-рэлігійным і сацыяльна-палітычным жыцці. У наступныя дзесяцігоддзі адбыўся ўжо сапраўдны сінтэз агульнаеўрапейскай рэфармацыйна-гуманістычнай традыцыі з мясцовай сацыяльна-палітычнай практыкай. Гэта прывяло да ўмацавання нацыянальнай самасвядомасці і паскарэння фарміравання беларускай народнасці. У пачатку ж XVII ст. па прычыне наступлення контррэфармацыі і цесна звязанага з ёй барока ідэі эпохі адраджэння страцілі ў Беларусі практычную актуальнасць, але засталіся важным элементам айчыннай сацыяльна-прававой, філасофскай і грамадскай думкі.
Напрыканцы неабходна адзначыць, што асноўным накірункам Рэнесансу ў Беларусі стала асветніцтва. Таму менавіта з асветніцтва я пачну аналіз асаблівасцей развіцця Беларускай культуры перыяду Адраджэння.

2 РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ
2.1 Асвета і адукацыя
Аналізуя гістарычныя крыніцы, прыходзім да вываду, что XVI ст. прынесла вялікія і вельмі значныя змены ў асветніцкую і школьную справу Беларусі.
Асветніцкая плынь Рэнесансу ў Беларусі грунтавалася на мясцовай традыцыі, закладзенай яшчэ Е.Полацкай і К.Тураўскім. Гэтая традыцыя была связана з развіццём літаратуры, кніжнай справы, развіццём ідэй асветніцтва ў асяроддзі беларускай шляхецкай і бюргерскай інтэлігенцыі.
Разам з развіццём прагрэсіўных традыцый Старажытнай Русі на асвету пашыраецца ўплыў рэнесансавага гуманізму. На тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца найбольш перадавыя для таго часу пратэстанцкія і брацкія школы. Амаль у кожнай пратэстанцкай абшчыне адчыняліся школы. У 70-я гады XVI ст. на Беларусі былі 163 кальвінісцкія саборы, пры якіх існавалі школы ў Брэсце, Ашмянах, Смаргоні, Нясвіжы, Мінску, Пінску, Магілёве, Оршы, Віцебску. Яскравым прыкладам кальвінісцкай школы на Беларусі быў Слуцкі ліцэй, заснаваны ў 1617 г. Ён меў свой статут, праграму, метадычныя распрацоўкі, а таксама правілы для вучняў і настаўнікаў. У ліцэі вывучаліся галоўным чынам гуманітарныя навукі – лацінская, грэчаская, польская, нямецкая мовы і літаратуры, рыторыка, гісторыя, логіка, правазнаўства, матэматыка, фізіка. Ліцэй быў чатырохкласнай установай, дзе тэрмін навучання ў кожным класе складаў два гады. У адказах вучняў найбольш каштоўным лічылася самастойнасць вывадаў. Большасць вучняў ліцэя станавіліся прапаведнікамі кальвінізму, а найбольш здольныя накіроўваліся ва універсітэты Германіі, Англіі, Італіі.
Арыянскімі абшчынамі былі заснаваны школы ў Іўі, Клецку, Нясвіжы, Койданаве, Любчы, Лоску, Навагрудку і іншых гарадах і мястэчках. Арыянскія школы былі двух тыпаў – пачатковыя і гімназіі. У гімназіях, у тым ліку ў Іўеўскай, Нясвіжскай, Лоскай, вывучаліся разам з мовамі і літаратурамі (лацінскай, грэчаскай, старажытна-яўрэйскай) філасофія, рыторыка, права, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка, фізіка, этыка. Вядомым педагогам арыянскіх школ быў Ян Ліцыній Намыслоўскі.
У канцы XVI – першай палове XVII ст. на Беларусі адчыняюцца брацкія школы, спачатку ў Вільні (1584), а затым і ў іншых гарадах (Брэст, Магілёў, Мінск, Пінск, Орша і г.д.). У брацкіх школах звычайна вывучаліся пяць моў (беларуская, славянская, грэчаская, лацінская, польская), арыфметыка, дыялектыка, рыторыка, геаграфія, астраномія і іншыя дысцыпліны. Індывідуальнае навучанне ў гэтых школах замянялася класна-ўрочным, якое дажыло да нашага часу. Навучальны год, як і зараз, пачынаўся 1 верасня. Былі вельмі вялікія патрабаванні да вучняў (за два дні пропуску без уважлівых прычын маглі выключыць са школы) і высокія патрабаванні да настаўнікаў. Адметную ролю ў павышэнні якасці выкладання ў брацкіх школах адыгралі выданні «Азбукі» (у 1574 г. у Львове – Іванам Фёдаравым, у 1596 г. у Вільні – Лаўрэнціем Зізаніем) і «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага (1621). 3 1590 па 1654 г. беларускія друкарні выдалі 16 буквароў.
