ТЭМА 6. ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
ПЛАН
1. ПЕРАМОГА ВОЙСК ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА НА ЧАЛЕ З АЛЬГЕРДАМ НАД ТАТАРА-МАНГОЛАМІ НА РАЦЭ СІНІЯ ВОДЫ. БІТВА НА РАЦЭ ВОРСКЛА 2. ГІСТАРЫЧНАЕ ЗНАЧЭННЕ РАЗГРОМА КРЫЖАКОЎ ПАД ГРУНВАЛЬДАМ 3. ВОЙНЫ ПАМІЖ ВЯЛІКІМ КНЯСТВАМ ЛІТОЎСКІМ І РУСКАЙ ДЗЯРЖАВАЙ У КАНЦЫ XV СТ. - ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVI СТ. ЛІТАРАТУРА
1. ПЕРАМОГА ВОЙСК ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА НА ЧАЛЕ З АЛЬГЕРДАМ НАД ТАТАРА-МАНГОЛАМІ НА РАЦЭ СІНІЯ ВОДЫ. БІТВА НА РАЦЭ ВОРСКЛА
Найбольшая пагроза для славян сыходзіла з Усхода, ад мангола-татар. З пачатку XІІ ст. у Манголіі ўтварылася моцная дзяжава, палітычная сістэма якой была заснавана на войску. У гэтай сістэме кожны мангол быў найперш воінам. Такая сістэма была найлепш прыстасавана да вайны, яна мела значныя перавагі ў арганізацыі ўлады і войска перад іншымі дзяржавамі. Гэта забяспечыла манголам хуткую перамогу над дзяржавамі Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. Манголы таксама рабілі набегі і ў глыб Панямоння (у сярэднем 6 набегаў у год). У перыяд праўлення Альгерда (1345-1377гг.) Вялікае княства Літоўскае (далей - ВКЛ) пачало ператварацца ў магутную дзяржаву, якая стала центрам палітычнай і ваеннай сілы ў Еўропе. Альгерд абвясціў сваю дзяржаву спадкаемцай Старажытнарускай дзяржавы. На гэтай аснове ён пачаў аб'ядноўваць усе землі, якія ў ІХ-ХІІІ ст. належылі Кіеўскай Русі. У 60-70 гадах ХIV ст. Альгерд захапіў Валынь, Смаленск, Чарнігаў. Каб замацаваць гэтыя тэрыторыі трэба было перамагчы мангола-тарар. У 1362 г. у бітве на рацэ Сінія Воды (Падолія) Альгерд ушчэнт разбіў 100 тысячнае войска мангола-татар. Гістарычнае значэнне сіняводскай перамогі ў тым, што ў выніку яе Кіеўшчына і Падолія былі вызвалены ад татара-манголаў і далучаны да ВКЛ. Залатая Арда пачала развальвацца. Узмацнілася барацьба за ўладу. У выніку перамог тэрыторыя княства значна пашырылася за кошт новых зямель, якія раней належылі мангола-татарам. Пасля смерці Альгерда у Вільні пачалася барацьба за ўладу паміж яго сынамі. Спачатку за ўладу змагаліся Кейстут і Ягайла. У 1382 г. Ягайла з дапамогай крыжакоў перамог Кейстута. Потым Ягайла забіў Кейстута. Але барацьба на гэтым не спынілася. За ўладу пачаў змагацца сын Кейстута Вітаўт. Вітаўт атрымаў падтрымку крыжакоў, Жмудзі, Полацка і Віцебска. Ягайла запрасіў дапамогі ў