I. Засяленне беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей. II. Асноўныя перыяды этнічнай гісторыі Беларусі. III. Усходнія славяне – асноўнае насельніцтва Беларусі. I. Засяленне беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей.
Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося 100 –35 тысяч гадоў таму назад, што пацвярджаюць асобныя знаходкі грубаабабітых прылад працы, выяўленых каля вёсак Свяцілавічы на Бесядзі і Абідавічы на Дняпры (Быхаўскі раён). Сярод матэрыялаў Падлужскай стаянкі (Бердыж на Сожы ў Чачэрскім раёне) археолагам сустрэліся востраканечнік, адшчэпы, ядрышчы з крэменю. Яны адносяцца да мусцьерскай культуры, якая названа на пячоры Ля – Мусцье ў Францыі. Гісторыкі лічаць, што неандэртальцы – мусцьерцы праніклі на беларускія землі па далінах “прарэк” з дняпроўскага Надпарожжа, бассейна Дзясны або Закарпацця. Вандроўкі мусцьерцаў адбываліся ў сярэдзіне палеаліта, які прыпадаў на ледавіковую эпоху. У час яе адбылося некалькі абледзяненняў, змяняўшыхся пацяпленнямі. Каб выжыць у надзвычай суровых умовах прыледавіковай зоны, неандэртальцы развівалі своеасаблівую мусцьерскую культуру: удасканалілі вытворчасць прылад працы, навучыліся здабываць і падтрымліваць агонь, будаваць прымітыўныя жытлы, авалодалі спосабамі палявання на буйных жывел. Праабшчыны неандэртальцаў ужо клапаціліся аб суродзічах, хавалі памершых, ажыццяўлялі калектыўныя работы. Эпоха позняга (верхняга) палеаліта пачалася 38 – 35 тысяч гадоў назад. Людзей гэтага часу называюць неаантрапы, ці краманьёнцы (ад пячоры Кро – Маньён у Францыі). На Гомельшчыне выяўлены дзве верхнепалеалітычныя стаянкі: Юравічы на Прыпяці і Бердыж на Сожы. Іх узрост адпаведна 26 і 23 тысячы гадоў. Пры раскопкахЮравіцкай стаянкі ў Калінкавіцкім раёне знойдзены рэшткі 15 – 20 мамантаў, першабытнага быка, дзікага каня, пясца і 60 крамянеў з прыкметамі апрацоўкі. Нешматлікі інвентар помніка мае прыкметы мадленскай культуры, “усходняга гравета”, якія звыклыя для цэнтральнай Еўропы. На стаянцы Бердыж меліся рэшткі двух ці трох жытлаў верхнепалеалітычнай абшчыны, якія дасягалі ў папярэчніку5 – 6 метраў і мелі авальную форму. Пры раскопках выяўлены 1800 костак мамантаў, рэшткі другіх жывёл 19 відаў, каля 640 апрацаваных крамянёў. Сярод знаходак вылучаюцца своеасаблівыя (з выняццем) наканечнікі коп’яў і пласцінкавыя нажы. Гэта дало падставу археолагам сцвярджаць, што Бердыж з’яўляецца адгалінаваннем касценкаўскай культуры, якая існавала ў басейне Дона. Калі наступілі занадта жорсткія халады, людзі пакінулі тэрыторыю Беларусі амаль на 10 тысяч год. Жыццё працягвалася далека да поўдня – ў басейне Дзясны (стаянкі Елісеевічы, Мезін, Юдзінава), на сярэднім Дняпры, берагах Днястра і Гарыні. Верагодней за ўсё, з гэтых месцаў вярталіся потым іх нашчадкі – па шляхах продкаў, калі наступіла познеледавікоўе (15 – 14 тысяч гадоў назад). Менавіта тады тэрыторыя Беларусі канчаткова ўвайшла ў склад абласцей, якія заселены чалавекам – айкумену. Паляўнічыя на паўночнага аленя, плямёны свідэрскай культуры (па в. Свідэр каля Варшавы) надоўга занялі яе заходнюю частку, прылеглыя раёны Валыні. Каля 8500 – 8300 гадоў да н.