Брацкія школы з'яўляліся цэнтрамі не толькі асветы, але і кнігадрукавання. Брацкія друкарні ў Вільні, Еўі (каля Вільні), Куцейне і Магілёве выдавалі большасць кніг богаслужэбнага зместу. Гэта выклікалася неабходнасцю ўпарадкаваць сістэму богаслужэння, процістаяць каталіцызму і уніяцкаму ўплыву. Побач з літургічнымі выданнямі прыкметнае месца займалі кнігі для хатняга чытання (творы Іаана Златавуста, Макарыя Егіпецкага, вучэбная і іншая літаратура), а таксама палемічныя выданні, накіраваныя супраць контррэфармацыі, царкоўна-рэлігійнай уніі, паланізацыі.
Адметную ролю ў кірылічным кнігадрукаванні адыграў вядомы беларускі друкар магіляўчанін Спірыдон Собаль, які на тэрыторыі Беларусі адчыніў дзве друкарні. Адну – у Куцейне (ля Оршы) у 1630 г. і выдаў тут на беларускай мове «Малітвы паўсядзённыя», «Буквар», «Часаслоў». У 1635 г. ён адчыніў друкарню і ў Буйнічах (пад Магілёвам), дзе выдаў «Псалтыр». У літаратуры апісаны 18 яго выданняў.
У другой палове XVII ст. кірылічнае кнігадрукаванне ўваходзіць у паласу крызісу, абумоўленага агульным сацыяльна-эканамічным і палітычным крызісам Рэчы Паспалітай.
У XVIII ст. на беларускіх землях пашыраецца свецкая адукацыя. Гэтаму садзейнічала рэформа школ, якая праводзілася пад кіраўніцтвам С.Канарскага. Рэформа пахіснула манаполію езуітаў у галіне асветы, увяла ў школы польскую мову, значную ўвагу надала грамадска-этычным і прыродазнаўчым навукам, выхаванню разумовых здольнасцей вучняў. Створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія адмяніла выкладанне ў рамках школьных праграм рэлігіі. На беларускіх землях камісія адкрыла 20 сваіх школ .
Значную ролю ў распаўсюджванні навуковых ведаў адыграла Гродзенская медыцынская школа, заснаваная Антоніем Тызенгаўзам. Узначальваў яе ў 1775 г. французскі ўрач і натураліст Ж.Э.Жылібер. Ён стварыў пры школе прыродазнаўчы кабінет, аптэку, анатамічны тэатр і батанічны сад, выдаў два тамы фундаментальнай працы «Літоўская флора».
Найбольш значным вынікам уплыву Асветніцтва на Рэч Паспаліту была школьная рэформа, ажыццёўленая Адукацыйнай камісіяй – установай па кіраўніцтву народнай асветай, заснаванай сеймам 1773-1775 гг.
Адукацыйная камісія ажыццявіла рэформу школ і універсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва. Правядзенню рэформы спрыяў роспуск у 1773 г. Папам Рымскім ордэна езуітаў, у руках якога на працягу ХVII-XVIII стст. фактычна знаходзілася манаполія на адукацыю ў Рэчы Паспалітай. Школы і маёмасць ордэна былі перададзены ў распараджэнне Адукацыйнай камісіі.
Вынікам рэформы было павелічэнне колькасці пачатковых і сярэдніх школ на Беларусі, набыццё навучаннем усё больш свецкага характару. На пачатку ХІХ ст. існавала каля 130 пачатковых, 33 сярэднія і няпоўныя сярэднія школы, значная колькасць яўрэйскіх рэлігійных школ, каля 40 школ розных каталіцкіх ордэнаў. Агульная колькасць навучэнцаў ва ўсіх школах (за выключэннем яўрэйскіх) дасягала 4 тысяч чалавек.