маскоўскага князя Дзмітрыя. Але Дзмітрый запатрабаваў за дапамогу тэрыторыю Полацка і Віцебска. Ягайла адмовіўся ад такой дапамогі і звярнуўся за падтрымкай да Польшчы. У перыяд з 1383 па 1385гг. ішлі сакрэтныя перагаворы аб умовах уніі паміж Польшчай і ВКЛ. У 1385 г. унія была падпісана ў Крэўскім замку, рэзідэнцыі Вялікіх князеў ВКЛ. Умовы гэтай уніі былі наступнымі: 1. Польшча і ВКЛ атрымліваюць адну агульную палітычную ўладу ў асобе Вялікага князя і караля Польшчы. Пры гэтым Вялікі князь абіраецца ў ВКЛ, а затым ён займае пасаду польскага караля. 2. ВКЛ і Польшча захоўваюць дзяржаўную незалежнасць і самастойнасць. 3. Ягайла жэніцца на польскай каралеве Ядвізе, прымае каталіцтва і ўводзіць каталіцтва ў Жамойці. У 1386г. Ягайла пачаў выконваць умовы Крэўскай уніі. Ён ажаніўся на Ядвізе, прыняў каталіцтва і стаў польскім каралем.3 дапамогай Рыма 30 тысяч жмудзінаў сталі католікамі. У 1387г. Ягайла выдаў шэраг прывілеяў, згодна з якімі каталіцкія феадалы атрымалі выключныя правы на валоданне зямлей, яны вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўных феадалаў гэты прывілей не распаўсюджваўся. У выніку ў ВКЛ утварылася моцная апазіцыя, якая не прымала Крэўскую унію. Узначаліў апазіцыю Вітаўт. У пошуках саюзнікаў Вітаўт заключыў пагадненне з ханам Залатой Арды Тахтамышам. Па ўмовах пагаднення Вітаўт абяцаў дапамагчы Тахтамышу ў вайне супраць заваёўніка Азіі Цімура Тамерлана. Тахтамыш абавязаўся ў выпадку перамогі аддаць Вітаўту ўсе рускія княствы, якімі валодала Залатая Арда. 12 жніўня 1399 г. войскі Вітаўта і Тахтамыша сустрэліся з войскамі Цімура на р. Ворскла (Палтаўшчына). Адбылася вялікая сеча. Войскі Вітаўта і Тахтамыша былі разбіты ўшчэнт арміяй Тамерлана. Для Вялікага княства Літоўскага гэта была катастрофа: на полі бітвы засталіся ляжаць прадстаўнікі 12 княжацкіх родаў, 40 князёў, лепшыя людзі краіны. Вітаўту ўдалося выратавацца. Тахтамыш апынуўся ў Сібіры, спрабаваў захапіць ханскі трон, але быў забіты. Такім чынам, паражэнне на р. Ворскла падштурхнула Вялікае княства Літоўскае да больш цеснага саюза з Польшчай. Вітаўт быў вымушаны прызнаць умовы Крэускай уніі. Дагавор 1401 г. дазваляў аб'яднаць сілы Вялікага княства Літоўскага і Польшчы для барацьбы супраць агульных знешніх ворагаў. У гэты момант узмацнілася крыжацкая агрэсія супраць Польшчы. Крыжакі сабралі вельмі моцную і добра ўзброенную 30 тысячную армію. Над Польшчай навісла смяротная пагроза.