э. скончылася ледавіковая эпоха, у гісторыі жыхароў Еўропы пачаўся мезаліт. Адбылося змяненне клімату, стварыліся вялікія абшары лясоў, з’явіліся паўнаводныя рэкі, на берагах якіх сяліліся людзі. У Беларусі вядома каля 120 мезалітычных стаянак (на берагах Заходняга Буга, Прыпяці, Ясельды, Немана, Дняпра, Сожа, Бярэзіны). Гісторыкі лічаць, што ў гэты час у далінах буйных рэк жыло ўжо першае сталае (аўтахоннае) насельніцтва. На тэрыторыі Беларусі ўтварыліся тры вобласці, ў якіх вытворчасць крамянёвых прылад набыла істотныя адрозненні. У заходняй і ўсходняй абласцях панавала макралітычная тэхналогія, вырабляліся грубаабабітыя рубячыя прылады розных тыпаў. Трэцюю вобласць – паміж імі – засялялі плямёны, валодаўшыя мікралітычнай тэхналогіяй (вырабы з маленькіх крамянёвых пласцінак). Якія этнічныя і культурныя з’явы былі адлюстраваны гэтым тэрытарыяльным падзелам старажытнай вытворчасці, гісторыкамі канчаткова не высветлена. Але вядома, што для кожнай вобласці характэрны пэўныя археалагічныя культуры. На захадзе працягвалася развіццё свідэрскай культуры, на ўсходзе існавала грэнская і склалася сожская культура макралітаў, на поўдні – паўднёвая мікралітычная культура, якая распаўсюдзілася па паўднёваму ўсходу нават да цэнтральнай Беларусі. Каменны век завяршаецца эпохай неаліту, які пачаўся на Беларусі каля 4500 – 4000 гадоў да н.э. Адметная рыса гэтай эпохі – выраб глінянага посуду. Неаліт на Беларусі – гэта перш за ўсё гісторыя плямён з грабенчатай керамікай. На тэрыторыі Беларусі ў гэты час існавала вялікая этнічная і культурная супольнасць, у якую ўваходзілі плямёны чатырох культур: нёманскай, днепра – данецкай, верхнедняпроўскай і нарвенскай. Неманская культура была на абшары, які ахопліваў вярхоўі Прыпяці, амаль усё Панямонне і часткова басейн Віслы. Для яе характэрны выраб гаршкоў з высокай канічнай ніжняй часткай, пакрытых дыяганальнымі, трохвугольнымі ўзорамі, папярэчнымі стужкамі, насечкамі, шнуравымі водціскамі. Выключным помнікам культуры з’яўляюцца Краснасельскія шахты па здабычы крэменю (Ваўкавыскі раён), у адной з якіх знойдзены рэшткі шахцёра. Днепра – данецкая культура мела арэал ва Ўсходнім Палессі, у нізоўях Бярэзіны і Сожа, сярэднім Падняпроўі і абшарах да р.Данец. Гліняны посуд гэтай культуры звычайна нізкі, шыракагорлы, з высокай канічнай прыдоннай часткай, аздоблены багатым арнаментам ускладнена – геаметрычнай формы, з рознымі фігурамі, лапчастымі наколамі. Людзі днепра – данецкай культуры былі высакарослыя, моцныя, з шырокім тварам – тыповыя паўночныя еўрапеоіды. Верхнедняпроўская (рагачоўская) культура існавала ў басейне Верхняга Дняпра на поўнач ад Іпуці і вусця Бярэзіны, ахоплівала міжрэчча і абшары ў напрамку да Акі і Валдая. Кераміка была прадстаўлена даволі высокімі гаршкамі з нізкай канічнай або яйкападобнай доннай часткай і тоўстымі, груба загладжанымі сценкамі, амаль уся паверхня якіх пакрыта аднастайнай арнаментацыяй (авальнымі ямкамі, лапчастымі адбіткамі, грабенчатымі штампамі). Нарвенская культура была распаўсюджана ў паўночнай частцы тэрыторыі Беларусі. У яе арэал уваходзіла Беларускае Паазер’е ад басейна Віліі да міжрэчча Дзвіны і Дняпра на