Такім чынам неабходна адзначыць наступнае: у перыяд Адраджэння ў Беларусі у галіне асветніцтва і адукацыі адбыліся вельмі значныя змены. Пачалі функцыяніраваць найбольш перадавыя для таго часу брацкія і пратэстанцкія (кальвінісцкія і арыянскія) школы, выдавацца вучэбная і палемічная літаратура, кнігі богаслужэбнага зместу, а таксама для хатняга чытання. У XVIII ст. на беларускіх землях пашыраецца свецкая адукацыя, праводзіцца школьная рэформа.

2.2 Літаратура, тэатр і музыка
Распаўсюджанне Рэфармацыі, кнігадрукавання і гуманістычнага светапогляду, спрыяла далейшаму развіццю беларускай літаратуры. Агульнадзяржаўныя летапісы і хронікі паступова саступаюць месца новым літаратурным відам і жанрам: публіцыстыцы, гісторыка-мемуарнай літаратуры, палітычнай сатыры, паэзіі.
Сымон Будны (1530 – 1593) упершыню ў сусветнай літаратуры выдаў Евангелле з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, у якіх спрабаваў даць радыкальную рацыяналістычную крытыку кніг Новага Запавету. Ён напісаў некалькі твораў, больш значным з якіх быў «Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры» (1576 г., Лоск), у гэтым творы ён адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. Грамадска-палітычныя погляды Буднага былі памяркоўна-гуманістычныя. Ён прызнаваў прыватную ўласнасць, саслоўна-класавую няроўнасць, феадальную залежнасць сялян, але крытыкаваў феадальнае самавольства, беззаконне, захопніцкія войны, быў абаронцам верацярпімасці і інтэлектуальнай свабоды.
Васіль Цяпінскі (1540–1600) у прадмове да Евангелля, якое ён выдаў на беларускай мове, крытыкаваў палітыку акаталічвання беларускага народа, выступаў за развіццё беларускай мовы, быў прыхільнікам збліжэння славянскіх народаў. Выступаў за набліжэнне асветы да простага народа.
Непрымірымым змагаром за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі стаў прадстаўнік аратарскай прозы Лявонцій Карповіч (1580-1620) – беларускі пісьменнік-публіцыст, педагог, царкоўны дзеяч. Яго «Казанні» («Казанне двое», Еўе, 1615; «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына», Вільня, 1619; прадмова да кнігі Фікарыя «Вертаград душэўны», Вільня, 1620 і інш.) напісаны прыўзнятым стылем з выкарыстаннем сімволікі, вобразных параўнанняў. Яны аказвалі вялікае ўздзеянне на слухача і чытача.
Сапраўдным змагаром за праўду паўстае перад намі Афанасій Філіповіч праз свой «Дыяруш», які, па сутнасці, з'яўляецца зборам твораў. Ён складаецца з аўтабіяграфічных замалёвак, прамоў, палемічных трактатаў, пасланняў, паданняў, багаслоўскіх разважанняў, рэляцый і г.д. У сваіх творах ён ганьбіў знешнюю і ўнутраную палітыку, а таксама духоўных і свецкіх феадалаў за іх імкненне да раскошы, бязлітасна выкрываў заганы грамадства.
Адной з зорак старажытнай беларускай літаратуры з'яўляецца Мялецій Сматрыцкі (1572 – 1630). Сучаснікам Сматрыцкі быў больш знаёмы як пісьменнік-палеміст, пяру якога належыць каля 20 твораў самых розных накірункаў. Асобае месца сярод іх займае «Фрынас» (1610), у якім Сматрыцкі ад імя сімвалічнага вобраза мацеры-царквы звяртаецца да народа з заклікам еднасці ўсіх сіл у барацьбе з наступаючым каталіцызмам. Ён быў таксама адным з перакладчыкаў заходнееўрапейскай літаратуры розных часоў і народаў – Пятраркі, Ратэрдамскага і інш.
Важны ўклад у развіццё беларускай і рускай кульгуры зрабіў паэт і драматург, кнігавыдавец і грамадскі дзеяч Сімяон Полацкі (1629 -1680). Ен лічыў, што ўсё зло ў грамадстве ад неадукаванасці, невуцтва. Пашырэнне асветы выратуе грамадства ад усіх заган, усталюе поўную гармонію і мір, апяваў беларускія землі, асабліва Полацк і Віцебск. Найболып значнымі зборнікамі яго паэтычных твораў з'яўляюцца «Вертоград многоцветный» і «Ріфмологіон».