2. ГІСТАРЫЧНАЕ ЗНАЧЭННЕ РАЗГРОМА КРЫЖАКОЎ ПАД ГРУНВАЛЬДАМ
У XIV - першай палове ХV ст. галоўнымі ворагамі, з якімі ВКЛ даводзілася весці напружаную барацьбу, былі рыцары Тэўтонскага і Лівонскага Ордэнаў. У1409 г. пачалася так званая "вялікая вайна" паміж Польшчай, ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім Ордэнам, з другога. Вырашальны ўдар быў нанесены Тэўтонскаму Ордэну ў бітве пад в. Грунвальд на Дубровінскім полі (Польшча) 15 ліпеня 1410 г. З аднаго боку войска Тэўтонскага ордэну. Аснова войска - цяжка ўзброеная конніца і, сапраўды кажучы, лепш узброеная, чым праціўніка. Супраць - аб’яднанае войска палякоў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў, рускіх, а таксама атрад з Чэхіі і татары (усяго 40000 чалавек). Саюзнай арміяй камандваў Ягайла. Войскам ВКЛ - Витаўт. Сучасныя беларускія гісторыкі салідарна адзначалі, што першымі бітву пачало войска Вітаўта, ды што яно наткнулася на падрыхтаваныя немцамі "воўчыя ямы". Але ж, ёсць меркаванне, што первапачатковае, амаль панічнае адступленне лёгкаўзброенай конніцы ВКЛ, яе значныя страты былі тактычным манеўрам Вітаўта з мэтай уцягнуць рыцараў у атаку. Наступным агульным месцам апісання бітвы стаў гераізм "трох смаленскіх палкоў". Яшчэ Дз. Даўгяла сцвярджаў, што "геройством и доблестью всех превзошли белорусские - смоленские полки князя Мстиславского", г. зн. Сымона Лугвена. У інтэрпрэтацыі Ўсевалада Ігнатоўскага рыцары нават пабеглі "дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў". "Стойкасць і мужнасць" трох смаленскіх палкоў заставалася важным момантам асвятлення бітвы як у выданнях Расійскай імперыі, так і ў савецкіх падручніках. І ў найноўшых беларускіх дапаможніках гераізм смаленскіх харугваў, якімі лічацца аршанская, мсціслаўская і смаленская, называецца "вызначальным фактарам, які вызначыў ход бітвы". Затым наступіла чарга цяжкаўзброеных коннікаў ВКЛ, якія, адбіваючыся ад тэўтонцаў, адыходзілі назад з тым, каб заманіць рыцараў пад агонь артылерыі. Гэта не "страта пазіцый падначаленых Вітаўта", а працяг тактычнага манеўра войск ВКЛ, дзякуючы якому левы фланг ворага трапіў у артылерыйскую засаду і панёс вялікія страты. Затым войскі Тэўтонскага ордэна былі акружаны войскамі ВКЛ і Польшчы і знішчаны. Армія ордэна фактычна перастала иснаваць. Некаторыя беларускія гісторыкі і публіцысты, адвяргаючы тэзіс аб "польскалітоўскіх каранях перамогі над Тэўтонскім ордэнам пад Грунвальдам", сцвярджаюць, што "Грунвальд з'яўляецца забытай перамогай Беларусі", што этнічных беларусаў у аб'яднаным войску Вялікага княства Літоўскага было больш, чым літоўцаў, рускіх і ўкраінцаў (25 харугваў беларускіх, 7 літоўскіх, 6 украінскіх і 2 рускіх), і крыху менш, чым палякаў (усяго Вялікае княства Літоўскае выставіла 48 харугваў, Каралеўства Польскае 50 харугваў). Наогул, бітва 1410 г. пад Грунвальдам стала падзеяй, пра якую адразу даведаўся ўвесь тагачасны свет. Безумоўна, продкі сучасных беларусаў адыгралі значную ролю ў разгроме рыцараў Тэўтонскага ордэна. Многія беларускія харугвы зрабілі неацэнны ўклад у разгром ордэна, пра што сведчаць шматлікія архіўныя