поўнач ад Воршы, а таксама амаль уся Прыбалтыка. Для нарвенскай культуры характэрны нізкія гаршкі з высокай канічнай або яйкападобнай доннай часткай, арнаментаваныя рэдкімі папярочнымі стужкамі або радамі з насечкамі, наколамі, ямкамі, дробназубчатымі адбіткамі. З цягам часу ў басейне Сожа з’явіліся паселішчы з ямачна – грабенчатай керамікай, характэрнай для фінаугорскага насельніцтва басейнаў Дзясны і Акі. У выніку далейшага рассялення з паўночнай часткі цэнтральнай Еўропы на тэрыторыю Беларусі прыйшлі плямёны культуры лейкападобных кубкаў, а потым у выніку шэрагу пераўтварэнняў склалася культура шарападобных амфар. Адносна этнічнай прынадлежнасці дзвюх культур думкі даследчыкаў разыходзяцца, але бясспрэчна, яны належалі паўночным еўрапеоідам, якія маглі размаўляць на даіндаеўрапейскай мове. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва частка родаў была нярэдка вымушана аддзяляцца і пераходзіць на новыя месцы. Паступова стваралася група плямён, якія размаўлялі на блізкіх мовах, адбываліся складаныя этнічныя працэсы. Яны суправаджаліся культурнымі і моўнымі запазычаннямі і часам прыводзілі да асіміляцыі асобных іншамоўных плямён. У эпоху неаліту пачалі утварацца значныя этнічныя супольнасці, якія насялялі выразна акрэсленыя вобласці і адрозніваліся як матэрыяльнай культурай, так і сваеасаблівасцямі духоўнага жыцця – культаў, уяўленняў, звычаяў і традыцый.
II. Асноўныя перыяды этнічнай гісторыі Беларусі.
Вывучэнне розных літаратутных крыніц па гісторыі Беларусі прыводзіць да высновы аб адсутнасці дакладнай перыядызацыі фарміравання беларускага этнасу. У выніку самастойнага аналізу маючыхся матэрыялаў у этнічнай гісторыі старажытнай Беларусі можна выдзеліць наступныя перыяды: 1. Мусьцьерскі (неандэртальскі) – 100 – 35 тыс. гадоў таму назад. 2. Краманьёнскі – 35 – 15 тыс. гадоў назад. 3. Познеледавіковы – 15 – 14 тыс. гадоў назад – 8500 – 8300 гадоў да н.э. 4. Мезалітычны (перыяд стварэння першага аўтахоннага насельніцтва) – 8500 – 4500 гадоў да н.э. 5. Неалітычны (перыяд фарміравання першых этнічных супольнасцей, ці даіндаеўрапейскі) – 4500 – каля 2000 гадоў да н.э. 6. Індаеўрапейскі – 2000 – 700 гадоў да н.э. 7. Балцкі – 700 гадоў да н.э. – VIII ст. н.э. 8. Славянскі (перыяд балта – славянскага сінтэзу і прабеларускіх ўтварэнняў) – VI – XIII стст. Трэба адзначыць, што 5 пачатковых перыядаў складаюць вялізную па працягласці часу эпоху засялення тэрыторыі Беларусі старажытнаеўрапейскімі плямёнамі, у выніку якой пачалі стварацца першыя этнічныя супольнасці. Паколькі асноўныя падзеі этнагенэзу гэтай эпохі намі ўжо разгледжаны, засяродзім увагу на характарыстыцы трох апошніх перыядаў. З пачатку бронзавагу веку тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў арэал культур шнуравой керамікі, што адбылося ў выніку магутнай хвалі рассялення індаеўрапейскіх плямён, якія выраблялі баявыя сякеры і шнуравую кераміку. На працягу доўгага часу адбывалася змешванне індаеўрапейцаў з мясцовым насельніцтвам. У выніку светлавокія і русавалосыя мясцовыя жыхары генетычна асімілявалі прышэльцаў. Адначасова перамагла больш развітая індаеўрапейская мова, прыстасаваная да новых