Развіццё драматургіі выклікала да жыцця тэатр. Спачатку з'явіўся школьны тэатр, дзе перад пачаткам п'ес на гістарычныя і біблейскія тэмы, а таксама ў антрактах і пасля спектакляў разыгрываліся інтэрмедыі – пантамімы, танцы, кароценькія п'ескі або сцэнкі, найчасцей камічнага зместу. Школьныя п'есы пісаліся і выконваліся па пэўных правілах. У адпаведнасці з віленскім прадпісаннем 1717 г. спектакль не мог працягвацца больш за тры гадзіны. Спачатку жаночыя ролі забараняліся наогул, а потым іх дазвалялі выконваць толькі мужчынам.
Шырокае распаўсюджанне на Беларусі ў XVI ст. атрымаў тэатр лялек – батлейка. Сюжэты батлейкі былі заснаваны на біблейскай і евангельскай тэ-матыцы, а таксама бытавых матывах. Пастаноўкі батлейкі суправаджала як вакальная, так і інструментальная музыка: псалмы і канты, народныя песні і танцы.
Важнай з'явай жыцця другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Многія беларускія магнаты: Радзівілы, Храптовічы, Агінскія, Тышкевічы, Сапегі, Тызенгаўзы і іншыя, – утрымлівалі ў сваіх маёнтках капэлы, аркестры, тэатры, а нярэдка і самі станавіліся літаратарамі, музыкантамі, кампазітарамі, як Мацей Радзівіл, Міхал Казімір Агінскі, Уршуля Радзівіл, Міхал Клеафас Агінскі, аўтар знакамітага паланеза «Развітанне з Радзімай».
У свецкай музыцы ХVІ–ХVIII стст. найбольш характэрным жанрам быў кант – шматгалосая песня свецкага зместу.
У Нясвіжскай друкарні быў надрукаваны “Канцыянал” – адзін з першых на Беларусі нотных зборнікаў. У Нясвіжы была створана адна з першых на Беларусі майстэрань па вырабу музычных інструментаў. Аркестры беларускіх магнатаў часам былі буйнейшыя за вядомыя заходнееўрапейскія. Напрыклад, аркестр М. Агінскага налічваў 106 інструментаў, а аркестр Гайдна толькі 14.
Высокі ўзровень музычнай культуры забяспечваў магчымасць пастаноўкі на сцэнах тэатраў такіх складаных музычных твораў, як опера і балет. Для падрыхтоўкі акцёраў оперы і балета на Беларусі існавала некалькі школ (у Слуцку, Нясвіжы, Слоніме). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі (у асноўным немцы, чэхі, аўстрыйцы). Некаторыя спектаклі былі разлічаны на тэатральныя карціны: выхад на сцэну групы салдат, узяцце штурмам крэпасцей, фехтаванне, баталіі. У гэтых выпадках удзел у спектаклях прымалі кадэты, салдаты гарнізона.
Асабліва цікавым быў Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага, які існаваў дваццаць гадоў (1771-1791). У тэатры працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе, спектаклі суправаджала капэла Агінскага. Рэпертуар тэатра складаўся з опер і балетаў італьянскіх кампазітараў, а так-сама твораў М.К.Агінскага («Зменены філосаф», «Елісейскія палі»). Сцэна тэатра дазваляла ставіць спектаклі барочнага стылю – з выхадам вялікай колькасці спевакоў, статыстаў, з паказам тэатралізаваных баталій коннікаў і водных феерый .
Не менш вядомы быў Нясвіжскі тэатр Францішкі Уршулі Радзівіл. Для свайго тэатра яна напісала 16 драматычных і оперных лібрэта. Спачатку тэатр з’яўляўся аматарскім: на сцэне выступалі члены княжацкай сям’і, госці, сваякі. У другой палове XVIII ст. выступалі ўжо іншаземныя майстры і артысты з прыгонных сялян.
Такім чынам, відавочна, штонародная культурная традыцыя таксама адчула дабратворны ўплыў эпохі Адраджэння. Далейшае яе ўзбагачэнне і насычэнне новымі рысамі гарманічна дапоўніла ўжо наяўную першааснову.