дакументы таго часу і больш пазнейшыя даследаванні Грунвальдскай бітвы. У іх падкрэсліваецца, што ў выніку разгрому Тэўтонскага ордэну пад Грунвальдам было знішчана 40 тысяч крыжакоў, а 15 тысяч захоплена ў палон. Але гэтая перамога была здабыта вялікімі ахвярамі: беларускае войска на полі бітвы страціла загінуўшымі каля 20 тысяч ваяроў. Разам з тым вялікі ўклад у перамогу зрабілі продкі палякаў, літоўцаў, украінцаў, рускіх, чэхаў, татар і іншых народаў. Сення практычна немагчыма вызначыць канкрэтны ўклад кожнага народа ў дасягненне перамогі. Але ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі тэма вялікай бітвы займае непараўнальна меншае месца, чым у Літве ці Польшчы, у якой Грунвальд даўно стаў нацыянальным сімвалам. Невыпадкова польскія калегі да нядаўняга часу, параўноўваючы грунвальдскую традыцыю сваёй краіны з літоўскай, расійскай, украінскай і чэшскай, пра беларускую нават не згадвалі. Беларускае грамадства сапраўды не ацэньвала і не перажывала грунвальдскай спадчыны, бо, можна сказаць, і не ведала яе. Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў канцы 80-х - пачатку 90-х г., калі ўгодкі грунвальдскай перамогі сталі публічна святкавацца ў Мінску, ёй прысвячаліся навуковыя чытанні, расла колькасць папулярных публікацый пра бітву, "Грунвальдам" называлі перыёдыкі, летнікі і г.д. Сцвярджэнне сваёй грунвальдскай традыцыі актывізавалася з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і калі б не радыкальная змена ўладаў ды палітычнага курсу краіны, вынікі гэтага працэсу, магчыма, былі б ужо відавочныя. Сёння ход бітвы пад Грунвальдам і вынікі разгрому Тэўтонскага ордэну вывучаюцца ў старэйшых класах беларускіх школаў па падручніках курса "Гісторыя Беларусі". А выраз "…дзякуючы перамозе пад Грунвальдам, больш за 500 гадоў нага нямецкага салдата не ступала на зямлю Беларусі" стаў вызначальным для лёсу нашай краіны. Цяпер у выніку гістарычных перамен слаўная перамога ў Грунвальдскай бітве належыць палякам, літоўцам, расіянам, чэхам. У гэтых краінах урады і грамадскія арганізацыі плануюць адзначыць вялікую гістарычную дату разам з дзяржаўнымі ўстановамі. Але, у першую чаргу, нашчадкамі гэтай перамогі з’яўляюцца беларусы. Таму вельмі важна, каб памяць пра чын мужных ваяроў - беларусаў была належным чынам адзначана і ў незалежнай Беларусі. Гэтага асабліва патрабуе гістарычная справядлівасць, бо некаторыя тагачасныя польскія храністы значна скажалі ролю нашых суайчыннікаў у перамозе пад Грунвальдам, каб потым ператлумачыць ход бітвы на карысць палякаў. Беларусы не збіраюцца памяншаць ролю саюзнікаў у разгороме тэўтонцаў, але памяць перад нашымі прашчурамі патрабуе, каб мы аддалі належнае, перш за ўсё, беларускім героям Грунвальда. Але ж самае галоўнае, што Грунвальдская бітва падарвала сілы Тэўтонскага ордэна, прыпыніла яго агрэсію на усход на 500 гадоў. Перамога садзейнічала эканамічнаму развіццю Польшчы и ВКЛ. У гэтым была вялікая гістарычная роля перемогі пад Грунвальдам.
3. ВОЙНЫ ПАМІЖ ВЯЛІКІМ КНЯСТВАМ ЛІТОЎСКІМ І РУСКАЙ ДЗЯРЖАВАЙ У КАНЦЫ XV СТ. - ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVI СТ.