форм гаспадаркі і грамадскага ладу. У раннім жалезным веку на тэрыторыі, Беларусі знаходзілася некалькі вялікіх груп плямён са сваімі асобнымі прыкметамі матэрыяльнай культуры і рытуалам пахавання. Паўднёвую Беларусь засялялі плямёны мілаградскай і паморскай культур, пазней на іх месцы склалася зарубінецкая культура. У сярэдняй і паўночнай частцы рэспублікі была пашырана культура штрыхаванай керамікі і днепра – дзвінская. Пытанне аб генезісе гэтых культур не мае адназначнага вырашэння. Аднак большасць вучоных лічаць мілаградскую культуру балцкай, а паморскую – культурай ранніх славян. Зарубінецкая культура прыцягвае ўвагу даследчыкаў у сувязі з загадкавай яе роляй у этнічнай гісторыі Ўсходняй Еўропы. Адны даследчыкі лічаць зарубінецкія плямёны продкамі славянскага насельніцтва Падняпроўя, другія – плямёнамі з асобным дыялектам, які займаў прамежкавае палажэнне паміж славянскай мовай і заходне – балцкімі гаворкамі, паводле трэцяй думкі гэта культура мае рысы гала – германскага паходжання. Этнічная прыналежнасць плямён культуры штрыхаванай керамікі звязваецца аднымі вучонымі з усходне – літоўскімі плямёнамі, іншыя лічаць, што яна належала усходне – балцкім плямёнам, якія зніклі, не пакінуўшы пасля сябе назвы. Ва ўсіх гістарычных крыніцах адзначаецца адзіная думка аб прыналежнасці плямён днепра – дзвінскай культуры да балта – моўнага насельніцтва. Пры раскопках гарадзішчаў на крайняй поўначы Беларусі знойдзены рэшткі тэкстыльнай керамікі, якая належала плямёнам дзякаўскай культуры, што сведчыць аб наяўнасці змешанага насельніцтва з балтаў і фіна – уграў. Не выпадкова і назвы некаторых рэк і азёр на Віцебшчыне належаць да тыповай прыбалтыйска – фінскай тапаніміі. Навогул, даныя гідранімікі паслужылі адным з аргументаў для вываду, што на тэрыторыі Беларусі прыкладна да сярэдзіны I тысячагоддзя нашай эры і яшчэ пазней жылі балтамоўныя плямёны. У гістарычнай літаратуры ёсць звесткі пра тое, што ў сярэдзіне I тыс. н.э. на грунце ранейшых лакальных культур склалася адзіная балцкая культура, якая ў навуцы атрымала назву банцараўскай. Але паколькі этнічны склад насельніцтва V – VIII стст. у цэнтральнай і паўночнай Беларусі канчаткова не вызначаны, гэта дае падставу некаторым даследчыкам меркаваць, што ў фарміраванні банцараўскай культуры ўдзельнічалі таксама славянскія плямёны, якія ў гэты час пачалі з’яўляцца на балцкіх землях.Застаецца нявырашаным і пытанне аб этнічнай прыналежнасці калочынскай культуры, якая распаўсюдзілася ў трэцяй чвэрці I тысячагоддзя на тэрыторыі гомельска – магілёўскага парэчча Дняпра і Сожа, вярхоўях Сулы, Сейма, басейна ніжняй Прыпяці. Шэраг даследчыкаў уключае яе ў балцкі этна – культурны масіў, іншыя гавораць аб славянскім характары калочынскіх помнікаў, трэція лічаць гэтую культуру вынікам балта – славянскага сінтэзу. Гэтая думка дае падставу меркаваць аб тым, што ў VI – VIII стст. асноўную тэрыторыю Беларусі займалі плямёны ўсходніх і дняпроўскіх балтаў, у асяроддзе якіх усё больш пранікалі славяне. Масавае засяленне беларускіз зямель славянскімі плямёнамі пачалося на рубяжы VI – VII стст., аб чым сведчаць помнікі славянскай культуры, знойдзеныя ў