2.3 Архітэктура и выяўленчае мастацтва
У XVI – XVII стст. ускладнялася планіроўка і архітэктура беларускіх гарадоў, працягвалася стварэнне абарончых і культавых збудаванняў у стылі барока. Як і раней, беларускі феадальны горад меў тыповую забудову: умацаваны замак – рэзідэнцыя феадала, князя альбо велікакняжацкага намесніка і размешчаны вакол замка гандлёва-рамесны пасад пад аховай замкавых сцен. Замак з'яўляўся цэнтрам горада і галоўнай яго архітэктурна-будаўнічай дамінантай.
Галоўнай архітэктурна-будаўнічай дамінантай Нясвіжа з'яўляўся замак, заснаваны ў 1583 г. на месцы створанага раней драўлянага замка. Сын і наследнік Мікалая Радзівіла Чорнага Мікалай Крыштоф Радзівіл, па мянушцы Сіротка, пасля падарожжа ў Сірыю, Палесціну і Егіпет распачаў у Нясвіжы вялікае будаўніцтва. Ён запрасіў выдатнага архітэктара Яна Марыю Бернардоні, па праектах якога былі створаны цудоўныя збудаванні ў Кракаве, Калішы і Любліне. Але менавіта ў Нясвіжы таленавіты італьянец пакінуў свае лепшыя творы – замак, касцёл і калегіум езуітаў.
У 1706 г. Нясвіжскі замак быў разбураны шведамі. У 1726 г. яго адбудавалі ў стылі барока архітэктарам К.Ждановічам.
Стыль барока, запазычаны з Італіі, яшчэ доўга спалучаўся ў мясцовым дойлідстве з элементамі готыкі і рэнесансу. Так, касцёлы бернардзінцаў у Гродне (1595-1618) і Іўі (каля 1600), мікалаеўскі касцёл у Міры (1599-1605).
Ранні этап станаўлення беларускага барока завяршыўся фарміраваннем характэрнага базілікальнага аднаапсіднага тыпу храма з двухвежавым фасадам: касцёл у Дзятлаве (1624), касцёл брыгітак у Гродне (1642 – 1656), касцёл у Вішневе каля Валожына (1637 – 1641).
Але хутка на Беларусі будуюцца касцёлы з бязвежавымі галоўнымі фасадамі, дзе канцэнтраваліся асноўныя сродкі выразнасці, што, як вядома, было характэрна для італьянскага барока.
Позняму беларускаму барока побач з надзвычайнай маляўнічасцю і пластычнасцю, багаццем святлаценю ўласцівы стромкасць і лёгкасць, хвалістыя абрысы вежаў і франтонаў. У мастацтвазнаўстве яно атрымала назву «віленскае барока». Найбольш выразна рысы позняга беларускага барока выявіліся ў культавых пабудовах уніятаў XVIII ст. Сафійскі сабор у Полацку (перабудаваны ў 1738-1750 гг.), цэрквы і манастыры ў Беразвеччы (каля Глыбокага), Барунах (каля Ашмян), Талачыне, Богаяўленская і Крыжаўзвіжанская цэрквы ў Жыровічах (каля Слоніма), Васкрасенская царква ў Віцебску і інш. У меншай ступені характарыстыкі «віленскага барока» знайшлі ўвасабленне ў каталіцкім будаўніцтве другой паловы XVIII ст.: касцелы ў Слоніме, Лужках і Германавічах, касцелы ў Смалянах (каля Оршы) і Дунілавічах (каля Паставаў).
Да ліку пабудоў грамадзянскага прызначэння адносяцца адміністрацыйныя і гаспадарчыя будынкі. На рыначных плошчах, побач з крамамі і гасціннымі дварамі, будаваліся ратушы розных памераў і планіроўкі. Частка памяшканняў ратушы адводзілася пад хлебныя крамы, памяшканні для апрацоўкі сукнаў у іх хавалі гарадскія вагі і бочкі, якімі мералі збожжа. Найболып вядомымі з'яўляюцца будынкі Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Слонімскай і Шклоўскай ратуш. Большасць гэтых будынкаў не захавалася.
Ствараліся таксама выдатныя палацавыя ансамблі, якія спалучалі розныя стылявыя плыні – барока, ракако, класіцызм. Галерэю палацаў гэтага перыяду складаюць рэзідэнцыі буйных магнатаў: Агінскіх у Слоніме, Чартарыйскіх у Воўчыне (Камянецкі р-н), Радзівілаў у Нясвіжы і Дзятлаве, Тызенгаўза ў Гродне.