З канца XV ст. абвастрыліся адносіны паміж ВКЛ і Расійскай дзяржавай. Таму было некалькі прычын. Знешняя палітыка ВКЛ у ХV - ХVI стст. вызначалася некаторымі асабліваcцямі. Гэтыя асаблівасці былі звязаны з тым, што ўнутранае становішча дзяржавы было вельмі цяжкім. Феадальная палітычная эліта ВКЛ была падзелена на дзве часткі, якія вялі жорсткую барацьбу за ўладу і ўласнасць на зямлю і прыгонных сялян. Другім фактарам была грамадзянская вайна, якая працягвалася фактычна да канца ХV ст. У гэтых умовах дзяржаўная ўлада была слабой, грамадства вызначалася нестабільнасцю, дзяржава не магла бараніць свае інтарэсы ва ўзаемаадносінах з сузедзямі, ды і суседзі імкнуліся выкарыстаць унутраныя цяжкасці ВКЛ на сваю карысць. Заходні напрамак знешняй палітыкі ВКЛ быў звязаны з Крэўскай ўніяй і паспяховай барацьбой з крыжакамі. Перамога ў бітве над Грунвальдам заставіла Захад лічыцца з геапалітычнымі інтарэсамі ВКЛ. Да ВКЛ паважліва ставіліся і імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі, і папы Рымскія. Усходні напрамак палітыкі ВКЛ быў абумоўлены узаемаадносінамі з Вялікім княствам Маскоўскім (далей - ВКМ), якое карыстаючыся падтрымкай Залатой Арды, у XIV ст. абвясціла сябе правапераемнікам Старажатнай Русі. Пасля гэтага маскоўскія князі пачалі "збіраць" тыя землі, якія некалі ўваходізілі ў склад Кіеўскай Русі. "Збіранне", як правіла, праходзіла шляхам вайны і далучэння новых тэрыторый да Масквы. У сярэдзіне ХV ст. Іван ІІІ ажаніўся на апошняй візантыйскай принцессе Сафіі, узяў сабе візантыйскі дзяржаўны герб-двухгаловага арла, а затым абвясціў Маскву абаронцай усяго праваслаўнага свету. Тым больш, што ў 1453 г. Візантыйская імперыя перастала існаваць. Другая прычына варожых адносін ВКЛ з Масквой была ў асаблівасцях вырашэння канфесійнага пытання ў ВКЛ. Маскоўскі Вялікі князь прэтэндаваў на ролю адзінага праваслаўнага гасудара - абаронцу інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва. Між тым, у ВКЛ праваслаўная вера прыціскалася, наступаў каталіцызм і пашыраўся польскі ўплыў, што выклікала незадаволенасць праваслаўных феадалаў. Вялікі князь маскоўскі працягваў ім руку дапамогі. Некаторыя з беларускіх феадалаў па сваёй волі пераходзілі разам са сваімі маёнткамі пад уладу Масквы. У 1487 г. у Маскву прыехаў служыць "са сваімі вотчынамі" князь І.М. Перамышльскі, у 1489 г. князь Д.В. Варатынскі і тры князі роду Бяляўскіх. Перайшлі на бок Масквы князі Мажайскія, Лукомскія і інш. Гэта абвастрыла рэлігійную барацьбу. Такім чынам, знешнепалітычная напружанасць паміж ВКЛ і ВКМ была абумоўлена тэрытарыяльнымі і рэлігійнымі супярэчнасцямі, барацьбой за лідэрства у рэгіёне. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся на шляху вайны. Канфрантацыя паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ прывяла спачатку да неабвешчанай прымежавай вайны працягласцю з 1487 па 1494 гг. У выніку яе была зламана абарона ўсёй літоўскай прымежавай паласы з Маскоўскім княствам. У 1492 г., пасля смерці вялікага князя літоўскага Казіміра, адбыўся сур'ёзны ваенны канфлікт. Іван III зрабіў некалькі паспяховых паходаў на землі ВКЛ. Але ж, новы вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч спяшаўся закончыць вайну. Былі дасягнуты мірная і шлюбная дамоўленасці. Іван III выдаў сваю дачку Алену за Аляксандра Казіміравіча. Па мірнай дамоўленасці да Маскоўскага княства