паўднёвай частцы Беларусі. Першапачаткова балты і славяне жылі побач, аднак паступова пачалі змешвацца паміж сабой, у выніку чаго сфарміраваўся антрапалагічны тып, які спалучаў балта – славянскія рысы. Абагульненне вялікага матэрыялу археалагічных раскопак, даных антрапалагічнай, лінгвістычнай, этнаграфічнай навук прывяло вучоных да стварэння тэорыі субстратнага паходжання беларусаў, сутнасць якой заключаецца ў тым, што ў выніку славянізацыі балцкага насельніцтва намецілася аддзяленне часткі ўсходнеславянскіх плямён і станаўленне на працягу VIII – XIII стст. беларускага этнасу. У складаным этнагенетычным працэсе на тэрыторыі Беларусі ў II палове I тысячагоддзя н.э. гісторыкі выдзяляюць 3 стадыі. Да першай адносяцца археалагічныя помнікі банцараўскай культуры і культуры доўгіх курганоў паўночнай Беларусі VI –VII стст. Другая стадыя датуецца VIII – IX стст. і характарызуецца больш інтэнсіўным пранікненнем славян у асяроддзе мясцовых плямён. Трэцяя стадыя адносіцца да X – XI стст., калі моцна павялічваецца колькасць усходнеславянскага насельніцтва, узнікаюць гарады, славяне становяцца асноўным насельніцтвам краю.
III. Усходнія славяне – асноўныя насельнікі Беларусі.
У выніку славяна – балцкага сінтэзу ў VIII – X стст. у Верхнім Падзвінні і Падняпроўі сфарміраваліся новыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці, у культуры і мове якіх перапляліся славянскія і балцкія элементы. Гэта былі якасна новыя, прабеларускія ўтварэнні. Увабраўшы ў сваю культуру шэраг балцкіх элементаў, яны адрозніваліся спеціфічнымі рысамі славянскай культуры. На тэрыторыі Беларусі ўстойлівымі этнаграфічнымі аб’яднаннямі сталі крывічы – палачане, дрыгавічы, радзімічы, якія ўяўлялі сабой не плямёны, а склаўшыеся протанароднасці і адначасова пачатковыя дзяржаўныя ўтварэнні (протадзяржавы). Крывічы – вялікае аб’яднанне плямён, якія жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Назву “крывічы” даследчыкі выводзяць па – рознаму: ад прозвішча старэйшага роду Крыў, ад слова “крэўныя” (блізкія па крыві), ад язычніцкага первасвяшчэнніка Крыва – Крывейтэ, ад перасечанай мясцовасці (крывізна). Працэсс фарміравання крывічоў – вынік асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходне – фінскіх плямён, паступова славянізаваных. У канцы I тыс. н.э. аб’яднанне крывічоў распалася на 3 групы: полацкую, смаленскую, пскоўскую. Для полацкіх крывічоў, ці палачан, як яны абазначаны ў пісьмовых крыніцах, характэрна культура доўгіх курганоў паўночнай Беларусі, у якой прысутнічае шмат этнаграфічных элементаў усходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры, таму ў этнаграфічных адносінах звычайна разглядаюцца як полацка – смаленская група плямён. У полацкіх крывічоў у VIII – IX стст. Узніклі ўмацаваныя паселішчы, на аснове якіх потым сфарміраваліся гарады. У “Аповесці мінулых часоў” крывічы названы пад 859 г. Яны плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы прагналі варагаў за мора, аднак потым запрасілі да сябе варажскіх князёў. Пад гэтым годам у летапісу ўпершыню ўпамінаецца Полацк, адзначаецца, што варагі ў ім прышлыя, а заснавалі горад крывічы. У X ст. на аснове племяннога