Ідэі Адраджэння, а затым і барока праніклі і ў майстэрні мастакоў. У беларускім жывапісе акрэсліліся два напрамкі. Першы – мастацтва, заснаванае на старажытнарускіх традыцыях; другі – жывапіс, які знаходзіўся пад уплывам заходнееўрапейскай мастацкай школы. Але і ў першым і ў другім напрамках адбываецца перапляценне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў з мясцовай школай, захаванне мясцовых традыцый, выпрацоўка свайго ідэалу і мастацкіх прынцыпаў.
У выніку сінтэзу розных школ і напрамкаў склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой уласціва вернасць канону, шырокае выкарыстанне этнаграфічных элементаў. На Беларусі існавалі некалькі іканапісных школ: магілёўская, полацка-віцебская, палеская, гродзенская, слуцка-мінская.
У XVIII ст. у іканапіс, як наогул у беларускае мастацтва, пранікае стыль барока. У барочным іканапісе вялікая ўвага надавалася афармленню абкладам, вянцом, дэкарыроўцы тканінай, ляпным арнаментам і г.д.
Другім важным напрамкам быў манументальны жывапіс. У XVI ст. тут таксама прыкметны ўплыў рэнесанснага стылю – імкненне да перадачы аб'ёму, перспектывы і колеравай мадэліроўкі. Яскравым прыкладам манументальнага жывапісу пераходнага перыяду з'яўляецца роспіс драўлянай царквы куцеінскага Богаяўленскага манастыра (каля Оршы). Шматфігурная кампазіцыя (38 сцэн) на біблейскія і евангельскія сюжэты пакрывала амаль усе сцены. Цікавымі кампанентамі манументальнага жывапісу XVII ст. насычаны роспіс мураванага Богаяўленскага сабора ў Магілёве (1633 – 1636), Святадухаўскай царквы Тупічэўскага манастыра ў г.Мсціслаўлі (70 сцэн на біблейскія і евангельскія сюжэты). Сапраўдным творам мастацтва ў манументальным жывапісе з’яўляецца роспіс Мікалаеўскай царквы ў Магілёве – “Новазапаветная Троіца.
Папулярным відам станковага жывапісу ў XVI – XVIII стст. становіцца партрэт. Ствараюцца своеасаблівыя родавыя галерэі (Канстанціна Тызенгаўза ў Паставах, пры Полацкім езуіцкім калегіуме, партрэтныя галерэі Тышкевічаў, Радзівілаў і інш.). У архіўным пераліку 1779 г. у Нясвіжскім замку налічвалася 984 творы мастацтва на палатне і дрэве. Сярод іх – партрэты Ягайлы і Льва Сапегі, Радзівілаў, гетманаў Казіміра Сапегі і Станіслава Кішкі.
Таленавітым мастаком і гравёрам XVI – пачатку XVII ст. з’яўляўся Тамаш Макоўскі. У 1613 г. у Амстэрдаме ён надрукаваў карту Вялікага княства Літоўскага. У дадатку да яе давалася падрабязнае апісанне Беларусі і Літвы: прыродныя багацці, народныя звычаі, гандлёвыя шляхі, навучальныя ўстановы Полацка і Нясвіжа, рэкі, азёры, гарады, рэзідэнцыі епіскапаў і мітрапалітаў. Тамаш Макоўскі з’яўляецца аўтарам гравюр з краявідамі Вільні, Клецка, Смаленска і іншых старажытных гарадоў.
Шматлікія творы выяўленчага мастацтва пакінулі бацька і сын Гескія, якія жылі і працавалі ў XVIII ст. Яны рэстаўрыравалі фрэскі Нясвіжскага езуіцкага касцёла, якія захаваліся да нашага часу. Бацька, Ксаверы Даменік, стварыў шэраг партрэтаў галерэі Радзівілаў. Лічыцца, што ён з'яўляецца аўтарам карціны «Тайная вячэра» для галоўнага алтара Нясвіжскага фарнага касцёла. Сын, Юзаф Ксаверы, напісаў некалькі партрэтаў для нясвіжскага збору, маляваў абразы для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла, так сама яму належыць партрэт караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У канцы XVIII ст. барочныя творы жывапісу трацяць свае лепшыя якасці. Барока саступае месца новаму стылю ў выяўленчым мастацтве – класіцызму.