адышлі Вяземскае княства і частка Вярхоўскіх княстваў. За Іванам III было прызнана права на Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Разань. За маскоўскім гасударом замацаваўся тытул "вялікага князя ўсяе Русі". Але гэтым супярэчнасці паміж ВКЛ і ВКМ не былі ліквідаваны. Іван III рыхтаваўся да вайны. У 1500 г. канчаткова былі разарваны адносіны паміж Рускай і Літоўскай дзяржавамі. Прычынай быў пераход шэрагу буйных феадалаў ВКЛ ў межы Рускай дзяржавы. Іван ІІІ прыняў іх на службу і абвясціў вайну ВКЛ. У маі 1500 г. ім былі заняты Бранск і землі мажайскага князя, летам Пуціўль, Мцэнск, Сярпейск, Гомій, Любеч, Ноўгарад Северскі, Рыльск. На працягу аднаго паходу Расія захапіла паўднёвую частку Смаленскай зямлі і тэрыторыі ЧарнігаваСтарадубскага і НоўгарадСеверскага княстваў.14 ліпеня 1500 г. адбыўся разгром літоўскага войска каля Смаленска. У выніку ВКЛ страціла 9 гарадоў 700 вёсак. Рыхтуючы новыя ваенныя дзеянні, Іван III прапанаваў саюз крымскаму хану МенгліГірэю. Татарскаму войску вызначаўся маршрут руху праз украінскія землі да Турава, Слуцка, Пінска і Мінска. За гэта крымскі хан патрабаваў ад Івана III згоды на спусташэнне Кіева і Северскай зямлі. Іван III адмовіў, і гэта скарысталі кіраўнікі ВКЛ, якія заключылі саюз з ханам супраць Масквы за штогадовую даніну з Кіеўскай, Валынскай і Падольскай зямель. Адначасова вялікі князь літоўскі дамовіўся з Вялікай Ардой, заключыў абарончы саюз з Лівонскім ордэнам супраць Масквы. У гэты час аднавілася унія з Польшчай.23 кастрычніка 1501 г. у Мельніку быў падпісаны дакумент аб умовах гэтай уніі. На польскі прастол быў абраны вялікі князь літоўскі з дынастыі Ягелонаў Аляксандр Казіміравіч. Абедзве дзяржавы абавязаліся праводзіць адзіную палітыку, мець агульную раду, соймы і адзіную манету. Але магнаты ВКЛ адмовіліся ратыфікаваць унію, паколькі, на іх погляд, яна азначала ліквідацыю літоўскай дзяржаўнасці. Таму Мельніцкі акт не быў ажыццёўлены, хаця палітыка дзяржаў стала больш каардынаванай Ваенная кампанія 1501-1503 гг. складвалася надта няўдала для ВКЛ. У лістападе 1501 г. Менглі-Гірэй, канчаткова разбіў Вялікую Арду, саюзніцу ВКЛ. Няўдалым для княства быў і Смаленскі паход рускага войска, які вызначыў пералом у ваенных дзеяннях. У выніку, 2 красавіка 1503 г. было заключана перамір’е тэрмінам на 6 гадоў. ВКЛ вымушана было адмовіцца на карысць Масквы ад усёй верхнеокскай Украіны, ад Чарнігава-Северскай зямлі, у тым ліку і ад Гомеля, ад значнай часткі Смаленскай і Віцебскай зямель. Усяго ВКЛ саступіла Маскве 19 гарадоў, 70 валасцей, 22 гарадзішчы, 13 сёл, страціла 1/4 частку плошчаў усёй дзяржавы. Гэта зрабіла безабароннай усходнюю мяжу ВКЛ, якая наблізілася да цэнтраў дзяржавы. Палітыку Івана Ш (ён памёр 27.10.1505) праводзіў яго сын Васілій Ш, які вырашыў канчаткова перамагчы Вільню. 19 жніўня 1506 г. ў Вільні памёр Аляксандр Казіміравіч. На прастол быў абраны брат Аляксандра - Жыгімонт.8 снежня 1506 г. Жыгімонт быў абраны польскім каралём. Абедзве дзяржавы адразу пачалі рыхтавацца да новай вайны. Жыгімонт заручыўся падтрымкай брата Васіля III Юрыя Іванавіча, удзельнага князя дзмітраўскага, звянігародскага, сярпейскага і бранскага, абяцаючы яму дапамогу ў заваёве рускага прастолу. У сваю чаргу Васілій Ш уступае ў блок з Міхалам Глінскім, усемагутным фаварытам Аляксандра, што трапіў у няміласць пры яго пераемніку