княжання крывічоў склалася буйное Полацкае княства – самастойная дзяржава на тэрыторыі паўночнай Беларусі. Да яе належылі гарады: Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў, Менск, Ізяслаўль, Лагойск, Орша, Копысь, Барысаў. Насельніцтва Полацкай зямлі і прадстаўнікі мясцовай дынастыі князёў названы “крывічамі” ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гг. Адначасова ў старажытных летапісах ужываецца тэрмін “палачане”. Паводле тлумачэння летапісца, гэтая назва паходзіць ад ракі Палата – правага прытока Заходняй Дзвіны, ля вусця якога заснаваны Полацк. Дрыгавічы, як устаноўлена ў выніку археалагічных даследаванняў, займалі тэрыторыю на ўсходзе да Дняпра, на поўначы да лініі гарадоў Заслаўя, Лагойска, Барысава, паўднёвая іх мяжа знаходзілася крыху на поўдзень ад Прыпяці, а ў напрамку на захад мяжа пераходзіла Заходні Буг. Найбольш распаўсюджана думка, што назва “дрыгавічы” паходзіць ад слова “дрыгва” (балота), паколькі дрыгавічы былі жыхарамі сырой, балоцістай мясцовасці. Выказваюцца таксама меркаванні, што гэта найменне ўтварылася ад асабовага імя Драг ці Драгавіт. Летапісец называе дрыгавічоў сярод этнічных груп, якія мелі “сваё княжанне” яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі. Племянное княжанне дрыгавічоў доўгі час захоўвала незалежнасць. Але паўночныя раёны дрыгавіцкай тэрыторыі рана ўвайшлі ў склад Полацкай зямлі і пазней тут утварылася Менскае княства. У “Аповесці мінулых часоў” дрыгавічы згадваюцца пад 1116 годам, калі менскі князь Глеб “спустошыў быў дрыгавічоў”. У апошні раз дрыгавічы названы ў летапісе пад 1149 годам у сувязі з тым, што гарады “Слуцк, Клецк і ўсе дрыгавічы” часова апынуліся пад уладай чарнігаўскага князя. На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў узніклі гарады Тураў, Пінск, Берасце, Слуцк, Клецк, Рагачоў, Мазыр, Драгічын Надбужны, Капыль, Давыд – Гарадок, у канцы X ст. склалася Тураўскае княства. Паўднёва – ўсходняя частка земляў дрыгавічоў увайшла ў Кіеўскае княства. Радзімічы – усходнеславянскаяэтнічная супольнасць, землі якой размяшчаліся ў паўднёва – ўсходняй частцы сучаснай Беларусі (усход Гомельскай і Магілёўскай абласцей), а таксама ў заходніх раёнах Бранскай і паўднёва – заходніх раёнах Смаленскай абласцей. На тэрыторыю Беларусі, такім чынам, прыходзіцца больш паловы асноўных радзіміцкіх зямель. Як сказана ў летапісе, назва этнічнай супольнасці паходзіць ад імя Радзім, на чале з якім радзімічы прыйшлі з прапольскіх (ляшскіх) зямель. Папярэднікамі радзімічаў у Пасожжы былі носьбіты калочынскай археалагічнай культуры V – VIII стст. Амаль да канца X ст. радзімічы жылі самастойна і выплачвалі даніну спачатку хазарам, а потым Кіеву. У 984 годзе самастойнасці радзімічаў прыйшоў канец. У летапісах апавядаецца пра паход кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, у выніку якога радзімічы былі разбіты на рацэ Пяшчань (у ваколіцах Слаўгарада). З XI ст. тэрыторыя радзімічаў была ў складзеЧарнігаўскага княства, з XII ст. яе паўночная частка знаходзілася пад уладай Смаленска. Да XII ст. адносяцца пісьмовыя звесткі аб гарадах на зямлі радзімічаў: Гомелі, Крычаве, Слаўгарадзе, Чачэрску. Апошні