Такія асноўныя накірункі развіцця культуры адбываліся на беларускіх землях у XVI – XVIII стст.


ЗАКЛЮЧЭННЕ
Позняе Адраджэнне з яго рэфармацыйна-гуманістычным рухам, перамога контррэфармацыі і панаванне ў мастацтве стылю барока зрабілі вялікі ўплыў на развіццё культуры беларускіх зямель XVI – XVIII стст. Функцыяніравалі найбольш перадавыя для таго часу брацкія і пратэстанцкія (кальвінісцкія і арыянскія) школы, выдавалася вучэбная і палемічная літаратура, кнігі богаслужэбнага зместу, а таксама для хатняга чытання.
У XVIII ст. на беларускіх землях пашыраецца свецкая адукацыя, праводзіцца школьная рэформа. Створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія адмяніла выкладанне ў рамках школьных праграм рэлігіі. Развівалася бібліятэчная і архіўная справа.
Распаўсюджанне Рэфармацыі, кнігадрукавання і гуманістычнага светапогляду, спрыяла развіццю беларускай літаратуры. Аднак летапісы і хронікі паступова саступаюць месца новым літаратурным відам і жанрам: публіцыстыцы, гісторыка-мемуарнай літаратуры, палітычнай сатыры, паэзіі. Беларуская рэфармацыя і контррэфармацыя вылучыла плеяду публіцыстаў: С.Буднага, В.Цяпінскага, П.Скаргу, М.Сматрыцкага, Л.Карповіча, братоў Зізаніяў, А.Філіповіча і інш. Важны ўклад у развіццё беларускай і рускай культуры зрабіў паэт і драматург, кнігавыдавец і грамадскі дзеяч С.Полацкі.
Развівалася тэатральнае і музычнае мастацтва. Дзейнічалі школьныя тэатры, тэатры лялек – батлейка, прыгонныя і прыватныя тэатры.
У выяўленчым мастацтве склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якая ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. перастала існаваць. Другім важным напрамкам быў манументальны жывапіс – роспісы культавых збудаванняў. Папулярным відам станковага жывапісу з'яўляўся партрэт. У архітэктуры побач з готыка-рэнесансным стылем усталявалася барока, якое ў канцы XVIII ст. саступіла месца класіцызму.
Асвета, кнігадрукаванне, бібліятэчная і архіўная справа, літаратура, тэатр, музыка, жывапіс, архітэктура, уся духоўная культура беларускага народа эпохі Адраджэння на Беларусі – гэта яскравы адбітак палітычнай і ідэалагічнай барацьбы, якая вялася за права мець сваю мову, адукацыю, мастацтва, традыцыі і звычаі.
У цэлым, падсумоўваючы развіццё духоўнай культуры Беларусі ў час распаўсюджвання гуманістычна-рэнесансавых ідэй, трэба адзначыць карэнныя змены, скіраваныя на актывізацыю працэсу выхаду з-пад уплыву рэлігіі розных сфер жыцця мясцовага насельніцтва (палітыкі, парва, асветы, мастацтва). Менавіта гэтае ўзмацненне свецкага пачатку з’яўляецца найбольш адметнай з’явай эпохі Адраджэння на беларускіх землях. Не менш важным момантам стала таксама істотнае пашырэнне заходнееўрапейскага ўплыву, які дапамог у пэўнай меры пераадоліць тутэйшы адвечныкансерватызм і зрабіць важны крок да ўмацавання этнічнай самасвядомасці ды актывізацыі прагрэсіўных этнакультурных працэсаў.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я.К. Новік, Г.С. Марцуль, І.Л. Качалаў і інш. – Мінск: Універсітэцкае, 2006.
2. Гісторыя Беларусі. У 6-ці ч. Ч. 2. / Ю. Бохан, Г. Галенчанка. – Мінск: Экаперспектыва, 2008. 685 с.
3. Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. – Мінск: «Беларусь», 1992. 320 с.
4. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М.П. Касцюк, У.Ф. Ісаенка, Г.В. Штыхаў і інш. – Мінск: «Беларусь», 1994.
5. Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. – Мн., 2000. 542 с.



20.11.2011г. _________________
Категория: История Беларуси | Добавил: zmastarz
Просмотров: 2618 | Загрузок: 17
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]