Жыгімонце. Ваенная кампанія пачалася ў вясну 1507 г. Яна цесна звязана з пачатым у лютым 1508 г. феадальным паўстаннем у ВКЛ, якім кіраваў князь Міхал Львовіч Глінскі. Разам са сваімі братамі ён прысягнуў Васілію Ш. Паўстанцы замацаваліся ў Тураве, Мазыры, занялі Клецк, аблажылі Жытомір і Оўруч. Глінскі спрабаваў завалодаць Слуцкам і Мінскам, але гэта яму не ўдалося. Рускія войскі ва ўзаемадзеянні з атрадамі Глінскага даходзілі да Вільні. Але ж вырашальнай бітвы так і не адбылося. Вайна 1507-1508 гг. скончылася “адвечным мірам”, што быў заключаны ў Маскве 8 кастрычніка 1508 г. ВКЛ афіцыйна прызнала пераход да Расіі зямель, далучаных да яе ў выніку войн канца ХV - пачатку ХVІ стст., само ж атрымала тэрыторыі 5 смаленскіх воласцяў. Аднак Васілій Ш меў на мэце захоп Смаленска. Ён пачаў новую вайну. У снежні 1512 г. руская армія на чале з вялікім князем рухалася на Смаленск. Аднак першая спроба штурму не ўдалася. Новая кампанія разгарнулася ўлетку 1513 г. і была таксама безвыніковай. Трэцяя кампанія па захопу Смаленска пачалася ў маі 1514 г., і пасля трохмесячнага штурму Смаленск капітуляваў. Рускія войскі ішлі на захад, да Оршы і Друцка. Каля Оршы адбылася вялікая бітва, у якой маскоўскія войскі пацярпелі поўнае паражэнне. Але вярнуць свае землі Літва не змагла. У 1522 г. было заключана пяцігадовае перамір'е, якое працягвалася аж да 1532 г. Смерць Васіля III і бязладдзе ў Маскоўскай дзяржаве пры яго малалетнім пераемніку падштурхнулі ВКЛ да яшчэ адной спробы вярнуць заваяванае Масквой. Аднавіліся ваенныя дзеянні, якія працягваліся 4 гады. ВКЛ вярнула толькі Гомель і некаторыя нязначныя воласці на ўсходзе. У 1537 г. зноў было заключана перамір’е на 5 гадоў да 25 сакавіка 1542 г. Яно працягвалася да самай Лівонскай вайны. За гэты час Маскоўскае княства стварыла моцную армію, захапіла Казанскае і Астраханскае ханствы, пачало каланізаваць Сібір. Такімі былі асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у XIV XVI стст. Прыярытэты ў ёй мяняліся. У XIV ст. ВКЛ вяло напружаную барацьбу з нямецкімі ордэнамі і татарскімі ханствамі, у канцы XIV - XVI стст. высвятляліся адносіны з Польшчай, праблема літоўскапольскага саюза (Крэўская унія 1385 г.). Больш за 100 гадоў ВКЛ было ў стане уніі з Польшчай, застаючыся суверэннай дзяржавай. Але галоўным накірункам знешняй палітыкі ВКЛ сталі адносіны з мацнеючай Маскоўскай дзяржавай, галоўным канкурэнтам у справе аб'яднання рускіх зямель. ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. аслабела, узнікла пагроза яго існаванню. На роўных яно ўжо не магло супрацьстаяць Маскоўскай дзяржаве. Логіка барацьбы з ёй і міжнародныя абставіны штурхалі ВКЛ да больш цеснага дзяржаўнага аб'яднання з Польшчай, да падпісання Люблінскай уніі 1569 г.
ЛІТАРАТУРА
1. Белы А.Я. Да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы. З пошты Рэдакцыі "Наша Нiва" ад 4.11.2008. 2. Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.25. 3. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. - Мн., 2000. С.107-114. 4. Ермашкевич Г.И., Смехович Н.В. История Беларуси. Учебно-методический комплекс. Мн., 2004. С.52 - 56. 5. Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.5-е выд. Мн, 1992. С.86. 6. Материалы глобальной сети Интернет www.Gistbel.ru "Гiсторыя Беларусi" 7. Сагановіч Г.М. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі. ІТОЎСКАГА