раз у летапісе радзімічы ўпамінаюцца пад 1169 годам. Канчатковае завяршэнне асіміляцыі крывічамі – палачанамі, дрыгавічамі, радзімічамі ўсходне – балцкага насельніцтва адбывалася ва ўмовах фарміравання тэрыторыі Кіеўскай Русі, зараджэння феадальных адносін. Усходнія славяне з канца I тысячагоддзя знаходзіліся на ступені ўзнікнення класавых адносін, упраўляліся старэйшынамі, князямі. Іх галоўным заняткам было земляробства. Пры археалагічных раскопках атрыманы доказы існавання ворыўнага земляробства, выкарыстоўвання для апрацоўкі зямлі, сахі і рала. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з’яўляліся жыта, проса, пшаніца, ячмень, лён, былі таксама вядомы бабы, гарох, чачавіца, рэпа. Важнае месца ў гаспадарцы ўсходніх славян займала жывёлагадоўля (развядзенне буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней). Распаўсюджаны былі лясныя і рачныя промыслы (паляванне, бортніцтва, рыбная лоўля). Развіваліся рамёствы: ткацтва, ганчарства, будаўніцтва жылля і інш. Старажытныя светапогляды ўсходніх славян праяўляліся ў язачніцкіх рэлігійных вераваннях, светкаванні “дзядоў”, раданіцы, правядзенні абрадаў каляндарнага цыкла: гукання вясны, купалля, каляд. Многія з гэтых традыцый сталі прыкметнай рысай культуры беларускага этнасу. У II палове XII – пачатку XIII ст. назіраецца ўтварэнне некалькіх групп зямель, унутры якіх зараджаліся эканамічныя і культурныя ўзаемасувязі і намецілася выдзяленне вялікарускай, украінскай і беларускай народнасці. У адной з гэтых груп кансалідаваліся Полацкая , Менская, Смаленская, Тураўская, Пінская, Гродзенская, Наваградская землі, дзе ствараліся этнічныя, гаспадарчыя, культурныя ўмовы для фарміравання беларускай народнасцей, складвалася беларуская мова. Такім чынам, у выніку нялёгкай спробы прааналізаваць пытанне аб фарміраванні беларускага этнасу можна зрабіць наступныя высновы: 1. Фарміраванне беларускага этнасу – гэта складаны, працяглы гістарычны працэс, наконт якога ў археолагаў і гісторыкаў няма адзінай думкі. 2. На беларускі этнагенез аказала ўплыў стварэнне спрыяльнай для жыцця чалавека прыродна – кліматычнай зоны з багатымі зверам лясамі, паўнаводнымі рэкамі і азёрамі, родасховішчамі крэменю, што вабіла на гэтыя землі старажытныя плямёны. 3. Беларускі этнас – гэта вынік складанага сінтэзу шматлікіх старажытнаеўрапейскіх, фіна – угорскіх, індаеўрапейскіх (у тым ліку балцкіх), славянскіх плямён, аб чым сведчаць разнастайныя археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Беларусі, якія археолагі адносяць да розных археалагічных культур, а таксама шматлікія тапанімічныя назвы і даныя антрапалогіі. 4. Аснову насельніцтва Беларусі ў VIII – XIII ст.ст. складалі ўсходнеславянскія аб’яднанні крывічоў – палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія сталі этнічным ядром фарміравання беларускай народнасці. Літаратура 1. Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды. 2-е выд.–Мн., 2001. С.10–46. 2. Загарульскі Э.М. Заходняя Русь. IX–XIII стст.–Мн., 1998. С.5–37. 3. Нарысы гісторыі Беларусі.: У 2 ч. Ч.1.–Мн., 1994. С.9–91. 4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1–6.–Мн., 1991–2001.